Ілюстрацыйны здымак. Фота https://comments.ua

У Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці абавязалі ўсіх насіць маскі ў грамадскіх месцах.

Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі зацвердзіў план дадатковых мерапрыемстваў па мінімізацыі рызыкі завозу і распаўсюджвання COVID-19. Цяпер у раёне ўведзены масачны рэжым.

Згодна з прынятым рашэннем кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый забаронена абслугоўванне наведвальнікаў, якія не карыстаюцца маскамі. Уведзена таксама абмежаванне колькасці пакупнікоў, якія адначасова могуць знаходзіцца ў крамах, аб’ектах грамадскага харчавання, аптэках, аддзяленнях банкаў, сувязі, пошты і іншых з улікам неабходнасці падтрымання мераў сацыяльнага дыстанцыянавання.

Дарэчы, падобныя меры яшчэ напачатку красавіка былі ўведзены ў суседняй Польшчы. І ўжо 30 мая Польшча аб’явіла аб іх значным змякчэнні.