Юры Ганцэвіч. Фота з асабістага архіва фермера.

15 мая Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу фермера з Гомельскага раёна Юрыя Ганцэвіча. Як толькі пра гэта стала вядома, я патэлефанаваў яму, каб узяць інтэрв’ю. Юрый стаў аднеквацца, прапанаваў перанесці размову на наступны дзень. Спаслаўся на тое, што прыехаў са сталіцы, не выспаўся, пачувае сябе не надта добра. Што ж, бывае…

Назаўтра Ганцэвіч стаў казаць, што яму не да інтэрв’ю.

– У мяне гаспадарка – каровы, козы. Столькі працы! Я наогул не хачу, каб да мяне прыязджалі, фатаграфавалі.

Пярэчу: як жа так, замахнуцца на вышэйшую пасаду ў дзяржаве і цурацца публічнасці – нейкая несусвеціца атрымліваецца. Юрый сваё: ён не дома, а ў іншым горадзе, за ім цікуюць, але хто і з якой нагоды – не ўдакладніў. І тэлефон яго нібыта «слухаюць», бо чуе папіскванне. Маўляў, мы дамовімся пра сустрэчу, а «яны наедуць і заграбуць».

– Вы гэтага для мяне хочаце? – з крыўдай у голасе паўтараў фермер.

Бачыць бог, я дакладна не хацеў, каб яго «заграблі», таму пагадзіўся на працяг дыялогу ўвечары ў Facebook. Нават напісаў тузін пытанняў, каб патэнцыяльнаму кандыдату ў прэзідэнты было лацвей арыентавацца ў сутнасці будучай размовы.

Знаёмства

Тут мушу зрабіць невялікае адступленне. Пазнаёміліся мы з Юрыем Ганцэвічам у верасні мінулага года. Адбылося гэта на перадвыбарным пікеце грамадскага актывіста Уладзіміра Непомняшчых, які балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў, а сёлета, як і Ганцэвіч, таксама сфарміраваў ініцыятыўную групу, каб збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.

У той вераснёўскі дзень Юрый прыехаў на пікет у цэнтр горада паглядзець, як гэта – арганізоўваць падобныя вулічныя акцыі, а заадно і заявіць пра сябе, бо таксама наважваўся стаць дэпутатам. Я нават дапамог яму сфармуляваць па-беларуску адзін з лозунгаў пра незайдроснае жыццё фермера. А Юрый у сваю чаргу адшкадаваў мне сваю перадвыбарную ўлётку.

Учытвацца ў напісанае часу не было. Аднак кінулася ў вочы непісьменнае афармленне на рускай мове невялікага тэксту, адсутнасць знакаў прыпынку, няўцямны змест перадвыбарнай праграмы пад агульнай шапкай «Інтарэсы». Але яшчэ больш здзівіла, што ў размове самавылучэнец у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу выказваў шкадаванне наконт развалу былога Саюза.

Не ў маіх правілах, але тады я нават абурыўся: «Вылучацца ў беларускі парламент і шкадаваць пра Саюз – гэта як? Суверэнітэтам сваёй дзяржавы гандляваць?»

У топ-навінах

Тыдні тры пазней Ганцэвіч патрапіў у топ-навіны байнету. На свой агітацыйны пікет у Гомельскай-Юбілейнай акрузе №31, дзе балатаваўся кандыдатам у дэпутаты, прывёз з суседняй вёскі Пакалюбічы на трактарным прычэпе «музыку», а яшчэ карову і казу.

«Карова – найлепшая ўлётка», – сцвярджаў фермер. Людзі сфатаграфуюць жывёл, зробяць сэлфі, выкладуць усё ў сацыяльныя сеткі – і агітацыя будзе хоць куды!

За Ганцэвіча, як паведамляла пазней акруговая выбарчая камісія, прагаласавалі 4150 чалавек з амаль 50 тысяч гараджан, што прыйшлі на выбары. Гэта 8,3 працэнта. Экзатычная агітацыя няблага кантраставала з высілкамі трох іншых кандыдатаў. Але стаў дэпутатам кіраўнік раённай адміністрацыі.

Падтрымліваў і натхняў Ганцэвіча на парламенцкіх выбарах блогер Сяргей Ціханоўскі. Юрый спадобіўся нават на манер Ціханоўскага заснаваць і весці свой канал на YouTube, які назваў высакамоўна – «Народны дэпутат».

Жывёла даражэй, чым рэпутацыя

Другі раз бачыўся і размаўляў з Ганцэвічам сёлета ў лютым, калі міліцыя прывезла Юрыя з ізалятара часовага ўтрымання ў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Экс-кандыдата ў дэпутаты затрымалі да суда ў будаўнічай краме за дробны крадзеж і на падставе відэазапісаў з камер назірання склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

Ганцэвіч выглядаў стомленым і разгубленым. Скардзіўся, што пачувае сябе блага, бо ў ізалятары «тры дні нічога не еў і не піў». Прасіў таксама зрабіць суд закрытым.

Суддзя Яўген Шаршнёў, які разглядаў адміністрацыйныя пратаколы, перапыніў пасяджэнне. Абвінавачанаму фермеру выклікалі хуткую медыцынскую дапамогу. Ганцэвіча вызвалілі з-пад варты і адпусцілі на двое сутак дахаты для папраўкі стану здароўя. Але ўжо на наступны дзень яго выклікалі ў суд і пакаралі паводле двух пратаколаў адміністрацыйным штрафам у тры базавыя велічыні – 81 рубель.

Юрый так каментаваў рашэнне суда: «Адзін пратакол я прызнаў – не разлічыўся за маток ізаcтужкі і металёвыя вугалкі. Гаворка з аховай будаўнічай крамы спачатку ішла пра суму 6 рублёў з капейкамі, а пасля аказалася, што гэта недзе каля 19 рублёў. Я гатоў быў заплаціць адразу, каб мяне не затрымлівалі. У мяне каля 80 галоў жывёлы, каровам тэрмін цяліцца. Хто іх дагледзіць, калі мяне няма? Будуць раўці на ўсю вёску. Мне жывёла даражэй, чым рэпутацыя».

Паводле расповеду Ганцэвіча, сітуацыя з яго затрыманнем выглядала так: 21 лютага ён прыехаў у будаўнічую краму набыць пыласос. Патрэбнага не знайшоў. Хадзіў, глядзеў іншыя рэчы, размаўляў з кансультантам у секцыі, дзе прадаюць лінолеум.

«Круціліся там каля мяне нейкія людзі, – запэўніваў фермер. – На выхадзе перастрэлі вартаўнікі, патрабавалі паказаць кішэні. Я адказаў: «Не буду гэтага рабіць – глядзіце самі». Яны выклікалі міліцыю. Былі сведкі. З маёй кішэні і дасталі ізастужку і металёвыя вугалкі».

Юрыя завезлі ў аддзяленне міліцыі Чыгуначнага раёна, сталі складаць пратакол. Паказалі яшчэ адзін акт на крадзеж шпінгалетаў. Відэазапіс з камеры назірання глядзелі, але там нельга было толкам нічога разабраць, сцвярджаў фермер.

З біяграфіі

Пасля тых судовых пасяджэнняў мінула крыху больш за два месяцы, і фермер Ганцэвіч ізноў у топ-навінах – заявіў пра свой паход у прэзідэнты.

Адшукаў у папцы «Выбары» мінулагоднюю перадвыбарную ўлётку Юрыя Ганцэвіча. У ёй напісана, што нарадзіўся ён у Гомелі ў 1976 годзе, а ў 1991- м скончыў гарадскую сярэднюю школу №54. Прыкінуў: ого, вундэркінд, у пятнаццаць гадоў скончыў школу. Пішу фермеру ў «прыват»: Юрый Міхайлавіч, патлумачце.

Высветлілася, што ў 1991-м Юрый скончыў толькі 9 класаў і больш у сярэдняй школе №54 не вучыўся. Абраў працоўную сцежку. Уладкаваўся на Завод радыётэхналагічнага аснашчэння (перайменаваны пазней у «Ратон») вучнем слесара, а праз чатыры месяцы быў пераведзены ў слесары II разраду механазборачных работ.

У маі 1992 года Юрый звольніўся з «Ратона» і выправіўся да дзядулі з бабуляй у Петрыкаўскі раён. Кажа, што на тое былі свае прычыны – рана застаўся без маці. Рос пры бацьку, які быў выкладчыкам музыкі. Ва ўлётцы Юрый піша, што на Петрыкаўшчыне працаваў у калгасе «Міхедавічы» электрыкам, але ў яго працоўнай кніжцы ў запісе пад №5 пазначана: «прыняты на працу ў якасці вучня электрыка II разраду».

Год Юрый Ганцэвіч працаваў у калгасе, а пасля два гады служыў у войску. У лютым 1997 года ён уладкаваўся ў Гомелі касірам-кантралёрам на ўчастак эксплуатацыі платных парковак спецаўтапрадпрыемства па ўтрыманні дарог. 24 чэрвеня таго ж 1997 года атрымаў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, скончыўшы Петрыкаўскую вячэрнюю школу з завочнай формай навучання.

З 1999 года Юрый – прадпрымальнік. Займаўся металаломам. Праз сем гадоў прадпрымальніцтва Ганцэвіч пераключыўся на аграэкатурызм – збудаваў сядзібу «На вадзе» для адпачынку і карпаратываў. На прычаленым да берагу Сожа металічным пантоне сабраў ладны дамок з тэрасай. Рэкламуе, што тут ёсць усе выгоды. Можна нават замовіць прагулкі па рацэ на яхце з рамантычнай назвай «Іяланта».

Прыплод і даход

Адначасова Ганцэвіч заняўся развядзеннем свойскай птушкі і жывёлы – кароў, коз, авечак. Але гэта ўжо не каля ракі, а непасрэдна на сваёй сядзібе ў вёсцы Пакалюбічы.

Юрый Ганцэвіч, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта: «Універсітэтаў я не канчаў, яны мне без патрэбы...»
Юрый Ганцэвіч у сябе на ферме. Фота з асабістага архіва фермера
Юрый Ганцэвіч, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта: «Універсітэтаў я не канчаў, яны мне без патрэбы...»
Фота з асабістага архіва фермера

Я папрасіў Юрыя ахарактарызаваць ягоную «фермерскую гаспадарку», паколькі ён называе сябе не толькі «суб’ектам аграэкатурызму», але і «фермерам».

– Ну што сказаць? Сёлета каровы пацяліліся, ёсць прыплод, цяляткі. Дойных кароў чатыры. Колькі даюць яны малака, не скажу. Але яго хапае для сябе. Лішкі прадаю, каб купіць паліва і запчасткі для тэхнікі. Жывёла – гэта яшчэ і гной. І на ім можна
зарабіць, – кажа Ганцэвіч.

Пішу фермеру: вось станеце кандыдатам у прэзідэнты – што адлюструеце ў дэкларацыі аб даходах?

– Даход за мінулы год у мяне невялікі. Продаж лішкаў малака і гною пацвердзіць дакументальна не магу. Агратурызм? У людзей грошай на агратурызм няма, адпаведна і я даходу з сядзібы «На вадзе» не маю. У дакрызісны час было лепей. Калі балатаваўся летась кандыдатам ў дэпутаты, то запісаў, што мой афіцыйна пацверджаны даход за 2018 год склаў 2616 рублёў, – з жалем падсумоўвае фермер.

«Спецыяліст ва ўсіх галінах»

Цікаўлюся ў Ганцэвіча праз перапіску, спецыялістам у якой галіне ён сябе лічыць.

– Я як бы спецыяліст ва ўсіх галінах. Мне ўсё цікава. Я як бы Кулібін, самавучка. Я ўсюды набіраюся досведу. Калі першы раз не атрымліваецца, атрымаецца другі. Універсітэтаў я не канчаў, яны мне без патрэбы.

Прызнацца, адказы 44-гадовага прэтэндэнта часам не проста здзіўляюць – шакіруюць.

– У сваім жыцці я шмат чаго паспрабаваў: і бізнес, звязаны з металам, і агратурызм. Зараз сельскай гаспадаркай займаюся. Хачу паспрабаваць быць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь ці хоць кандыдатам. Штосьці такога тыпу. Напішыце там, сфармулюйце. Хочацца зрабіць у лепшы бок усё як бы для народа. Таму што на сённяшні дзень у нас толькі закручваюць гайкі ва ўсіх галінах, па ўсіх напрамках.

Удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі Ганцэвічу раіў блогер Ціханоўскі. З іншага боку, сцвярджае Юрый, «народ прасіў». Хто гэты народ, фермер не ўдакладняе. Агучыў толькі, што ў яго ініцыятыўнай групе 170 чалавек. Кіраўнік групы – Таццяна Салашчук.

«Ісці і паказваць сябе»

Палітыкам Ганцэвіч сябе не лічыць. Сцвярджае, што яго паход у прэзідэнты – «гэта проста крык душы».

– Калі цябе не слухаюць чыноўнікі, не чуюць ва ўладных структурах, застаецца куды-небудзь ісці і паказваць сябе: «Вось я такі, раблю штосьці для краіны, спрабую штосьці развіваць. Зрабіце і вы хоць што-небудзь для народа ў лепшы бок!».

«Лепшым бокам» у сельскай гаспадарцы Ганцэвічу бачыцца ўвядзенне «прыватнай уласнасці на зямлю». Цяпер жа, маўляў, фермеру нават у арэнду той зямлі не заўсёды можна дапрасіцца.

Пытаюся ў патэнцыяльнага кандыдата на пост прэзідэнта, як ён ацэньвае 26-гадовае кіраванне Аляксандра Лукашэнкі, раз збіраецца быць яму канкурэнтам на чарговых выбарах.

– Напачатку я падтрымліваў прэзідэнта. Чуў яго словы пра развіццё і падтрымку сельскай гаспадаркі, малога бізнесу, агратурызму. Павёўся, паверыў прэзідэнту, што гэта патрэбна краіне. А чыноўнікі вунь зямлі не даюць, перашкод шмат… Але супраць Лукашэнкі я нічога кепскага не казаў, – запэўнівае фермер Ганцэвіч.

Урэшце спрабую высветліць у гомельскага ўдзельніка прэзідэнцкай кампаніі, ці падзяляе ён думку аналітыкаў наконт рэформы дзяржаўнага ўладкавання Беларусі.

– Не разумею пытання, трэба ўдакладніць, – адклікаецца Ганцэвіч.

Фермер шчыруе ў Пакалюбічах без наёмных работнікаў. Усюды сам. Мае дваіх дарослых дзяцей. З жонкай у разводзе. Калі нечакана Ганцэвіч выйграе выбары, краіна і надалей застанецца без першай лэдзі.

***

Газета “Народная Воля” № 40 (4498)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»