Культавы польскі паэт і спявак Яцак Качмарскі – тэма шостай сустрэчы анлайн-чытанняў польскай літаратуры па-беларуску.

Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ–ХХІ стагоддзяў, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты.

Яцак Качмарскі (1957–2004) – парадаксальная постаць, што стала голасам пакалення і сімвалам руху “Салідарнасць”, але была нашмат глыбейшая і цікавейшая за плоскаць палітыкі.

Паэт-інтэлектуал, натхнёны Брэйгелем і Матэйкам, Феліні і Таркоўскім. Перакладчык і “суаўтар” Уладзіміра Высоцкага, Жака Брэля, Луіса Льяка, Боба Дылана. Аўтар дзясяткаў альбомаў і тысячы старонак тэкстаў.

Андрэй Хадановіч, які пераклаў Качмарскага і разам з беларускімі музыкамі запісаў дыск “Муры”, у фармаце лекцыі-канцэрту прадставіць творчасць, прачытае вершы і заспявае песні геніяльнага польскага барда.

Арганізатары мерапрыемства паведамляюць, што лекцыя-канцэрт пачнецца ў прамым эфіры 26 мая ў 17.00 на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку.