Фото https://avatars.mds.yandex.net

У Гомельскім абласным судзе завяршаецца судовы працэс, на якім 23-гадовага Віктара М. абвінавачваюць у асабліва жорсткім забойстве Таццяны Агіевіч, жонкі праваслаўнага святара Георгія з мястэчка Азарычы Калінкавіцкага раёна.

Сёння прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачання падчас выступу на працэсе заявіла, што віна Віктара даказана ў судзе і прасіла суд прызначыць яму 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Маладзёна, апроч жорсткага забойства, судзяць яшчэ і за разбой з пранікненнем у жыллё сям’і Агіевічаў і ўгон транспарту.

Святар Георгій, які з сынам прызнаны пацярпелым у гэтай справе, выказаўся ў спрэчках, што 25 гадоў зняволення замала: «Я б даў больш… Але на ўсё воля Божая». Святар прасіў таксама спагнаць з абвінавачанага маральную шкоду ў памеры 150 тысяч рублёў.

Смерць Таццяны Агіевіч наступіла ад вялікай страты крыві. Жанчыне было нанесена не менш за 16 удараў нажом і мноства ўдараў рукамі і нагамі.

Першапачаткова ў забойстве 42-гадовай Таццяны, якое адбылося позна ўвечаны 1 кастрычніка мінулага года, падазраваўся сам муж-святар. Ён знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення. Міліцыя нават затрымала святара і даставіла ў Гомельскі ізалятар. Але пазней падазраваным у забойстве прызналі Віктара М., ураджэнца вёскі Вязавіца таго ж Калінкавіцкага раёна. Маладзён удзельнічаў у рэканструкцыі царквы ў Азарычах.

Паводле следства, у дзень забойства Віктар пасварыўся са сваёй сяброўкай. Каб даехаць да яе ў іншую вёску, хлопец вырашыў скарыстацца аўтамабілем Volkswagen Transporter, які належаў святару Георгію. Ідучы да Агіёвічаў, Віктар прыхапіў нож, бо ведаў, што “матуля Таццяна” наўрад ці пагодзіцца добраахвотна даць ключы ад аўтамабіля. Так яно і выйшла. Таццяна ключоў не дала, і Віктар напаў на яе з нажом.

Завалодаўшы ключамі ад аўтамашыны, ён забраў у доме Агіёвічаў 20 долараў, 1000 расійскіх рублёў, а таксама смартфон, і паехаў па сваіх справах. Спыніць яго не было каму, бо святар у гэты час моцна спаў.

Землякі ведаюць Віктара як зухаватага маладзёна, які выпівае і “любіць пабушаваць”. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за кражу і хуліганства.

Вырак Віктару М. суд абвесціць у бліжэйшы час.