Рыгор Сітніца. Фота http://www.zviazda.by

Дванаццаць гадоў ён кіраваў Саюзам мастакоў, самай шматлікай творчай арганізацыяй Беларусі, куды ўваходзяць больш за 1000 чалавек. Спачатку быў намеснікам старшыні, а з 2013-га – старшынёй. Сёлета Рыгор СІТНІЦА нарэшце ўздыхнуў з палёгкай, перадаўшы клопатную пасаду іншаму мастаку. І – зранку да вечара – засеў у майстэрні, дзе вольна дыхаецца і плённа працуецца, куды не далятаюць не тое што вірусы, але і гарадскія шумы. Там, у зацішку, мы і сустрэліся, каб пагутарыць пра жыццё-быццё.

– Рыгор, не шкадуеш, што столькі гадоў жыцця аддаў на грамадскія справы?

– Часу на ўсё шкада, не толькі на грамадскія справы. Але ніхто мяне ў кіраўніцтва саюза на лейцах не цягнуў, я сам пайшоў. На апошніх выбарах я атрымаў 90 працэнтаў падтрымкі. Як можна было не пагадзіцца?

Хоць, прызнацца, кіраваць – гэта не маё прызванне. Але рабіў сваю працу, здаецца, даволі эфектыўна. Самае галоўнае – мы пазбеглі расколу, захавалі арганізацыю, яна засталася незалежнай і беларускай. Мы наладжвалі афіцыйныя выстаўкі ў Палацы мастацтва, якія раней цяжка было ўявіць: прысвечаныя юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, памяці расстраляных у Курапатах…

– Чаму вам дазвалялася тое, што забаранялася пры ранейшым кіраўніцтве СМ?

– Проста мы заслужылі аўтарытэт, у тым ліку ва ўлад. Не прыніжаючыся, не кланяючыся. І ніхто па вялікім рахунку ў нашу дзейнасць не ўмешваўся. Нас не дужа хвалілі, але і не дзяўблі. Што давала магчымасць ажыццяўляць задуманыя праекты. Скажам, тут я магу трохі паганарыцца. Помнік войту каля сталічнай ратушы не стаяў бы сёння, калі б я не паклаў на гэта тры гады. І помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку на той жа плошчы Свабоды не з’явіўся б, калі б я з тагачасным намеснікам старшыні Мінгарвыканкама спадаром Карпенкам не вырашыў справу. А прыгадай помнікі Гедыміну ў Лідзе, Альгерду ў Віцебску, Льву Сапегу ў Слоніме – іх рабілі нашы мастакі, яны адліваліся на нашым Мастацкім камбінаце. Мы павесілі мемарыяльную дошку Рыгору Барадуліну, неўзабаве з’явіцца шыкоўная дошка на доме Васіля Быкава – яна ўжо зацверджана гарвыканкамам і адліта.

– У Саюзе мастакоў больш за тысячу сяброў, і, вядома ж, усім дагадзіць немагчыма. Як ты рэагаваў, калі калегі (Алесь Марачкін, Мікола Бушчык, Генадзь Драздоў) папракалі цябе ў цэнзарскіх замашках, калі з нейкіх выставак здымаліся іхнія творы?

– Ніякай цэнзуры ў Саюзе мастакоў пры мне не было! Заўсёды спрэчныя пытанні, калі яны ўзнікалі, вырашаліся на радзе, я ніколі не браў на сябе адказнасць. Сто сяброў Рады прымалі рашэнне, і кіраўніцтва абавязана было яго выконваць. А выпадкі здараліся розныя. Аднойчы мы адкрылі выставу суполкі «Пагоня» – пад воплескі, урачыста. Але як толькі перайшлі ў другую залу, нейкія дзве кабеты на галоўным стэндзе павесілі партрэты зніклых палітыкаў. Мала таго, прыбег нейкі дзядзька і замахнуўся кавенькай на дырэктара палаца Аляксандра Зінкевіча, які тыя партрэты здымаў. Я быў сведкам, не хлушу. Што гэта – мастацкая акцыя? Гэта элементарная правакацыя. Каго вы прыйшлі агітаваць у Палац мастацтва? Хто там не ведае пра Захаранку і Ганчара? Калі вы такія смелыя, ідзіце з партрэтамі на плошчу і там агітуйце.

– А чаму мастакоў нельга агітаваць? Хіба яны не гэткія ж грамадзяне Беларусі, як і ўсе астатнія?

– Агітаваць можна каго заўгодна. Але ў тым канкрэтным выпадку партрэты павесілі людзі, якія ні за што не адказваюць. Лёгка быць змагаром, калі ні за што не адказваеш. Павесіў і – задаволены – сфатаграфаваўся на фоне. А пасля ў інтэрнэце – гвалт: цэнзура!.. Гэта каму мы робім добра? Гэта мы, беларусы, так сабе дапамагаем? Тут дарэчы будзе прыгадаць яшчэ адзін выпадак. Правялі мы конкурс на помнік Дуніну-Марцінкевічу і Манюшку, ужо ён вылеплены быў, але яшчэ не адліты. І раптам з’яўляецца калектыўны ліст, падпісаны беларускімі навукоўцамі. Нават Адам Восіпавіч Мальдзіс яго падпісаў, відаць, не ўнікнуўшы ў сутнасць справы. У лісце гаварылася, што нельга садзіць на адной лаўцы Манюшку і Дуніна-Марцінкевіча, бо яны не сябравалі, адзін у другога грошы пазычыў і не аддаў, ды і лавак такіх у Мінску ніколі не было (а там ліра пасярэдзіне – як сімвал мастацтва). Маўляў, кожны з іх заслугоўвае асобнага помніка… І ўсё. І на два гады справа тармазнулася. Ледзь я яе потым з месца зрушыў, успомніўшы, што ў свой час была пастанова Савета
міністраў аб ушанаванні памяці Дуніна-Марцінкевіча, і яе трэба выканаць.

– Помнік, па-мойму, выдатны, за што дзякуй скульптарам Льву і Сяргею Гумілеўскім! А яшчэ ён надзвычай удала прывязаны да месца – стоячы каля помніка, можна амаль усю біяграфію Манюшкі расказаць і паказаць: тут ён жыў, там вучыўся, тут маліўся, а там оперы ставіў… Для любога твора мастацтва важны кантэкст, у які яго змяшчаюць. А дзе твае карціны вісяць у ідэальных умовах?

– У Нацыянальным мастацкім музеі вісіць адна графічная праца. Мне гэта грэе душу. А ўсё астатняе набытае музеямі – пераважна ў запасніках, чакае свайго часу. Што да найлепшай экспазіцыі маіх твораў, то адбылася яна два гады таму ў Пекіне. З дзясятак маіх твораў набыў дыпламат і калекцыянер Франц Салес Грыль з Мюнхена. У яго больш за 4000 твораў сусветнай графікі – арыгіналы Шагала, Далі, Пікаса, Вазарэлі… З беларусаў ён вылучыў двух – мяне і Валерыя Славука.

– Сучаснае мастацтва ўсё далей адыходзіць ад рэальнасці, у галерэях ладзяцца сумніўныя перформансы, што-кольвечы расшалопаць у якіх дадзена далёка не кожнаму. Як ты да іх ставішся?

– Я спрабую зразумець розныя стылі і спосабы выказвання. Але, наглядзеўшыся рознага, прыдумаў для сябе такі іранічны лозунг: запішыце мяне ў рэтраграды! Сённяшні мастацкі дыскурс дазваляе любому няўмеку заявіць, што ён мастак. Няважна, што ён намалюе. Ды і маляваць неабавязкова. Можна, скажам, прыбіць сябе за інтымную частку цела да бруку на Краснай плошчы ў Маскве, як зрабіў адзін творца. Я аднойчы паспрабаваў дыскутаваць з адным канцэптуалістам, дык ён мне ледзь вочы не выдраў: «В искусстве нет и не может быть морали!» Як жа так? Напрыклад, я прыйшоў у галерэю і плюнуў на сцяну. Што гэта? Хамскі ўчынак. Але калі я напішу старонку-дзве малаўцямнага тэксту з цытатамі з Ніцшэ і Фрэйда – гэта адразу стане «канцэптуальным мастацтвам»… Неяк я на тэлебачанні наглядна паказаў, як яно робіцца. Узяў газету, пашкуматаў яе, паставіў стаўбурком і назваў – «Інфармацыйны выбух». Толькі, кажу, трэба яшчэ «канцэпцыю» напісаць.

– Як тут не згадаць маладога мастака, які летась стаў голым пасярод Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва, павесіўшы сабе на далікатным месцы шыльдачку «Міністэрства культуры».

– Між іншым, гэта сын нашага вядомага жывапісца Аляксея Кузьміча. І ў розных рэйтынгах яго «твор» быў названы «мастацкай з’явай года»! Мне вельмі падабаецца, як па-славацку гучыць мастацтва – умецтва. Мастак усё ж павінен умець рукамі зрабіць тое, што ніхто не зможа. А калі не ўмее, то займаецца чорт ведае чым. Ёсць у Германіі такі Гюнтэр фон Хагенс, ён працаваў патолагаанатамам. Пабачыў, што трупы часам нікім не запатрабаваны, і пачаў рабіць з іх… скульптуры. Цяпер ён сусветная зорка мастацтва, ездзіць з выстаўкамі па ўсім свеце… Свабода творчасці, усе шлюзы адкрыты. Думаю, усё гэта яшчэ адгукнецца чалавецтву. Ды ўжо адгукаецца – COVID-19 аднекуль жа ўзяўся. «Бог не спіць!» – як напісаў наш выдатны паэт Уладзімір Някляеў.

А ты сам як засцерагаешся ад каранавіруса?

– Ключы і тэлефон апрацоўваю антысептыкам, маску на вуліцы нашу, стараюся ні сабе, ні людзям не нарабіць клопату. У майстэрні мне ёсць чым заняцца, я не нуджуся – малюю, пішу, чытаю…

– У мастака Язэпа Драздовіча літаратурная творчасць выглядае як дадатак. У пісьменніка Уладзіміра Караткевіча такім дадаткам выглядаюць малюнкі, хоць іх і шмат – больш за 600. А вось Сітніца-паэт, як на маю думку, не саступае Сітніцу-мастаку. Калі б на неабжыты востраў табе можна было ўзяць ці пэндзаль, ці асадку з нататнікам, што б ты ўзяў?

– Не дай Бог апынуцца перад гэткім выбарам! Паэзія і графіка для мяне паралельныя працэсы.

– Твая кніга паэзіі «Ток» летась была намінавана на Нацыянальную прэмію па літаратуры. Шмат хто быў перакананы, што ты яе і атрымаеш…

– У гэтым была пераканана і большасць сяброў таго журы, якое гэтую прэмію прысуджала, яны мне самі пра гэта гаварылі (усміхаецца). Але мяне непрысуджэнне не пакрыўдзіла. Паэт, які атрымаў прэмію, далёка не горшы варыянт. Ён шмат гадоў адпрацаваў у нашай літаратуры…

– Назаву імя паэта – Мікола Маляўка, аўтар выдатнай кніжкі «Едуць маразы». Праўда, выйшла яна ў далёкім 1966 годзе.

– Вось і прэмія яму – на здароўе! А ў мяне ўжо гатова другая кніга. На мае паэтычныя выступленні збіраюцца вялікія залы, двойчы ў Белдзяржфілармоніі былі аншлагі па 800 чалавек…

– Гэткія музычна-літаратурныя спектаклі?

– Так, я сам прыдумваю сцэнарый, сам музыку падбіраю.

– На тваіх карцінах – вясковыя хаты, кроквы, дзверы, платы, бульба цвіце… А хату ў вёсцы набыў?

– Не, я не хачу траціць на гэта свой час. Хоць мне і прапаноўвалі за капейкі, а адзін добры чалавек нават задарма аддаваў – бяры, толькі гаспадарнічай. Я адмовіўся, бо не хачу змяняць звыклы лад жыцця. Ды і легкавік патрэбны, а я не аўтамабіліст. Прынцыпова.

– А ці бываеш у сваіх родных Курыцічах на Петрыкаўшчыне?

– Зрэдку. Курыцічы выміраюць, як і многія вёскі. Калі я вучыўся ў школе, былі два паралельныя класы, 50 аднакласнікаў, а цяпер чалавек 12 у класе. Я нездарма працую цяпер над вялікай графічнай серыяй «Настальгія». На ёй Беларусь, якая знікае на нашых вачах. Яшчэ трохі, і ўсе дамы апрануцца ў сайдынг, накрыюцца металадахоўкай. Мае пляменнікі зрабілі з братавай хаты ў Курыцічах суперсучаснае жытло. Яны ўжо не бачылі ні накрытай чаротам пуні, ні кроснаў.

– Твая жонка Іна – і разумніца, і прыгажуня. Але ў тваім альбоме «Простыя рэчы» толькі адзін яе партрэт…

– Затое які! «Кветкі для Іны» я напісаў яшчэ студэнтам, з яго і пачаўся як мастак. Так ужо хацеў зрабіць прынашэнне ад сэрца для каханай!

– І жонцы аднаго партрэта хапіла?

– Хапіла. Яшчэ ж і вершы ёсць, ёй прысвечаныя.

– У Саюз мастакоў ты сыходзіў з выкладчыцкай пасады ў мастацкім каледжы. Не ўзнікае жаданне зноў павыкладаць?

– Не ўзнікае. Жыву на пенсію, ну і, бывае, карціну хто купіць. Я не гультай, штодзень працую, хоць зарабіць на жыццё мастацтвам у Беларусі праблематычна. Праўда, у мяне мінімальныя запатрабаванні. Калі б канчаткова нэндза адолела, то знайшоў бы магчымасць падзарабіць. Але пасля 12 гадоў службы ў Саюзе мастакоў, прызнаюся, з такой асалодай успрымаецца свабода! Я яе проста смакую і ніяк нарадавацца не магу.

***

Газета «Народная Воля» № 38 (4496)