Аляксандр Класкоўскі

Былы кіраўнік “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка несумненна стаў самай яркай фігурай на старце прэзідэнцкай кампаніі. Другі нечаканы прэтэндэнт – экс-дыпламат і стваральнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала меней актыўны, ды і ініцыятыўная група ў яго аказалася вельмі сціплай: 884 чалавекі. Бабарыка ж зарэгістраваў каманду з 8905 чалавек. Болей толькі ў Аляксандра Лукашэнкі. Але ж той мае ўсе рычагі, а экс-банкір сабраў армію валанцёраў за лічаныя дні праз інтэрнэт.

У часткі палітызаваных карыстальнікаў сацыяльных сетак выхад Цапкалы і асабліва Бабарыкі на электаральную арбіту спарадзіў пэўную эйфарыю. Адчуваецца, што публіка засумавала па свежых персонах. Традыцыйная ж апазіцыя ў гэтай кампаніі правалілася. Бясслаўны канец напаткаў задуму праймерыз, іх былыя ўдзельнікі зарэгістравалі мінімальныя, дзеля блізіру, ініцыятыўныя групы і нават не маюць намеру збіраць подпісы. Маўляў, будзем праз пікеты прасоўваць лозунг “За Беларусь без дыктатуры!”.

Але голыя лозунгі, здаецца, ужо мала каго кранаюць. Таксама незразумела, як будуць разварушваць масу ва ўмовах эпідэміі прыхільнікі вулічных пратэстаў. І байкот у сённяшніх умовах не мае шанцаў, атрымаецца хіба што вялы ігнор.

Бабарыка ж, з аднаго боку, дае зразумець, што цяперашні парадак рэчаў яму зусім недаспадобы, паказвае сябе прыхільнікам перамен, рэформаў, але з іншага боку – супраць канфрантацыі. Мае вялікі досвед на кіроўнай пасадзе. І гэта можа імпанаваць немалой частцы выбаршчыкаў. Многіх беларусаў відавочна дасталі змрочныя рэаліі сённяшняга жыцця, аднак ісці, умоўна кажучы, украінскім шляхам яны не хочуць.

А якім жа тады?…

Поўны тэкст калонкі Аляксандра Класкоўскага чытайце ў газеце «Народная Воля» за 22 мая