У Жыровічах адбылося ўрачыстае набажэнства ў гонар 550-годдзя Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя заснавання Успенскага мужчынскага манастыра, нягледзячы на эпідэмію каранавіруса.

Святочную службу адпраўляў архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі Гурый, які нядаўна вярнуўся з гродзенскага шпіталя, адхварэўшы на пнеўманію.

Святочная служба ў Жыровічах – у маскахПастаянны чытач “Народнай Волі” Уладзімір Кавальчук, які патрапіў на набажэнства ў Жыровічах, распавёў, што на ім прысутнічала каля ста чалавек. Сярод іх – пераважна мясцовыя людзі, семінарысты, манахі і каля 20 паломнікаў з Гомельшчыны.

Усе меры засцярогі былі прынятыя, – канстатуе Уладзімір Міхайлавіч. – На ўваходзе ў храм у кожнага правяралі тэмпературу і наяўнасць медыцынскай маскі, пасля чаго прапускалі. У храме людзі стаялі адзін ад аднаго на аддаленні.”

Святочная служба ў Жыровічах – у маскахСа слоў нашага чытача, падобнай святочнай службы 20 мая ў Жыровічах ён не памятае за ўсё сваё жыццё. Маўляў, паломнікамі і транспартам у гэты дзень заўсёды былі запоўнены ўсе вуліцы Жыровіч, а сёлета – цішыня.

Мая хата ад храма больш чым за 500 метраў, і аж да нас цягнулася калона людзей, якія звонку слухалі святочную літургію – іх было заўсёды некалькі тысяч, – згадвае Уладзімір Міхайлавіч. – А сёлета побач са сценамі храма на вуліцы стаялі і слухалі набажэнства ўсяго пяць чалавек”.

Ад гэтага, паводле Кавальчука, святочны настрой быў трохі прыгнечаны. Хаця, з яго слоў, людзі ў мястэчку з разуменнем паставіліся да таго, што ня варта ўсім прыходзіць у храм.

Насамрэч у Жыровічах планаваліся масштабныя імпрэзы. Быў створаны арганізацыйны камітэт, які ўзначаліў намеснік кіраўніка ўрада Ігар Петрашэнка. Павінна было адбыцца паседжанне Святога Сінода Рускай праваслаўнай царквы. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заяўляў, што прыбудзе ў Жыровічы.

Месяц – ад 20 красавіка – Жыровіцкі манастыр і Мінская духоўная семінарыя існуюць у рэжыме каранціну. Паводле нашага чытача, нават паломнікаў з Гомельшчыны не пусцілі начаваць у манастыр, а размясцілі ў мястэчку.