На фота: у Гродзенскім дзіцячым хоспісе

Над самай вялікай валанцёрскай пляцоўкай у Гродне, дзе шыюцца камбінезоны і маскі для медыкаў, навісла пагроза закрыцця.

Яшчэ ў красавіку, калі толькі распачыналася эпідэмія каранавіруса, людзі з інваліднасцю ў Гродзенскім дзіцячым хоспісе пачалі шыць дэфіцытныя маскі для медыкаў і захварэўшых на каранавірус. І першыя маскі напярэдадні Дня Перамогі былі накіраваны ў мінскі шпіталь для ўдзельнікаў вайны. Аб гэтым быў рэпартаж на сайце “Народнай Волі”.

Пасля таго, як добрая справа людзей з інваліднасцю стала вядома гараджанам, да іх пачалі далучацца валанцёры. Праект хоспіса выйграў грант у праграме малых грантаў пасольства ЗША ў Беларусі.

У хуткім часе зарганізавалася цэлая швейная майстэрня, у працы бралі ўдзел пазменна больш трыццаці чалавек. За гэты перыяд у сценах хоспіса валанцёры пашылі больш 700 камбінезонаў і бясплатна перадалі іх медыкам Гродзенскай вобласці.

Толькі вось некаму не спадабалася дабрачынная праца гродзенцаў. Загадчыца майстэрні ў хоспісе Святлана Пінчук распавяла “Народнай Волі”, што да іх наведаўся намеснік галоўнага ўрача Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Алег Перагарулька і патлумачыў, што тут незаконна вядуцца гэтыя працы.

Ён нам сказаў, што мы перашкаджаем стварэнню “бруднай” і “чыстай” зон для медыкаў дзіцячай паліклінікі, – распавядае Святлана. – А яшчэ сказаў, што мы не мелі права выкарыстоўваць грант на гэта, бо ён выдаваўся на дзіцячы хоспіс, а тут, маўляў, выкарыстоўваецца для працы з дарослымі людзьмі”.

Што датычыцца стварэння “чыстай” і “бруднай” зон, то гэта пытанне патлумачыла кіраўнік хоспіса Вольга Вялічка. Паводле яе слоў, адміністрацыя дзіцячай паліклінікі раптам надумала ў холе, які з’яўляецца агульнай плошчай паліклінікі і хоспіса, стварыць месца, дзе маглі б пераапранацца медыкі, каб потым адсюль ісці ў паліклініку.

Але ж заўсёды гэтым дадатковым уваходам карысталіся толькі супрацоўнікі хоспіса, – удакладняе Вялічка. – Супрацоўнікі паліклінікі заходзілі праз галоўныя дзверы з іншага боку будынка і гэта было лагічна”.

Чыноўнік, які прыйшоў і паведаміў аб стварэнні новых зон, нават пастрашыў, што напішуць ліст у пасольства і раскажуць, што грант выкарыстоўваецца не па прызначэнні.

І Вольга Вялічка, і Святлана Пінчук у адчаі ад таго, што пачулі ад адміністрацыі гарадской паліклінікі. Дырэктарка хоспісу кажа, што прапаноўвала аддаць сэнсорны пакой пад месца, дзе будуць пераапранацца медыкі, а хол пакінуць для шыцця надалей. Але гэта прапанова не задаволіла кіраўніцтва паліклінікі.

Вось вам і сітуацыя: людзі шыюць для медыкаў камбінезоны, тыя ім удзячныя, а прыходзяць чыноўнікі і кажуць, што нам гэтыя касцюмы непатрэбныя. І як гэта ўсё разумець?” – задаецца пытаннем Вольга Вялічка.

Намеснік галоўнага ўрача Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Алег Перагарулька адмовіўся каментаваць сітуацыю.