Валерыя Навадворская. Фота https://ptzgovorit.ru

Калі хто-ніхто з дамарошчаных палітыкаў навыперадкі хваліцца падтрымкай Масквы і ездзіць з візітамі ў Белакаменную, мне робіцца іх проста шкада. Я разумею, што гэтыя ваяжы разлічаны найперш на зрусіфікаваны электарат і ніякіх сур’ёзных палітычных падмуркаў пад сабой не маюць. Бо размаўляць беларускім апазіцыйным палітыкам у Маскве, па сутнасці, няма з кім. Пасядзець у прыёмнай якога-небудзь памочніка намесніка можна, а партнёрскія перамовы правесці – выбачайце: Крэмль заўсёды глядзеў і сёння глядзіць на Беларусь як на «малодшага брата». Нават пляшка «Белавежскай» і аполец сала не дапамогуць.

Справа ў тым, што ў кабінетах, пачакальнях і калідорах расійскай улады не засталося палітыкаў, якія ўспрымаюць Беларусь як раўнапраўнага партнёра, хоць бы павярхоўна ведаюць яе гісторыю і культуру, разумеюць яе курс на самасцвярджэнне. Апошнім такім палітыкам была Валерыя Навадворская, чыё нядаўняе 70-годдзе ў той жа Маскве прайшло незаўважна. І хоць яна ніколі не ўваходзіла ва ўладу, яе харызматычная прысутнасць у расійскім палітычным полі заўжды адчувалася. Яна была самым паслядоўным, бескампрамісным і бясстрашным крытыкам імперскіх памкненняў Крамля. З яе сыходам палітпалітра Расіі заўважна паблякла.

Валерыя Навадворская нарадзілася ў Баранавічах, яе продкі па мужчынскай лініі – Бурштыны – караніліся ў Вялікім Княстве Літоўскім, але дзед па кудзелі быў у Расіі столбовым дворянином, і Валерыя Ільінічна ўзяла сабе прозвішча маці. Пад ім і ўвайшла ў гісторыю. Але да зямлі продкаў па мячы мела пажыццёвы сентымент, падтрымлівала незалежнасць Беларусі як толькі магла.

Ведаючы пра беларускія карані Навадворскай і будучы неяк у Маскве па справах, я задумаў сустрэцца і пагутарыць з ёю. Была нядзеля. У маім нататніку знайшоўся толькі службовы тэлефон. Хто ж сядзецьме ў выхадны дзень у офісе? Яна сядзела. «Пан Міхась, прыязджайце», – і назвала адрас. Трохі збянтэжаны такім звароткам (мяне так ніхто і ніколі не называў), я паехаў на сустрэчу…

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 22 мая