Сям’я Вялічкаў з Гродна з-за каранавіруса перавяла сваіх дзяцей з гарадской у вясковую школу. Эфект атрымаўся нечаканы як для дзяцей, так і для бацькоў.

Нечаканая ідэя

Міша і Радаслава Вялічкі перасталі хадзіць у школу яшчэ за два тыдні да канікул, калі эпідэмія толькі пачалася. Іх мама, Вольга Вялічка, кажа: спадзяваліся, што ў школе наладзяць дыстанцыйнае навучанне, але гэтага не адбылося, і паўстала неабходнасць шукаць іншае выйсце.

Разглядаліся розныя варыянты. Бацькі не маюць педагагічнай адукацыі, таму палічылі, што проста займацца з дзецьмі па падручніках недастаткова. Больш за тое, спадарыня Вольга ўпэўнена, што ў жыцці кожны павінен прафесійна займацца сваёй справай.

«Падчас дзіцячых канікул мы былі ў вёсцы, дзе нам у спадчыну засталася бабуліна хата, – згадвае Вольга. – І там у мяне раптам з’явілася думка перавесці дзяцей у вясковую школу».

Усё было на карысць гэтага рашэння. Бацька дзяцей Сяргей Вялічка працуе дыстанцыйна і можа ўвесь час знаходзіцца тут. Школа добрая, усяго 90 вучняў. Вёска знаходзіцца больш як у ста кіламетрах ад Гродна, у Ваўкавыскім раёне, яна аддалена ат трасы. На працу адтуль людзі ў горад не ездзяць, што зводзіць шанцы падхапіць вірус на нішто. Акрамя таго, у вёсцы акрамя школы ёсць крама, бібліятэка, лазня, праведзены інтэрнэт – адным словам, наладжана сучасная інфраструктура.

Школа ўразіла

Спадарыня Вольга звярнулася да дырэктара школы. Тая была здзіўлена, але абрадавалася, што дададуцца яшчэ двое вучняў.

«Школа цалкам беларуская, усе падручнікі на беларускай мове, і выкладанне таксама адбываецца па-беларуску. І гэта першае, што мяне вельмі ўсцешыла, хаця дзеці ў гарадской школе навучаліся на рускай мове, – кажа спадарыня Вольга. – Цудоўныя класы абсталяваны вельмі сучасна: камп’ютары, інтэрнэт… У класах па 7–8 вучняў, высокая паспяховасць. Дарэчы, ёсць электронныя дзённікі, і бацькі без праблем могуць адсочваць вынікі дзяцей».

Уразіла і атмасфера, якая пануе ў школе: на калідорах стаяць тэнісныя сталы, ракеткі з якіх ніхто не забірае і не хавае. Даступны шахматныя доскі з фігурамі, на перапынках і пасля заняткаў дзеці гуляюць па чарзе. У калідорах няма шуму, як у гарадской школе. А яшчэ ў вясковай школе няма прапускной сістэмы і турнікетаў, дзеці спакойна заходзяць і выходзяць без лішняга кантролю.

Перад фізкультурай хлопчыкі і дзяўчынкі пераапранаюцца ў асобных раздзявальнях.

«Я заўважыла, што ў гэтай школе ўсе дзеці ведаюць адзін аднаго па імёнах», – дадае спадарыня Вольга. Дзеці сям’і Вялічкаў вельмі прыхільна ставяцца да беларускай мовы, бо бацькі дома размаўляюць на ёй. Першае, што яны зрабілі, – запоўнілі дзённікі і падпісалі сшыткі па-беларуску.

«Ды і з заняткамі адразу пачало атрымлівацца, – кажа спадарыня Вольга. – Першыя дні было больш трасянкі, але дзеці на гэта не зважалі, і ўжо праз два тыдні іх мова цалкам змянілася ў лепшы бок».

«Харчаванне – гэта нешта незвычайнае…»

Асабліва спадарыню Вольгу ўразіла харчаванне ў вясковай школе. Яно нагадвае хатняе – меню ўключае нават такія стравы, якія дома не заўсёды здолееш зрабіць. Упершыню за сваё школьнае жыццё дачка сказала, што ела ў школьнай сталоўцы боршч дакладна такі, як варыць яе бабуля.

«Падыход да харчавання ў школе практычна індывідуальны, – падкрэслівае спадарыня Вялічка. – Ежа заўсёды свежая, меню ўключае і мяса, і рыбу, і блінчыкі… Садавіна і гародніна кожны дзень. І, дарэчы, у вясковай школе бацькі за харчаванне не плацяць».

Раней Міша і Радаслава, прызвычаеныя да хатняй ежы, у школьнай сталоўцы не агорвалі абед, а вось меню ў вясковай школе толькі наганяе ім апетыт.

У дзяцей шмат новых сяброў

Вольга і Сяргей задаволены: дзеці вельмі лёгка ўвайшлі ў новае асяроддзе.

«Аказалася, што ў вясковай школе няважна, хто твае бацькі ці які айфон ты маеш, – заўважае Вольга. – Я наогул зразумела, што там сістэма скіравана на вынік, а не на тое, каб падаць добрую справаздачу. Мой сын-васьмікласнік упершыню прынёс з урока па працоўным навучанні рэч, зробленую сваімі рукамі. У гарадской школе няма нічога падобнага».

Са слоў спадарыні Вольгі, летась усе выпускнікі гэтай школы паступілі ў ВНУ на бюджэтныя аддзяленні. У выпадку, калі дзеці не паспяваюць засвойваць матэрыял, іх просяць застацца пасля заняткаў альбо прыйсці за гадзіну да ўрокаў і пазаймацца з настаўнікамі дадаткова. Тут ніхто не наймае рэпетытараў.

«Аказваецца, можна проста пайсці пагуляць на вуліцу»

На яшчэ адну асаблівасць, важную ў эвалюцыі дзяцей, бацькі звярнулі ўвагу: у горадзе, калі ў дзяцей з’яўлялася вольная хвіліна, насы былі ўсунуты ў гаджэты. І ў вёсцы напачатку было тое самае. Але потым, заўважае Вольга, нешта нібыта перавярнулася ў іх свядомасці. Міша і Радаслава ўпершыню ўбачылі, што, аказваецца, можна пайсці пагуляць з сябрамі на вуліцу, пакатацца разам на ровары… А яшчэ ў дачкі раптам з’явіўся цікавы занятак – яна стала маляваць. А сын, гуляючы ў валейбол, умудрыўся ўжо зламаць палец.

«Сёлета мы ўпершыню ўсе разам пасадзілі свой агарод, і гэта таксама прынесла нам задавальненне, – усміхаюцца Вялічкі. – Вельмі хочацца, каб дзеці ў жыцці ўсё ўмелі, але каб не былі вымушаны ўсё гэта рабіць».

«Не ведаю, як будзем вяртацца назад у горад…»

Адзін раз малодшую, Радаславу, адправілі ў краму за прадуктамі, і яна вярнулася адтуль ледзь не ў стане шоку.

«Мама, мне не хапіла трох рублёў, а цёця сказала, каб я заўтра данесла, але ўсё мне
прадала!», – узгадвае спадарыня Вольга словы дзяўчынкі. – Дачка ніяк не магла зразумець, як у краме могуць даць тавар, а грошы кажуць прынесці заўтра!»

Раней жанчына думала, што ўсё ведае пра жыццё ў вёсцы, але, як высвятляецца, многае адкрываецца нібы ўпершыню.

«Аказваецца, тут ёсць свае правілы, свая мараль. І, дарэчы, некаторыя дагэтуль у мяне са здзіўленнем пытаюцца, ці праўда, што мы перавялі сваіх дзяцей з гарадской у вясковую школу, – кажа Вольга Вялічка. – Многія нават і не здагадваюцца, што гэта школа ні ў чым не прайграе гарадской. А жыццёвы ўклад зусім не саступае таму, што ў горадзе, а нават шмат у чым мае свае перавагі».

Задумаўшыся, спадарыня Вольга дадае, што нават не ўяўляе, як дзецям давядзецца вяртацца пасля пандэміі назад у горад.

***

Газета «Народная Воля» 38 (4496)