Леанід Лыч

Дзякаваць богу, на нашай планеце, нягледзячы на буйнамаштабную разбуральную дзейнасць чалавека, засталося яшчэ шмат чаго цікавага і непаўторнага. Мяне больш за ўсё вабяць краіны ўсходняга свету з іх багатай, нехарактэрнай для Еўропы культурай. Шкада толькі, што вельмі запознена з’явілася рэальная магчымасць (ніколькі не звязаная з фінансамі) наведваць іх. На маім рахунку толькі Туніс, Турцыя, Албанія, Егіпет і нарэшце – Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ).

Па аб’ектыўных прычынах зладзіў паездку ў ААЭ не ў самы разгар турысцкага сезона і ніколькі не прагадаў, бо тэмпература і паветра, і вады была нармальнай для еўрапейца. Люблю купацца ў моры, загараць на пляжы і ў 30–35 градусаў, што вельмі рэдка бывае ў роднай Беларусі.

Канцавым пунктам маёй турыстычнай паездкі стаў гатэль з запамінальнай прыгожай назвай «Marjan», размешчаны на ўзбярэжжы Персідскага заліва. Заўважу, што патрыятычна настроеныя арабы часцей называюць яго Аравійскім залівам, бо не жадаюць узгадваць час, калі іх краіна знаходзілася пад персідскім панаваннем. Прызнацца, я не збіраўся дзяліцца з чытачамі «Народнай Волі» сваімі ўражаннямі ад турыстычнай паездкі ў эміраты. Меркаваў, што ўсё ўбачанае хутка забудзецца па вяртанні ў родную Беларусь і ў мяне не будзе ніякага жадання ўваскрашаць яго ў памяці. Але атрымалася інакш…

Дык што ж засталося ў памяці ад наведвання ААЭ?

Найперш уразіла само месцазнаходжанне гатэля «Marjan». Яно проста ўнікальнае. На мелкаводдзі Персідскага заліва стварылі штучны востраў з не падлеглага размыванню грунту, розных жалезабетонных канструкцый, каменняў, а затым усё гэта засыпалі пяском – у пустынях яго хапае. Была задзейнічана цэлая армада розных відаў тэхнікі. Гэтаму стварэнню рук чалавечых далі назву Аль-Мард, што ў перакладзе на беларускую мову азначае «Верхняя частка палаткі». Знаходзіцца Аль-Мард на тэрыторыі эмірата Рас-эль-Хайма, які ў 1972 годзе ўвайшоў у склад ААЭ. Забудова вострава, яго добраўпарадкаванне вяліся вельмі хутка. Калі я туды прыехаў, ужо функцыянавала некалькі дыхтоўных, пабудаваных у адпаведнасці з патрабаваннямі часу гатэляў, мелася вялікая колькасць рознага кшталту службовых, вытворчых будынкаў, высокапавярховых жылых дамоў, былі пракладзены цудоўныя аўтамагістралі, паабапал якіх высаджана мноства прыгожых фінікавых пальмаў. На догляд кожнай з іх, галоўным чынам на паліў, штогод выдаткоўваецца прыкладна тысяча долараў. Мо калі б у бюджэтах нашых гарадоў хапала фінансавых сродкаў для догляду дрэў, высаджаных паабапал вуліц, дык не гінулі б яны ў такой колькасці.

Гатэль «Marjan» адпавядае самым высокім стандартам. Няма ніякіх прэтэнзій да абслугоўвання гасцей. Па-за ўсялякай крытыкі яго пляж, ад стану якога так моцна залежыць настрой турыстаў.

Кожнага, хто трапляе на тэрыторыю эмірата Рас-эль-Хайма ў якасці турыста, вядома, не могуць не вабіць экскурсіі, хоць і вельмі дарагія, у размешчаны недалёка Дубай. Тут ёсць чым захапіцца! На такую экскурсію з вялікім жаданнем пагадзіўся і аўтар гэтых радкоў.

У Дубаі ўсе імкнуцца ў першую чаргу наведаць самы высокі ў свеце 125-павярховы будынак – цуд сучаснай архітэктуры. Падаліся туды і пасажыры нашага аўтобуса. Але далёка не ўсе пагадзіліся выкласці з кішэні 65 долараў, каб на ліфце падняцца на самы высокі ў свеце паверх. Леанід Лыч не ўвайшоў у лік такіх. Як прынята казаць: «Прапала кароўка – няхай прападзе і вяроўка!» І вось я на 125-м паверсе! Ад усяго ўбачанага з такой вышыні вачэй было не адарваць! Шкада толькі, што доўга там не далі затрымацца – унізе ўжо чакала вялікая колькасць новых ахвотнікаў-верхалазаў.

Незабыўнае ўражанне на мяне, як і на ўсіх астатніх, зрабілі марскія фантаны, якія пачынаюць функцыянаваць вячэрняю парою.

Упэўнены, да канца майго жыцця не знікне з памяці ўбачанае пры наведванні сталіцы ААЭ Абу-Дабі. І цэлага дня не хапіла б для агляду яе славутых мясцін! Знаёмства пачалося з гатэля Emirates Palace, які з’яўляецца самым дарагім і раскошным у эміратах: на будаўніцтва выдаткавана каля 3 мільярдаў долараў. Пахвальна, што ў ім прысутнічаюць і элементы традыцыйнай арабскай архітэктуры, што нехарактэрна для многіх сучасных будынкаў. Уражваюць багацце, прыгажосць яго ўнутранага аздаблення. Золатам пакрыта 6 тысяч квадратных метраў паверхні гатэля!

У праграму нашай турыстычнай паездкі ўваходзіла наведванне ў Абу-Дабі Мячэці шэйха Зайда, адной з самых знакамітых у свеце. Узростам яна маладая – пабудавана ў 2007 годзе. Назва паходзіць ад імя першага прэзідэнта краіны. Увагу ўсіх нас прыцягнуў пасланы на падлозе дыван. Ён самы вялікі ў свеце: звыш 5600 квадратных метраў. Асвятляюць храм сем люстраў, самая вялікая з якіх важыць 12 тон. Галоўная зала мячэці разлічана на сем тысяч вернікаў. Мячэць мае чатыры мінарэты вышынёй 107 метраў. Думаю, што наведванне гэтай святыні на хрысціяніна, а то і на атэіста робіць не меншае ўражанне, чым на мусульманіна.

Прыемныя ўспаміны пакінуў і сам горад Абу-Дабі. На яго тэрыторыі дзейнічаюць каля 80 фантанаў! Цяжка паверыць, але гэта факт: на вуліцах горада растуць 40 мільёнаў фінікавых пальмаў, да кожнай з якіх падведзены шланг для паліву. Нават у самую спякоту велічныя дрэвы не зведваюць дэфіцыту вады.

Не адпускаюць мяне Арабскія Эміраты!

Шкадую, што не надарылася магчымасці паразмаўляць з кім-небудзь з аўтарытэтных, кампетэнтных мясцовых асоб пра стан адукацыі ў ААЭ. Даведаўся, што навучальна-выхаваўчы працэс ажыццяўляецца выключна на арабскай мове, гэта вельмі важна, бо гарантуе карэннаму насельніцтву краіны ўсе ўмовы для прыстойнага этнакультурнага
развіцця, нягледзячы на негатыўныя працэсы сусветнай глабалізацыі. Чужая ж мова ў сферы адукацыі – гэта немінучая смерць для любой нацыі, нават з самай выразнай этнакультурнай самабытнасцю.

Выношваў планы на пачатку 2020 года ў чарговы раз наведаць гэты цудоўны куток планеты Зямля. А тут Кітай нечакана падкінуў дзівосны «прэзент» – пандэмію каранавіруса, якая ўзрушыла ўвесь свет. Але, думаецца, чалавецтва здолее забіць асінавы кол у самае сэрца гэтай страшэннай навалы, і ў мяне з’явіцца магчымасць паўтарыць сваё падарожжа ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Высокі ўзровень сучаснай медыцыны верне людзям спакойнае жыццё, і сусветная турыстычная адысея, несумненна, будзе працягнута!

Леанід ЛЫЧ, доктар
гістарычных навук, прафесар

***

Газета «Народная Воля» № 38 (4496)