Фото https://kupalauski.by

Нацыянальны  акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы дэманструе ў інтэрнэце відэаролік “Мы хутка вернемся, сябры!”.

У ім паказана жыццё ўстановы без гледача, артыстаў і супрацоўнікаў, якое неўзабаве пачынае ажываць пад музыку Дзмітрыя Шастаковіча.

З 27 сакавіка Купалаўскі распачаў свой выхад у інтэрнэт-прастору, каб заставацца разам з гледачамі нават ва ўмовах адсутнасці ў іх магчымасці наведаць тэатр.

Як паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ўстановы Паліна Крышчановіч, у рамках праектаў “Купалаўскі online” і “Купалаўскі дома” адбылося 9 паказаў. У сакавіку і красавіку трансляцыі тэатра паглядзелі каля 65000 чалавек.

Падабаўся гледачам новы праект “Чытаць я хацеў!”. За два тыдні да яго далучыліся 13 артыстаў, а агульная колькасць праглядаў online-чытанняў склала больш за 22 тысячы. Прагучалі урыўкі з беларускай класікі, сусветна вядомыя замежныя творы і творы сучасных беларускіх аўтараў.

4 мая ў прамым эфіры відэасэрвіса VOKA артысты сыгралі спектакль “Ураджай” адмыслова для інтэрнэт-аўдыторыі. З 1 па 8 мая кожны вечар на YouTube-канале і ў Instagram-акаўнце тэатра купалаўцы чыталі ўрыўкі з твора Міхася Зарэцкага “Ой, ляцелі гусі…”.

Выйшаў другі нумар часопіса “Купалаўскі”, які зараз даступны ў электронным фармаце.

Пакуль тэатр не працуе ў звычайным рэжыме, на рэкламных пляцоўках, дзе заўсёды можна было ўбачыць афішы спектакляў і праектаў, размешчаны плакаты з жыццяствярджальнымі цытатамі з легендарнай п’есы “Паўлінка”.

Прапануем паглядзець відэаролік з Купалаўскага, над якім працавалі Раман Падаляка, Міхаіл Зуй і Ксенія Васілёўкіна.