Знакаміты палац Пацёмкіна– Галынскіх. Фота https://fb.ru

На Магілёўшчыне знаходзяцца некалькі гарадоў, якія ўваходзяць у топ-20 самых старажытных населеных пунктаў Беларусі. У гэты спіс трапляе і горад Крычаў, які доўгі час быў адным з усходніх фарпостаў спачатку Вялікага Княства Літоўскага, а пасля Рэчы Паспалітай, які абараняў ад маскавіцкай навалы. Горад з вельмі багатай гісторыяй зараз, аднак, перажывае не самыя лепшыя, нават можна сказаць, драматычныя часы. Менавіта такі прыметнік падыходзіць для апісання тых працэсаў, што адбываюцца з гісторыка-культурнымі аб’ектамі ў Крычаве. Падзеі апошніх часоў наводзяць на змрочныя думкі. Абыякавае стаўленне да гарадской гісторыі не проста здзіўляе, а абурае. Больш за тое, такое стаўленне да мінуўшчыны радыкалізуе настроі гараджан, падштурхоўвае да нейкіх рашучых дзеянняў, рэзкага рэагавання на тупасць і бяздарнасць.

Мне як гісторыку цяжка і балюча бачыць тое, што адбываецца ў родным горадзе. Адносна нядаўна ў старой частцы Крычава, каля Свята-Уваскрасенскай царквы, пачаліся будаўнічыя работы. Прылеглая да царквы тэрыторыя не так даўно была часткай невялікай паркавай зоны і, у прынцыпе, да культавай пабудовы ніяк не адносілася. У апошнія ж часы адна трэць парку была далучана да тэрыторыі царквы і адгароджана жалезным плотам. З гэтага пачалося паступовае ўладкаванне новай прыцаркоўнай тэрыторыі. «Прыборка» тэрыторыі прывяла да таго, што былі спілаваны і выкарчаваны дрэвы. Аднак далей – болей. Большай праблемай з’яўляецца тое, што на цяперашняй прыцаркоўнай тэрыторыі пачаліся будаўнічыя работы. Месца, на якім размешчана царква, з’яўляецца гістарычным цэнтрам горада з багатым культурным слоем. Таму перад тым, як пачаць работы, варта было б звярнуцца да гісторыкаў, а лепш – да археолагаў, каб сумесна абследаваць тэрыторыю. Нічога падобнага айцом Сергіем, які з’яўляецца протаіерэем царквы, зроблена не было. Калі з пэўным піетэтам падыходзіць да зямлі, на якой жывеш, то такія канфлікты паміж навабудам і гістарычнай памяццю народа выключаны. Гэты ж выпадак якраз сведчыць зусім пра адваротнае.

Яшчэ больш сумная сітуацыя адбываецца на Замкавай гары, якая з’яўляецца старажытным дзядзінцам і знаходзіцца зусім блізка ад цэнтра старой часткі горада. На гарадзішчы лакалізуецца Свята-Мікалаеўская царква, у якой пяць дзясяткаў гадоў служыў айцец Міхаіл Макаўцоў. Ён быў па-сапраўднаму народным бацюшкам, мог распавесці пра старадаўні помнік цікавыя выпадкі і нават легенды, а за шмат гадоў служэння ў царкве ніякай шкоды ўнікальнаму аб’екту археалогіі не чыніў, да і сам быў зацікаўлены ў захаванні старадаўняга гарадзішча. Чаго не сказаш пра новага айца Андрэя Ігнатушку, які стаў настаяцелям храма ў 2011 годзе. Малады бацюшка, які з’яўляецца ўраджэнцам Крычава, не надта лічыцца з унікальным аб’ектам і паводзіць сябе з Замкавай гарой, нібыта яе гаспадар. Практычна адразу пасля свайго прызначэння на пачатку лета 2012 года айцец Андрэй заняўся ўладкаваннем уваходу на Замкавую гару і ў царкву, зруйнаваўшы некалькі метраў вала. Цяпер уезд на Замкавую гару пашыраны пры дапамозе экскаватараў і бульдозераў. І вось зусім нядаўна гэтая гісторыя займела свой сумны працяг.

Пры ўваходзе на гару з правага боку знаходзіцца хрысцільня, ці баптыстэрый, невялікая драўляная пабудова. Да яе ў ранейшыя часы быў прыбудаваны невялічкі гаспадарчы склад. Бацюшка Андрэй, які знакаміты сваімі амбіцыйнымі планамі, вырашыў знесці гаспадарчую прыбудову, а замест яе размясціць цагляную царкоўную лаўку. Аднак месца для лаўкі аказалася мала, і вырашана было зруйнаваць пару метраў вала. Будаўнічыя працы пачаліся адносна нядаўна, але ж цяпер яны ўжо на стадыі стварэння падмурка.

Такім чынам, за восем гадоў служэння айца Андрэя ў Свята-Мікалаеўскай царкве ўнікальнаму археалагічнаму помніку была нанесена вялікая шкода. Зразумела, што ні ў першым, ні ў другім выпадку будаўнічыя работы не ўзгадняліся з прафесійнымі гісторыкамі ці археолагамі. Не прыцягваліся да абмеркавання і мясцовыя краязнаўцы, якія маглі б быць для святара крыніцай ведаў і добрымі памочнікамі і дарадцамі. Закон «крэатыўны» бацюшка таксама не парушыў, бо Замкавая гара не ўзята пад ахову дзяржавы і не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Крычаўскага раёна. Пры гэтым драўляная Свята-Мікалаеўская царква якраз у гэты спіс уваходзіць. Такі вось парадокс: драўляная царква мае статус гістарычнай каштоўнасці, а вось гарадзішча «Замкавая гара» (нашмат больш старажытнае паводле часу з’яўлення), на якім знаходзіцца культавы аб’ект, важным і ўнікальным не лічыцца.

Відавочна: разумення, што іх дзеянні шкодныя, у мясцовых царкоўных дзеячаў няма. Бацюшкі абодвух цэркваў у Крычаве даволі вольна ставяцца да ўнікальных аб’ектаў археалогіі і гарадской гісторыі, якія бясспрэчна з’яўляюцца гісторыка-культурнай спадчынай старадаўняга Крычава. Ці маюць яны права на такое абыходжанне з гісторыяй горада? Наогул адкуль узялася такая непавага да гістарычнай спадчыны? Не выключана, канешне, што гэта банальная абыякавасць і неразуменне важнасці для наступных пакаленняў жывых гістарычных аб’ектаў, якія адлюстроўваюць мінулае старадаўняга горада. А, як вядома, той, хто забыўся на мінулае, не мае і будучыні.

Пры гэтым адзначу, што на Замкавай гары, у паўночна-ўсходняй яе частцы, знаходзяцца вельмі цікавыя і ўнікальныя рэшткі цагляных умацаванняў. Пры гэтым па ўсіх інвентарных апісаннях вядома, што замак і замкавыя ўмацаванні былі драўляныя. На сённяшні дзень стан іх кепскі, з кожным годам яны ўсё больш і больш разбураюцца пад уздзеяннем часу і ападкаў.

Ні прадстаўнікі мясцовай улады, ні служыцелі Свята-Мікалаеўскай царквы не праяўляюць ніякай ініцыятывы, каб захаваць унікальны помнік гісторыі не толькі для горада, але і для ўсёй Беларусі. Добра, што ён хаця б проста існуе, а не зруйнаваны, як іншы цікавы аб’ект гарадской гісторыі – старая вінакурня, у якой у савецкія часы знаходзіўся мясцовы піўзавод. Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды. У каго з’явілася «геніяльная» ідэя зруйнаваць рэшткі вінакурні, сказаць цяжка. Аднак можна з дакладнасцю адказаць, што глуздоў у такога ініцыятара – кот наплакаў.

Трэба прызнаць, што ад былога піўзавода заставаліся рэшткі, і знаходзіліся яны ў аварыйным стане. Але каму яны перашкаджалі і чаму менавіта цяпер спатрэбілася руйнаваць гэты прамысловы аб’ект з даўняй гісторыяй? Замест таго каб захаваць вінакурню, зрабіўшы гарадской адметнасцю, паспрабаваць хаця б часткова рэканструяваць, уключыўшы ў турыстычны маршрут па горадзе, яе знішчылі. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сцен са старой чырвонай цэглы, а таксама частка не да канца зруйнаваных падмуркаў. Відовішча вельмі сумнае, выклікае пачуцці гневу і шкадавання. Застаецца толькі спасылацца на адсталасць і убогасць мыслення арганізатараў і выканаўцаў знішчэння помніка. Толькі задумайцеся: стары прамысловы аб’ект горада быў знішчана ў незалежнай краіне самімі яго жыхарамі!

Дзе тут логіка і ці прысутнічае яна наогул у падобных справах? Чаму мясцовая ўлада ніяк не рэагуе на відавочны факт злачынства? Больш за тое, гэта сумная падзея прайшла зусім неасветленай у мясцовай газеце, якая пяе толькі аб поспехах і дасягненнях раённай улады. А ў рэальнасці адбываюцца вось такія жудасныя рэчы. Відавочна, што ніякага пакарання злачынцам, якія руйнуюць гістарычныя аб’екты горада, не прадугледжана, бо вінакурня таксама не была ўнесена ў спіс гісторыка культурнай спадчыны. І ўсё гэта робіцца ў Год малой радзімы! Вось такая любоў да сваёй малой радзімы ў Крычаве: зруйнаваць – гэта на раз-два, а вось захаваць, на вялікі жаль, розуму не хапае.

Шкада, што мясцовыя актывісты далей за ўсталяванне чарговай самаходкі ці гарматы не бачаць багацейшай і надзвычай цікавай гісторыі Крычава. З сумам магу канстатаваць, што часта ініцыятывы ў сферы гістарычнай памяці ў горадзе вылучаюцца адыёзнасцю і недарэчнымі прапановамі. Прыкладам можа стаць ідэя мясцовага гістарычнага музея стварыць пакоі Кацярыны II. Гэта, мякка кажучы, дзіўна. Сапраўды, Кацярына аднойчы была ў горадзе, бо нават адна са старых дарог, насыпы ад якой бачны да сённяшняга часу, называецца Кацярынінскім шляхам. Але ці варта адзін візіт манархіні іншай дзяржавы да свайго каханка графа Пацёмкіна музеефікаваць? Сёння ўжо не выклікае здзіўлення, што ў палацы Пацёмкіна Галынскіх, дзе знаходзяцца музей і мясцовы загс, праводзяцца мерапрыемствы ў стылі Кацярыны ІІ і Пацёмкіна, што не толькі не актуалізуе беларускую гісторыю, а прапагандуе гістарычных персанажаў іншай дзяржавы. Вельмі хочацца, каб не забывалася гісторыя нашай краіны, аднак, як паказвае практыка, не ўсюды гатовы шанаваць уласную мінуўшчыну і захоўваць яе для нашчадкаў.

***

Газета «Народная Воля» № 38 (4496)