Сяргей Ціханоўскі. Фота https://nn.by

Вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, пакаранага 18 і 19 мая судом Савецкага раёна Гомеля чарговымі 30 суткамі адміністрацыйнага арышту за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, сёння нечакана выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання.

Гэта журналісту «Народнай Волі» пацвердзіў адзін з супрацоўнікаў гэтай установы.

«У дадзены момант Ціханоўскага няма ў ізалятары. Па каментары звяртайцеся ў прэс службу ўпраўлення ўнутраных спраў», — сказаў дзяжурны Кандрацьеў.

Па звестках праваабаронцаў, міліцыянты вывезлі Ціханоўскага з ізалятара ў горад і адпусцілі. Меркавалася, што на волю блогер выйдзе 21 мая, калі адбудзе роўна 15 сутак арышту за ўдзел у снежаньскай акцыі пратэсту ў Мінску супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй. Гэты арышт «вісеў» на блогеры яшчэ са студзеня.

Тым часам суд Савецкага раёна два дні запар, 18 і 19 мая, разглядаў новыя адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да блогера. А яны паступілі з Мінскага, Пастаўскага, Салігорскага і Міёрскага раённых аддзелаў міліцыі. Перад арыштам Сяргей Ціханоўскі ў згаданых раёнах ладзіў сустрэчы з падпісчыкамі свайго YouTube канала «Страна для жизни». Міліцыя ж кваліфікавала гэтыя сустрэчы як несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Прычым 18 мая суд праходзіў у закрытым рэжыме. Ціханоўскага таемна прывезлі з ізалятара ў суд — пра гэта не ведалі ні адвакат, ні сваякі.

У выніку судовага «канвейера» блогер атрымаў яшчэ два разы па 15 сутак арышту.

Сяргей Ціханоўскі на пачатку мая публічна заяўляў пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Яго адправілі за краты акурат напярэдадні абвяшчэння выбараў. На момант падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па збору подпісаў Сяргей знаходзіўся пад арыштам. Дакументы ў Цэнтрвыбаркам завезла жонка блогера
Святлана Ціханоўская. Аднак групу ЦВК не зарэгістравала, спаслаўшыся на тое, што дакументы не падпісаны самім Сяргеем.

У адказ Святлана Ціханоўская падала дакументы на сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Цэнтрвыбаркам сёння зарэгістраваў яе ініцыятыўную групу. Кіраўніком сваёй групы Святлана запісала арыштаванага мужа. Выглядае, Сяргея адмыслова выпусцілі з ізалятара на момант пасяджэння ЦВК.

Камбінацыя складваецца досыць зручнай для уладаў: зрабілі перапынак у ізаляцыі блогера, каб не трымаць яго запар звыш 25 сутак за кратамі, з іншага — падчапілі яго да самых выбараў як бы два «кручкі». Калі спатрэбіцца, тады і пацягнуць у ізалятар. І будзе апраўданне. Паводле беларускага заканадаўства, пастановы на пакаранне павінны выконвацца цягам трох месяцаў.