Сяргей Ціханоўскі. Фота https://telegraf.by

19 мая суддзя Савецкага раёна Гомеля Аляксандр Мохараў пакараў чарговымі 15-суткамі адміністрацыйнага арышту блогера Сяргея Ціханоўскага. Гэтым разам за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы ў Салігорску і Міёрах. Пратаколы ў суд паступілі адпаведна з тамтэйшых раённых аддзелаў міліцыі.

Ціханоўскі не прызнае сваёй віны ў арганізацыі недазволеных масавых мерапрыемстваў. Заяўляе, што гэта звычайныя сустрэчы з яго падпісчыкамі канала «Страна для жизни» на YouTube.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які прысутнічаў сёння ў судзе, зазначае, што агулам Сяргей Ціханоўскі мае 45 сутак адміністрацыйнага арышту. 18 мая той жа суд Савецкага раёна таксама пакараў Ціханоўскага 15 суткамі арышту за падобныя масавая мерапрыемствы ў розных месцах Беларусі, у тым ліку і ў пасёлку Бараўляны, што пад Мінскам. Адміністрацыйны пратакол паступіў у Савецкі суд з УУС Мінскага раёна.

З 6 мая Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. У той дзень з удзелам АМАПу Ціханоўскага ўзорна паказальна затрымалі ў Магілёве — на той падставе, што на ім «вісеў» не адбыты 15-сутачны арышт за ўдзел у снежаньскай акцыі пратэсту ў Мінску супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй.