Фото http://www.court.gov.by

Па словах жонкі Мікалая Статкевіча, затрыманьне адбылося каля 15 гадзін.

19 траўня група паплечнікаў Мікалая Статкевіча прыехала ў Вярхоўны суд з мэтай абскардзіць адмову ў рэгістрацыі ЦВК іхных ініцыятыўных груп. Разгляд скаргаў быў прызначаны на 14.30, паведамляе Радыё Свабода.

Пра тое, што група «кандыдатаў пратэсту» зьбіраецца прысутнічаць на ім, незадоўга да разгляду Свабодзе паведаміла Вольга Мікалайчык.

Як сказала Свабодзе ў 15.30 Марына Адамовіч, частка «кандыдатаў пратэсту» была затрыманая праваахоўнікамі ў будынку Вярхоўнага суду. Іх месцазнаходжаньне на дадзены момант невядомае.

«Нашых затрымалі каля 10 чалавек, — сказала Свабодзе Марына Адамовіч. — Дакладна вядома, што сярод затрыманых Сяргей Спарыш. Дзе яны цяпер знаходзяцца, невядома. Мы спрабуем гэта высьветліць. Прычынай затрыманьня нібыта стала вопратка альбо сымболіка на ёй (актывісты выкарыстоўваюць уласную пратэставую сымболіку. — РС)».

Нагадаем, што ў першай палове дня 19 траўня ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп усім «кандыдатам пратэсту». Гэтае рашэньне яны зьбіраліся абскарджваць у Вярхоўным судзе. Ініцыятыўную групу самога Мікалая Статкевіча таксама не зарэгістравалі.