Ноч музеяў нас чакае з 16 на 17 мая. У гэтым годзе з-за пандэміі COVID-19 большасць музейных устаноў прапануюць правесці яе разам з імі ў саціяльных сетках у інтэрнеце.

Шмат цікавостак падрыхтаваў для сваіх наведвальнікаў Музей гісторыі беларускай літаратуры. Яго супрацоўнікі запрашаюць далучыцца да іх у сацыяльных сетках у суботу з 18.00.

Прапануецца падарожжа па 10 літаратурных музеях нашай краіны. Таксама будуць узгаданы прыемныя моманты з мінулых падобных мерапрыемстваў.

Жадаючыя могуць паспрабаваць скласці пазлы ў гульні «Наш музейны свет» або паўдзельнічаць ў віктарыне «Творы і творцы», дзе арганізатары будуць правяраць, хто як  ведае пісьменнікаў-юбіляраў 2020-га і іх творы.

У 19.00 не прапусціце майстар-клас па манатыпіі ад мастачкі Марыны Эрэнбург.

Немалая частка праграмы прысвечана Уладзіміру Караткевічу. Пачынаючы з 19.30 можна будзе адправіцца ў падарожжа з інтэрактыўнай картай па рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Далей прапануюцца анлайн-тэсты на веданне гэтага і іншых твораў пісьменніка.

У 20.00 глядзіце відэаінтэрв’ю з галоўным захавальнікам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васілінай Міцкевіч на тэму “Уладзімір Караткевіч і Якуб Колас”.

20.30. Відэаэкскурсія супрацоўніка музея Ірыны Князевай па Музею-дачы Васіля Быкава “Васіль Быкаў. Справы аўтамабільныя”.

У 21.00 у музейнай кіназале пройдзе фільм “Альпійская балада”, зняты ў 1965 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм”. Перад гэтым будзе анлайн-тэст на веданне культавых твораў беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст. А пасля – падарожжа па мультымедыйнай кнізе “Біблія Васіля Кораня 1692–1696 гг.”.

З 22.15 адбудзецца відэаканцэрт Уладзіміра Лябецкага з выкананнем твораў Гедэміна Радкевіча.