Зміцер Лупач: «18 мая сам пайду ў ізалятар…»

421
Зміцер Лупач. Фота DW

Нагадаем: 11 мая Глыбоцкі раённы суд прызнаў Зміцера Лупача вінаватым у парушэнні двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэкса. За сюжэт на тэлеканале “Белсат” пра дрэнны рамонт Глыбоцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу суддзя вынес штраф у памеры 45 базавых велічынь паводле ч.2 арт.22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ). А за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім Зміцера абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакаралі арыштам на 10 сутак.

Пасля судовага працэсу 53-гадовы журналіст-фрылансер З.Лупач, які на пазаштатных умовах супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, трапіў у рэанімацыю мясцовай бальніцы. Тым не менш 18 мая яго адправяць адбываць пакаранне…

“Родам я з Глыбоцкага раёна, пасля школы паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію на факультэт “Аграхімія і глебазнаўства”, – распавядае пра сябе Зміцер Лупач. – Скончыў яе, пасля чаго некалькі гадоў працаваў аграномам у гаспадарках Пінскага і Глыбоцкага раёнаў.

Але ў 1996 годзе, пасля таго як старшыня калгаса прымушаў мяне сабраць людзей на датэрміновае галасаванне, я звольніўся”.

Пасля гэтага Лупач працаваў у Польшчы на будоўлі, вярнуўся дадому і займаўся сельскай гаспадаркай.

“З журналістыкай упершыню сутыкнуўся, здаецца, у 2000 годзе, калі прапанавалі напісаць нейкі тэкст у мясцовую незалежную газету “Вольнае Глыбокае”, – працягвае наш суразмоўца. – А праз дзевяць гадоў я, Яраслаў Берніковіч і Таццяна Смоткіна заснавалі рэкламную газету “Прэфектінфо”. На жаль, у 2014 годзе выданне закрылася”.

Супрацоўніцтва Зміцера з тэлеканалам “Белсат” пачалося з 2012 года.

“З аддзелам навін супрацоўнічаю як фрылансер ужо пяць гадоў, – працягвае Лупач. – Ужо нават і не памятаю, колькі агулам штрафаў далі за “незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ”, але пачынаючы з 2015 года мяне судзілі 22 разы.

Як вядома, апошнім разам далі на судзе 10 сутак арышту, пасля чаго і трапіў у бальніцу. Але гэта не адмяніла пакарання, таму 18 мая сам пайду ў ізалятар…”

***

Газета “Народная Воля” № 39 (4497)


Няма запісаў для адлюстравання