Сяргей Ціханоўскі / Фэйсбук

Блогер Сяргей Ціханоўскі (“Краіна для жыцця”) падаў у Цэнтрвыбаркам дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы на прэзідэнцкія выбары. Ён стаў 11-м прэтэндэнтам, які падаў заяўку ў ЦВК, паведамляе Еўрарадыё.

У заяўцы пра Ціханоўскага сказана як пра жыхара Гомеля, беспартыйнага, дырэктара ТДА “Студыя Компас”. Ачольвае яго ініцыятыўную групу Святлана Ціханоўская.

Сам Ціханоўскі быў затрыманы 6 траўня каля Магілёва. Яго завезлі ў Гомель і пасадзілі адбываць 10-сутачны арышт, прысуджаны яму яшчэ ў студзені за антыінтэграцыйныя акцыі канца 2019 года.

Пасля затрымання Ціханоўскага акцыі ў яго падтрымку прайшлі ў некалькіх гарадах, сілавікі разагналі іх і затрымалі некалькі дзясяткаў удзельнікаў.

З’яўляліся звесткі, быццам Ціханоўскі не можа аформіць даверанасць на падачу дакументаў, бо да яго не пускаюць адваката. Аднак, як бачым, гэтую праблему блогер вырашыў.

Поделиться ссылкой: