Фота https://baj.by

10 сутак арышту і 45 велічыняў штрафу прысудзіў суддзя Глыбоцкага раённага суда Дзмітрый Тарасевіч журналісту з Глыбокага Змітру Лупачу. Яго судзілі 11 траўня паводле двух артыкулаў Адміністратыўнага кодэкса — ч. 2 арт. 22.9 (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) і ч. 1 арт. 23.34 (“Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”).

Пасля перапынку ў судзе да Змітра прыехаў адвакат. Ён знайшоў шмат хібаў у справах і папрасіў суддзю адправіць іх на дапрацоўку, але суддзя быў непахісны і агучыў свой вердыкт.

Пасля сканчэння судовага слухання Змітра Лупача каля будынка суда чакалі міліцыянты з машынаю. У іх на руках ужо была завераная пастанова суда, хоць сам Зміцер яе пакуль так і не атрымаў.

Журналісту стала дрэнна ў будынку суда, жонка памерала яму ціск — ён быў высокі, тады яна выклікала хуткую. Фельчар хуткай дапамогі пацвердзіла, што ў Змітра гіпертанічны крыз. Журналіста адвезлі ў Глыбоцкую раённую бальніцу. Карэту хуткай дапамогі суправаджаў міліцэйскі аўтамабіль.

Паводле слоў жонкі Змітра Лупача, пасля прыбыцця ў лякарню яго паклалі ў рэанімацыю.