Юрый Алейнік. Фота https://realt.onliner.by

Сталічны бізнесмен распавёў «Народнай Волі» пра тую безвыходную сітуацыю, у якой сёння апынуліся многія прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу.

Юрый АЛЕЙНІК – дырэктар гульнявой прасторы Quvalda, ужо чатыры гады яго кампанія арандуе плошчы на тэрыторыі мінскага завода «Гарызонт». Слаўныя часы для гэтага некалі славутага прадпрыемства даўно прайшлі, але, як кажуць, святое месца пустым не бывае: знайшліся прадпрымальнікі, якія добраўпарадкавалі свабодныя заводскія плошчы і заняліся бізнесам.

Здаецца, усё было добра да таго часу, пакуль не прыйшоў каранавірус…

– У мяне быў даволі паспяховы бізнес, але зараз з-за каранавіруса я і іншыя прадпрымальнікі, якія таксама арандуюць плошчы на гэтай тэрыторыі, аказаліся закладнікамі сітуацыі, – кажа Юрый АЛЕЙНІК. – Зразумела, што сёння не той час, калі дзеці і дарослыя ідуць у забаўляльныя цэнтры. Людзі стараюцца, наадварот, трымаць адзін ад аднаго дыстанцыю, а таму ў такія цэнтры практычна ніхто не ідзе.

У выніку ў нас адбылося катастрафічнае падзенне наведвальнасці і прыбытку – амаль на 90 працэнтаў. І сітуацыя з кожным днём ускладняецца. Калі два месяцы таму ў мяне было за тыдзень каля 15 мерапрыемстваў альбо квэстаў, дык сёння ўжо і не памятаю, калі прайшло апошняе.

Але трэба разумець, што зараз уяўляе сабой корпус завода «Гарызонт», які мы арандуем. Тут і забаўляльныя цэнтры, і фотастудыі, і фірма па вытворчасці адзення, і творчыя майстэрні… І ва ўсіх сітуацыя падобная. У кагосьці трохі лепш, у кагосьці горш, нехта ўжо наогул закрываецца.

– Няма магчымасці аплачваць арэнду?

– На працягу двух месяцаў мы спрабуем дамагчыся хоць якіх-небудзь саступак з боку нашага арэндадаўцы – «Гарызонт-Белінвест-Дэвелопер». Яны ж не на іншай планеце жывуць, бачаць, у якой сітуацыі ўсе апынуліся.

І мы не патрабуем ад кагосьці грошай, нам проста патрэбна падтрымка, як гэта робіцца падчас эпідэміі ў многіх цывілізаваных краінах.

Просім зніжэння арэнднай стаўкі, адтэрміноўкі альбо растэрміноўкі плацяжоў, арэндных канікул. Гатовы разглядзець любыя варыянты. Спадзяёмся, што сітуацыя нармалізуецца, людзі пачнуць карыстацца нашымі паслугамі, і тады мы зможам выконваць усе ўзятыя на сябе абавязальніцтвы.

– Як арэндадаўца рэагуе на вашы просьбы?

– Ніяк. Адзінае, што было зроблена яшчэ два месяцы таму, дык зафіксавалі на тры месяцы курс еўра па стане на 1 сакавіка, бо аплата арэнды, калі хто не ведае, у Беларусі налічваецца чамусьці ў еўрапейскай валюце.

І ўсе разумеюць, што гэтая саступка – проста мізер, а на зніжэнне арэнды ці адтэрміноўку плацяжоў арэндадаўца прынцыпова не ідзе.

У выніку ўсё катастрафічна кепска! З аднаго боку, заключана дамова, і мы па ёй абавязаны плаціць. З іншага – плаціць няма чым, бо няма кліентаў. Не плаціш – пагражаюць адключэннем электрычнасці, і ўжо ёсць такія выпадкі.

Увогуле, сітуацыя такая, што дэ-юрэ ў краіне не ўведзены каранцін, але дэ-факта ўсё гэта прысутнічае. Напрыклад, на сайце Міністэрства аховы здароўя вы можаце прачытаць рэкамендацыі па сацыяльным дыстанцыраванні, скарачэнні кантактаў у грамадстве, але юрыдычна гэта ніяк не замацавана.

– Што зараз?

– Зараз у мяне проста няма грошай заплаціць за арэнду, вісіць запазычанасць. Апошнія грошы, якія былі на рахунку, выплаціў супрацоўнікам, бо нікога не звальняў.

Арэндадаўцу накіраваў паведамленне, у якім запытаўся: ці будуць прадпрыняты нейкія меры з нагоды запазычанасці? Мне адказалі коратка: «Будзем дзейнічаць адпаведна з дамовай і заканадаўствам».

Ёсць яшчэ адзін важны нюанс. Многія прадпрымальнікі, якія тут працуюць, у тым ліку і я, прывязаны да гэтага месца. Мы ж за свае грошы зрабілі рамонт заводскіх цэхаў, уклалі вялікія сродкі. Пяць гадоў таму ў гэтым памяшканні былі брудныя калідоры і прыбіральні, дзіркі ў падлозе. Укладвалі ў рамонт душу, стараліся зрабіць так, каб гэта было наша памяшканне не на год-два. Хто ж ведаў, што атрымаецца такая сітуацыя, якую маем зараз?

Таму, калі мне кажуць «Не хочаш плаціць – з’язджай», я ж таксама разумею, з чым давядзецца развітацца. Гэта ж не тое што твая фірма арандуе пакой, дзе толькі крэсла, стол і на ім камп’ютар. Узяў камп’ютар, закрыў на час бізнес – і пайшоў дахаты. Тут жа у рамонт памяшканняў укладзены дзясяткі тысяч долараў. І што іх зараз – на вецер?

– І насамрэч атрымліваецца замкнёнае кола. Дарэчы, якія сумы вам трэба штомесячна плаціць?

– Я арандую каля 350 квадратных метраў, і плаціць трэба як за арэнду, так і за камунальныя паслугі. І калі даведаўся, што ацяпляльны сезон у Мінску працягнуўся, то гэта быў яшчэ адзін удар нажом у спіну. Мне за сакавік толькі за ацяпленне трэба было заплаціць каля 2 тысяч рублёў.

А сумарна па ўсіх плацяжах, якія мы плацім за арэнду, эксплутацыйныя і камунальныя паслугі, уборку памяшканняў і гэтак далей за месяц набегла каля 3700 долараў. А майму калегу за 600 квадратных метраў наогул налічылі каля 6 тысяч долараў за месяц. Мяркуйце самі, як у такіх умовах выжываць…

***

Газета «Народная Воля» № 38 (4496)