Вольга Чарных. Фота https://www.belgazeta.by

Беларуска Вольга Чарных, якая жыве ў егіпецкай сталіцы, распавяла пра тое, чым дыхае краіна ў часы каранавіруса.

Стала вядома, што ў гэтым месяцы Егіпет плануе адкрыць у курортных зонах гатэлі для ўнутраных турыстаў, хаця пра паўнавартасны турыстычны сезон, відаць, пакуль ніхто не ўспамінае.

Нагадаем, што Егіпет, куды так любілі ездзіць адпачываць беларусы, закрыў межы для ўезду замежных грамадзян яшчэ 19 сакавіка. З 24 сакавіка ў краіне на два тыдні ўвялі
каменданцкую гадзіну – з 19.00 да 6.00. У гэты ж дзень быў абвешчаны каранцін: у краіне абмежавалі рух грамадскага транспарту, закрылі сувенірныя крамы, рэстараны і кафэ, клубы і фітнес-цэнтры.

– Каменданцкая гадзіна ўжо скарацілася, на гэты момант нельга выходзіць на вуліцу з 21.00 да 6.00, – кажа Вольга Чарных. – Што крыху дзіўна, бо зараз якраз Рамадан, і, адпаведна, усе пойдуць адзін да аднаго ў госці. І калі нехта захварэў, то, натуральна, будзе разносіць вірус.

А вось магазіны працуюць да пяці вечара. І калі раней выхадныя былі пятніца і субота, то цяпер у гэтыя дні дазволена гандляваць, паколькі яны самыя папулярныя для шопінгу. Але рэстараны да гэтага часу знаходзяцца ў вымушаным адпачынку.

Хаця для мясцовых жыхароў гэта не вельмі вялікая праблема, бо ў тым жа Каіры даволі моцна развіта сістэма дастаўкі тавараў. Можна наогул не выходзіць з дому, бо ўсё, што неабходна, прывязуць пад заказ – ад прадуктаў харчавання да адзення і лекаў. Я, напрыклад, з дзецьмі на вуліцу практычна не выходжу, усё заказваем.

Але самыя моцныя абмежаванні закранулі веруючых, паколькі адразу ж аб’явілі аб адмене малітвы ў пятніцу, хаця гэта была абавязковая малітва. Цяпер усе моляцца дома, што вельмі нязвыкла для мусульман.

– Панікі сярод насельніцтва няма?

– У Каіры сітуацыя даволі спакойная. На вуліцах раздаюць маскі, але яны, скажам так, не карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Некаторыя ходзяць у масках і пальчатках, але гэта не масава.

Абмежаванняў на перасоўванне да 21.00 няма, як няма і патрабаванняў да захавання фізічнай дыстанцыі. У вялікіх супермаркетах на падлозе намаляваны рысачкі, каб людзі трымаліся далей адзін ад аднаго, але на практыцы ніхто гэтыя правілы асабліва не выконвае.

– А наколькі дакладную статыстыку па захворваннях дае Міністэрства аховы здароўя Егіпта?

– Сітуацыя тут спецыфічная, бо ў Егіпце дастаткова дарагое тэсціраванне на каранавірус. Каб зрабіць тэст, трэба заплаціць каля 400 фунтаў (прыкладна 25 долараў), не кожны можа сабе дазволіць выкласці такую суму.

Адпаведна, многія проста не праходзяць тэсціраванне, а таму і лічбы, мяркую, не вельмі дакладныя. Яны, да слова, у параўнанні з іншымі краінамі не надта высокія – больш за 7 тысяч чалавек захварэлі на каранавірус, каля 450 памерлі.

Варта таксама адзначыць, што, калі паміраюць людзі сталага веку, то асабліва ніхто і не ўдакладняе дыягназ. Гэта ўжо такі мясцовы менталітэт: памёр – пахавалі. Нярэдка нават ускрыццё не праводзяць, гэта адбываецца ў тым выпадку, калі прычына смерці – крымінал.

– Егіпет заўсёды быў турыстычнай краінай…

– Турыстычная галіна, безумоўна, вельмі моцна пацярпела, бо для многіх мясцовых жыхароў турысты – як паветра і сродак існавання. Зараз гатэлі закрыты, але практычна ўсім ім дзяржава паабяцала фінансавую дапамогу.

Гаспадары гатэляў, наколькі вядома, нават захавалі заробкі сваім супрацоўнікам (па меншай меры на два месяцы), але ўвогуле сітуацыя сумная. І я, напрыклад, не разумею, як турызм з гэтай сітуацыі выкараскаецца.

Усе чакаюць, што пандэмія скончыцца і краіна вернецца да звыклага турыстычнага жыцця.

***

Газета “Народная Воля” № 37 (4495)

Поделиться: