Фота: minsknews.by

Дырэктар філіяла «Агенцтва «Мінсктранс» распавёў «Народнай Волі», як працуюць сёння сталічныя кантралёры.

– У графіку работы кантралёраў нічога не змянілася, – кажа Сяргей Аляксандравіч. – Праўда, сярод іх ёсць людзі сталага ўзросту, і, каб мінімізаваць рызыкі для такой катэгорыі работнікаў, мы ўсім прапанавалі часовы перавод на іншую работу. Таксама тым, хто жадаў, перанеслі ў межах працоўнага года адпачынкі. Усе астатнія працуюць у штатным рэжыме, хаця кантралёраў, натуральна, стала крыху менш: калі раней у будны дзень працавалі ў сярэднім каля 250 кантралёраў, то зараз – каля 160.

– Якія меры бяспекі прымаюцца перад выхадам на працу?

– Кожнага кантралёра мы забяспечваем на змену камплектам з васьмі шматразовых масак, аднаразовымі пальчаткамі і антысептыкам.

– Адносна нядаўна разам з кантралёрамі ў транспарце працавалі і звычайныя людзі з павязкамі «дружыннік», але апошнім часам іх не бачна.

– Пакуль мы прыпынілі працу добраахвотнай дружыны. Дружыннікам, да слова, мог стаць любы супрацоўнік структуры «Мінсктранса», калі з’яўлялася жаданне дапамагчы ў працы кантралёрам.

– Гарадскія ўлады Таліна прынялі рашэнне адмяніць плату за праезд і праверку білетаў у грамадскім транспарце для ўсіх катэгорый пасажыраў, каб звесці да мінімуму фізічныя кантакты паміж людзьмі, якія ўзнікаюць як пры куплі білета ў вадзіцеля, так і пры праверцы квіткоў кантралёрамі…

– Праца грамадскага транспарту ў Мінску не спынілася і практычна не змянілася. Гэта значыць, што аб’ёмы работы не зменшыліся, а недзе нават і павялічыліся, бо інтэрвалы руху транспарту сталі меншыя.

Таму і пасажыры ездзяць, і выручку збіраць трэба. Калі прыбраць кантралёраў, то іх жа патрэбна некуды ўладкаваць, ці не так? Можа быць, калі зменшацца аб’ёмы перавозак, будуць нейкія карэктывы і ў рабоце кантралёраў, але пакуль працуем па-ранейшаму.

– Ці ёсць сярод кантралёраў захварэлыя на каранавірус?

– На шчасце, няма ніводнага пацверджанага выпадку.

***

Газета «Народная Воля» № 37 (4495)