Сяргей Ціханоўскі. Фота https://www.svaboda.org

Выглядае, што на гэты раз хваля арыштаў блогераў звязана з шостымі ў гісторыі Беларусі выбарамі прэзідэнта, прызначанымі Палатай прадстаўнікоў на 9 жніўня. Бачна нават няўзброеным вокам, што «паляванне» было ў асноўным на тых, хто мала-мальскі «засвяціўся» вакол блогера Сяргея Ціханоўскага, які таксама заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

«Вісячы» арышт – шыкоўны кручок

Пераследавалі Ціханоўскага цэлыя два дні, пакуль урэшце 6 мая з удзелам АМАПа не затрымалі ўзорна-паказальна ў Магілёве. А затым даставілі яго пад канвоем у ізалятар часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама.

Толькі праз дзень прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава патлумачыла, што Ціханоўскі затрыманы на падставе пастановы суда Савецкага раёна Гомеля аб адміністрацыйным арышце. Арышт гэты «вісеў» на блогеры з 10 студзеня за ўдзел у снежаньскай акцыі пратэсту ў Мінску супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй і быў, як і ў многіх іншых грамадзян, другой па ліку «падзякай» за падтрымку незалежнасці краіны.

Першыя 15 сутак Ціханоўскі спраўна адседзеў у Гомельскім ізалятары. І, пакуль знаходзіўся за кратамі, у міліцыі саспеў другі адміністрацыйны пратакол на яго – на чарговыя 15 сутак. Але адбыць адным заходам два арышты Ціханоўскаму прадбачліва не далі – выпусцілі на волю.

З дапамогай праваабаронцаў Ціханоўскі абскардзіў новы арышт у Гомельскім абласным судзе. Але скарга яго, сцвярджае гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, была адхілена абласным судом 7 лютага, у гэты ж дзень пастанова на арышт набыла юрыдычную моц.

Існуючае заканадаўства патрабуе, каб адміністрацыйнае пакаранне было ажыццёўлена цягам трох месяцаў. Іначай яно аўтаматычна скасоўваецца. Акурат 6 мая – апошні дзень, калі Ціханоўскага можна было законна адправіць на нары. Так што «студзеньскія 15 сутак» сталі яшчэ і своеасаблівым кручком, за які можна было пацягнуць, каб ізаляваць палітызаванага блогера.

Высунуўся – атрымай

Прэтэндэнтам на ўдзел у выбарах да 15 мая неабходна падаць заяўку на рэгістрацыю
сваёй ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў.

Цяпер у спадара Ціханоўскага такой магчымасці не будзе.

Заўважу: кампанія напорыстага блогера актыўна шыбавала не толькі ў інтэрнэце, але і па вуліцах беларускіх малых і вялікіх гарадоў. Уладныя структуры хутка сцямілі, што публічнай «дулі ад старшыні Добрушскага райвыканкама Вольгі Мохаравай» сябрам актывістам Ціханоўскага замала. У Магілёве затрымалі і асудзілі шэраг прыхільнікаў блога «Страны для жизни», якія выйшлі бараніць Сяргея Ціханоўскага.

У Гомелі 7 мая судзілі «за кармленне галубоў з Ціханоўскім» у цэнтры горада мясцовага актывіста Васіля Рэпніна (штраф 135 рублёў) і жыхара прыгараднай вёскі Рудня-Марымонава Аляксея Саламашанку (арышт 15 сутак). Па прыкладзе жыхароў Брэста і ў горадзе над Сожам сталі «карміць галубоў» і абмяркоўваць сітуацыю ў краіне. Галубы – птушкі міру сталі ў нейкім родзе яшчэ і сімвалам яднання. Але і гэта яшчэ не ўсё.

Нягледзячы на суды, 7 мая ў Гомелі іншыя прыхільнікі Ціханоўскага зноў выйшлі на
цэнтральную плошчу горада, каб ужо наўпрост выказаць падтрымку яму і пакараным актывістам. Міліцыя з удзелам байцоў АМАПа затрымала два дзясяткі пратэстоўцаў. Але арыштавалі «па гарачых слядах» толькі бліжэйшага паплечніка Ціханоўскага
Юрыя Уласава. 8 мая суд Цэнтральнага раёна Гомеля пакараў яго за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства максімальным адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. Так што цяпер Уласаў і Ціханоўскі, магчыма, у адным ізалятары. Апошні, дарэчы, праз свайго адваката Пятра Барысава пацвердзіў 9 мая, што, нягледзячы на ўсё, сапраўды будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Ён мае паплечнікаў, якія на падставе раней аформленых даверанасцяў своечасова пададуць неабходныя дакументы ў Цэнтрвыбаркам на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.

Чаму ўлады занепакоіліся палітычнай актыўнасцю блогера Ціханоўскага?

– Адказ ляжыць на паверхні. Ціханоўскі здолеў ачоліць пратэстны настрой, пратэстныя акцыі. Ён мабільны, запачаткаваў «дом на колах», ездзіць па краіне, выслухоўвае праблемы людзей, здымае відэаролікі пра іхняе жыццё. Адсюль і падтрымка, – лічыць Леанід Судаленка, які сачыў за судовымі працэсамі супраць блогера.

***

Газета «Народная Воля» № 38 (4496)