Кожны дзень новыя лічбы інфікаваных нагадваюць аб пашырэнні эпідэміі каранавіруса ў Беларусі. На Гродзеншчыне пераважная большасць захварэлых жыве ў гарадах. «Народная Воля» пацікавілася, як ва ўмовах пандэміі каранавіруса пачуваюцца нашы чытачы ў вёсках, мястэчках і невялікіх гарадках.

Усё даволі панура

Алесь Дзергачоў жыве ў Смаргоні. Ён пенсіянер, чытачом «Народнай Волі» з’яўляецца больш за дзесяць гадоў. Часта бывае на вёсцы – там жыве яго дачка. Паводле ўражання Дзергачова, у сельскай мясцовасці можна падумаць, што наогул ніякага каранавіруса няма.

«Ніхто не носіць масак, нават калі прыходзіць у краму альбо на пошту. Нават размовы толькі пра гаспадарчыя справы: ці пасеялі, пасадзілі і г.д., – кажа мой суразмоўца. – У інтэрнэце людзі не сядзяць, а па тэлебачанні паказваюць, што ў нас усё добра».

У Смаргоні, паводле слоў спадара Алеся, сітуацыя выглядае інакш, бо частка людзей прыходзіць у крамы ў масках, імкнуцца прытрымлівацца дыстанцыі, апрацоўваюць рукі дэзінфікуючымі сродкамі, хаця заўважна, што такіх меншасць. Падаражэлі ў крамах імпартныя прадукты кшталту бананаў, апельсінаў, мандарынаў.

«Наогул, знешне ў нашай Смаргоні ўсё выглядае даволі панура, – заўважае пенсіянер. – Людзі абмяркоўваюць сітуацыю, відавочна, што яна ўсіх хвалюе, а пэўнай інфармацыі аб стане рэчаў нават у нашым раёне няма».

Са слоў спадара Дзергачова, раённая прэса не спяшаецца паведамляць аб колькасці захварэлых у раёне. Ён збіраецца пісаць запыты ў райвыканкам, каб усе маглі ведаць, колькі хворых у горадзе і якія захады робяцца для прыпынення распаўсюджвання каранавіруса.

«Смаргонцы нядаўна даведаліся з агульнарэспубліканскага сайта, што ў раёне 42 чалавекі інфікаваны, а мясцовыя СМІ нам пра гэта нічога не кажуць», – канстатуе Дзергачоў.

Накіраванне на тэст толькіў выключных выпадках

Яшчэ адзін жыхар Смаргоні Юрый Кутузаў распавёў «Народнай Волі», як даводзіцца лячыцца ва ўмовах каранавіруса. У яго ўсё пачалося з тэмпературы, у чарзе да доктара давялося сядзець тры гадзіны, атрымаў накіраванне на рэнтген, але здымак нічога не паказаў.

«Я пачаў дамагацца накіравання на тэсціраванне на каранавірус, бо ў аднаго майго знаёмага рэнтген таксама некалькі разоў нічога не паказваў, а калі яму зрабілі тэст, то адразу адвезлі ў інфекцыйны шпіталь, – распавядае Кутузаў. – Але мне накіраванне не далі, бо яго можна атрымаць толькі ў выключных выпадках. Добра што хоць выпісалі бальнічны ліст».

Юрый ужо другі тыдзень на бальнічным, тэмпературы няма, але кашаль не праходзіць, а тэст на каранавірус зрабіць не можа.

Праз пару дзён пасля яго захварэў 9-гадовы сын, узнялася высокая тэмпература. Паспрабавалі выклікаць доктара на дом, але ў паліклініцы параілі лепш прыйсці самім, бо давядзецца доўга чакаць: маўляў, шмат пацыентаў.

«Ну і што, мы хоць і былі ў масках, але сядзелі адзін каля аднаго ў прыёмнай доктара. Людзей шмат, нехта кашляе, яшчэ камусьці зусім дрэнна… – распавядае Кутузаў. – Такое адчуванне было, што мы там сядзелі апошні раз. Асабліва страшна за дзіця».

Але і гэта яшчэ не ўсё. У жонкі Юрыя на працы калега з’яўляецца кантактам першага ўзроўню. Жонку на самаізаляцыю не адправілі, пра тэсты нават гаворкі няма, і ніхто нічога пэўнага не кажа.

«Словамі нельга перадаць, што мы ўсе зараз адчуваем, – кажа Кутузаў. – Стан унутранай напружанасці не пакідае. І невядома наогул, што з намі будзе».

«Ніхто не прызнае каранавірус»

Уладзімір Трахімчык жыве ў Гродзенскім раёне, у вёсцы Галавачы. Ён кажа, што хворых у вёсцы няма, людзі ў большасці пандэміяй каранавіруса не пераймаюцца. Маўляў, працы хапае, не да гэтага.

«Абсалютная большасць у царкву, у краму прыходзяць без маскі. Шмат хто наогул не верыць, што такая эпідэмія можа быць, – распавядае Трахімчык. – Гэта яшчэ тыя, у каго дзеці ў Гродне жывуць, маскі маюць і стараюцца па хатах сядзець».

Спадар Уладзімір звяртае ўвагу на тое, што ў вёсцы глядзяць пераважна толькі беларускія праграмы тэлебачання, а ў іх, маўляў, прэзідэнт кажа не пра каранавірус, а пра «каронапсіхоз». І многія яго словы потым у краме паўтараюць.

«Карацей, у вёсцы ўсё, як звычайна», – заключае мой суразмоўца.

«Адкуль вы прыехалі, што маску надзелі?»

Уладзімір Рудзеў з мястэчка Наваельня Дзятлаўскага раёна хоць і пенсіянер, але чалавек актыўны. 22 сакавіка ён вярнуўся са Злучаных Штатаў Амерыкі, дзе быў на заробках. Распавядае, што ў аэрапорце Нью-Ёрка, перш чым пусціць чалавека ў самалёт, кожнаму рабілі тэст на каранавірус, прычым бясплатна. Да дому дабраўся здаровым.

Па вяртанні ў Наваельню яму адразу патэлефанавалі з паліклінікі і загадалі сядзець у хаце на самаізаляцыі.

«Я, як чалавек законапаслухмяны, два тыдні нікуды з хаты не выходзіў, – распавядае Уладзімір Іванавіч. – А калі выйшаў на вуліцу, то ўбачыў, што ў масках толькі прадаўцы ў крамах і на рынку, а ўсе астатнія, за выключэннем некалькіх чалавек, ніякіх мер засцярогі не прадпрымаюць. А калі паехаў на вёску, то там наогул ніхто ні пра якія маскі нават не згадвае».

Мужчына распавядае, што адзін дзень давялося паехаць на маршрутцы ў Ліду. У аўтобусе толькі адзін ён быў у масцы.

«Я быў папросту шакіраваны такім стаўленнем людзей да свайго здарояў, – кажа Рудзеў. – А яны ў мяне пыталіся: адкуль вы прыехалі, што маску надзелі?»

Са слоў Рудзева, у іх мястэчку знаходзіцца санаторый, і дагэтуль відаць, што туды прыязджаюць не толькі беларусы, але і жыхары Расіі. Пакуль усё ціха. Праўда, дадае мужчына, унутры вельмі трывожна, бо мала інфармацыі аб тым, што ў раёне адбываецца. Маўляў, чулі, што хворыя на каранавірус ёсць, але ўсе даведваюцца пра гэта не са СМІ, а праз чуткі.

Поделиться: