Манастыр у Жыровічах. Фота https://www.svaboda.org

На карантыне адзін з галоўных цэнтраў беларускага хрысьціянства — Сьвята-Ўсьпенскі мужчынскі манастыр і Найвышэйшая духоўная сэмінарыя ў мястэчку Жыровічах на Слонімшчыне. Дзясяткі сьвятароў, манахаў і сэмінарыстаў шпіталізаваныя, доступ наведнікаў за манастырскія муры спынены. Прычына — пандэмія каранавірусу, якая зачапіла манастыр.

«Свабода» сабрала зьвесткі пра іншыя эпідэміі ў гісторыі Жыровіцкага манастыра, які сёлета адзначае 500-годзьдзе.

500 гадоў манастыру ў Жыровічах. Асноўныя даты

  • 1470. На ўскрайку маёнтка Жыровічы зьявіўся абраз Маці Божай, названы Жыровіцкім. У гонар падзеі паставілі драўляны храм.
  • 1520. На месцы цудадзейнай знаходкі вакол храма заснавалі праваслаўны мужчынскі манастыр.
  • 1613. Перайшоў у рукі базыльянаў (манахаў грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы, якія зрабілі манастыр галоўным цэнтрам Уніі. Першы ігумен — Язафат Кунцэвіч.
  • 1730. Цудатворны каменны абраз з Жыровіцкага манастыра ўрачыста каранавалі залатымі папскімі каронамі, а Маці Божая Жыровіцкая абвешчана апякункай і заступніцай беларускага народу.
  • 1810–1828. Жыровіцкі манастыр — галоўная рэзыдэнцыя Берасьцейскай уніяцкай эпархіі.
  • 1828–1839. Жыровіцкі манастыр — галоўная рэзыдэнцыя Літоўскай уніяцкай эпархіі.
  • 1839. Падчас цараваньня ў Расеі імпэратара Мікалая I частку манахаў перавялі ў праваслаўе, іншых адправілі ў манастыры за межамі Беларусі.
  • 1921–1939. Пад уладай міжвеннай Польшчы манастырскі храм-кальварыя (царква Узвышэньня Сьвятога Крыжа) знаходзіўся ў карыстаньні рымскіх католікаў.
  • 1945. У Жыровіцкім манастыры адкрытыя пастырскія курсы.
  • 1947. Пачала працаваць духоўная сэмінарыя.
  • 1963. Закрыцьцё сэмінарыі. Пры гэтым у манастыры працягвалі жыць манахі.
  • Канец 1980-х — пачатак 1990-х. Адраджэньне манастыра. Пасьля 26-гадовага перапынку аднавіла працу Менская духоўная сэмінарыя.
  • ХХІ ст. Манастыр стаў рэзыдэнцыяй шэрагу царкоўных ярархаў, тут працуе Найвышэйшая духоўная сэмінарыя, жывуць звыш паўсотні манахаў.

Рыхтаваліся прымаць паломнікаў, а трапілі на карантын

Ня толькі каранавірус. Колькі эпідэмій перажыў Жыровіцкі манастыр за 500 гадоў сваёй гісторыі
Жыровіцкі манастыр

У траўні ў Жыровічах зьбіраюцца адзначыць адразу два вялікія юбілеі. 500-годзьдзе заснаваньня манастыра і 550 гадоў знаходкі сьвятога цудатворнага абраза Маці Божай Жыровіцкай.

Урачыстасьці заплянавалі на 18-20 траўня, чакалася вялікая колькасьць паломнікаў з розных куткоў Беларусі і сьвету, прыезд кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы патрыярха Кірылы, высокапастаўленых чыноўнікаў зь Менску і Масквы.

Будаўнічымі і аднаўленчымі работамі ў свой час тут асабіста апекавалася экс-кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава. Пад яе кантролем скончылі даўгабуд трапэзнай з гатэлем для паломнікаў, на які шмат гадоў не маглі знайсьці сродкаў. Аднавілі драўляны дом, дзе ў свой час жылі царкоўныя ярархі.

Зроблены капітальны рамонт брацкага корпусу і званіцы. Усяго прывялі да ладу блізу трох дзясяткаў аб’ектаў. Аднак маштаб сьвяткаваньняў, на якія разьлічвала падначаленае Маскоўскаму патрыярхату духавенства Беларускай праваслаўнай царквы, можа быць моцна адкарэктаваны.

Неўзабаве пасьля Велікодных богаслужбаў амаль паўсотні насельнікаў манастыра і навучэнцаў сэмінарыі трапілі ў лякарні Слоніма і Горадні з пнэўманіяй ці падазрэньнем на каранавірус. У ліку шпіталізаваных і архіепіскап Наваградзкі і Слонімскі Гурый. Да канца не вядомая агульная карціна, бо цягам некалькіх дзён у малебнах і хрэсных хадах удзельнічала вялікая колькасьць прыхаджанаў рознага ўзросту.

Праз складаную эпідэміялягічную сытуацыю сам меней да 10 траўня манастыр і дом паломнікаў ня будуць прымаць наведнікаў. Службы ў храмах працягнуцца, але ў закрытым для вернікаў рэжыме.

У Жыровічах спадзяюцца, што да юбілейных імпрэзаў «усё нармалізуецца». Хоць не выключаюць і форс-мажору: праваслаўны мітрапаліт Павел апошнім часам неаднаразова заклікаў адзінаверцаў устрымацца ад масавых збораў хаця б да праходжаньня піку распаўсюджаньня каранавірусу.

У Жыровічах былі і чума, і пранцы, і халера

Ня толькі каранавірус. Колькі эпідэмій перажыў Жыровіцкі манастыр за 500 гадоў сваёй гісторыі

Як вынікае з гістарычных дакумэнтаў, гэта ня першае выпрабаваньне хваробамі, якое выпала на долю жыровіцкіх манахаў ды жыхароў мястэчка.

Войны, рэлігійныя канфлікты, гандлёвая актыўнасьць выклікалі і масавыя хваробы, у тым ліку ў Жыровічах, гаворыць у інтэрвію Свабодзе слонімскі краязнаўца Сяргей Чыгрын.

У сярэдзіне ХV стагодзьдзі беларускія землі хай не ў такой ступені, як заходняя і паўднёвая частка Эўропы, апынуліся пад уладай чумы. Гэта прыблізна той час, калі ў Жыровічах пачалі закладаць манастыр. У якой ступені пацярпелі яго першыя насельнікі, дакладна невядома. Але памерлых было шмат.

Былі і пошасьці, выкліканыя міграцыяй насельніцтва. Як прыклад Чыгрын прыводзіць габрэяў, якія беглі ад пагромаў, што хваляй пракаціліся па эўрапейскіх краінах, і прыносілі з сабою хваробы.

«У 1605 годзе тагачасны ўладальнік Жыровіцкага маёнтку Іван Солтан забіў аднаго габрэя за тое, што той занёс «заразу ў мястэчка», — цытуе ён запісы сваіх архіваў. — Гэтай заразай, відаць, былі пранцы, сыфіліс — распаўсюджаны ў Эўропе, але яшчэ мала вядомы сярод беларусаў».

Ня толькі каранавірус. Колькі эпідэмій перажыў Жыровіцкі манастыр за 500 гадоў сваёй гісторыі

Больш зьвестак захавалася пра пазьнейшы час. У пачатку ХVIII стагодзьдзя распачалася Паўночная вайна паміж Швэцыяй і Расеяй. Беларуская тэрыторыя ў складзе Рэчы Паспалітай стала пляцдармам для баёў. Жыровіцкі манастыр і яго маёнткі былі спустошаныя швэдзкімі войскамі, якія ўзялі зь яго велізарную кантрыбуцыю.

Цягам 1708–1712 гадоў у Беларусі і Літве былі адзначаныя выбухамі чумы, якая прывяла да масавай гібелі насельніцтва. Паводле архіўных зьвестак, як і іншыя мясцовасьці, гэтая пошасьць спустошыла і Жыровіцкі манастыр. З усіх насельнікаў у жывых застаўся толькі ераманах Мікалай Акуневіч. У адзіночку ён пахаваў больш за 600 братоў па веры ды месьцічаў — спачатку на могілках, а затым паўсюдна на тэрыторыі манастыра, нават на агародах.

Празь нейкі час манастыр адрадзіўся, былі збудаваныя новы манаскі корпус, падсобныя памяшканьні, агароджа. Паўстала драўляная Георгіеўская (Юр’еўская) царква — пяты па ліку храм Жыровічаў. Храм знаходзіцца якраз на старых могілках, на так званай «Юр’евай горцы». 6 траўня ў дзень сьвятога велікамучаніка Георгія (паводле новага стылю), пасьля літургіі ва Ўсьпенскім саборы браты манастыра, навучэнцы духоўных школаў і паломнікі хрэсным ходам накіроўваюцца ў Георгіеўскі храм, дзе адбываецца малебен.

Паводле зьвестак Сяргея Чыгрына, у 1831 годзе ў Жыровічах гаспадарыла халера. Мясцовую сэмінарыю перад задушэньнем антырасейскага паўстаньня занялі царскія салдаты, але вельмі хутка пакінулі яе, ратуючыся ад халеры. Сэмінарысты не адразу пачалі заняткі з прычыны гэтай пошасьці.

Няма дакладных зьвестак, як манахі супрацьстаялі «гішпанцы» — небясьпечная форма грыпу ахапіла плянэту ў апошні год Першай сусьветнай вайны. Эпідэмія працягвалася да 1920 году і забіла, паводле розных ацэнак, да 100 мільёнаў чалавек з паўмільярда інфікаваных.

Падобна, што манастыр тым разам навала абышла бокам, бо вядома, што асноўны ўдар хваробы прынялі Віцебшчына і Магілёўшчына.

Каранавірус у вершы сучаснага манаха

Ня толькі каранавірус. Колькі эпідэмій перажыў Жыровіцкі манастыр за 500 гадоў сваёй гісторыі
Манах Іаан

Чарговае выпрабаваньне — на гэты раз каранавірусам — насельнікі Жыровічаў успрымаюць стаічна. Самы стары манах Беларусі Іаан, які да пострыгу быў вядомы як паэт Зьніч, музыка, філёзаф Алег Бембель, на сусьветную навалу адрэагаваў паэтычнымі радкамі:

Без «намордніка» на ўзгорку
Вызнаю імунітэт.
Мне і соладка, і горка
Рыхтавацца на той сьвет.
Соладка — бо стрэне Збаўца.
Горка — ад былых грахоў.
Божа, дай мне не паддацца
Здрадзе й кінуць шлях Хрыстоў!

Чым слаўныя Жыровічы

Жыровічы месьцяцца недалёка ад Слоніма. Асноўная славутасьць мястэчка — мужчынскі Сьвята-Ўсьпенскі манастыр, заснаваны ў сярэдзіне XV стагодзьдзя.

Згодна з паданьнем, у 1470 годзе ля маёнтку, у кроне дзікай грушы, пастухі знайшлі цудатворны абраз Божай Маці, выразаны зь яшмы. І аднесьлі ўладальніку гэтай мясцовасьці, земскаму падскарбію ВКЛ Аляксандру Солтану. Пан не зьвярнуў увагі на аповед, але паклаў абраз у куфэрак. Празь нейкі час гаспадар хацеў паказаць знаходку гасьцям, аднак у скрынцы нічога не знайшоў. Неўзабаве тыя ж пастухі знайшлі абраз на месцы першага зьяўленьня. Тады Солтан прыняў абраз з пашанай і збудаваў на месцы знаходкі драўляную царкву ў гонар Прасьвятой Багародзіцы. Побач паўстала селішча, а цуды зрабілі Жыровічы месцам паломніцтва.

У 1520 годзе здарыўся пажар, храм згарэў, абраз прапаў. Пошукі іконы плёну ня мелі. Аднойчы сялянскія дзеці недалёка ад папялішча ўбачылі Дзеву, якая сядзела на камені. Людзі са сьвятаром накіраваліся туды і пабачылі на камені запаленую сьвечку і цудатворны абраз. Надворны маршалак ВКЛ Іван Аляксандравіч Солтан, якому маёнтак перайшоў у спадчыну, у гонар другога аднойдзеньня іконы заклаў на тым месцы новую мураваную царкву. Прастолам стаў камень, на якім сядзела Прасьвятая Дзева Марыя. А ўжо пры храме паўстаў праваслаўны мужчынскі манастыр.

Ня толькі каранавірус. Колькі эпідэмій перажыў Жыровіцкі манастыр за 500 гадоў сваёй гісторыі

У 1613-м манастыр перайшоў манахам грэка-каталіцкай царквы і стаў галоўным цэнтрам Ордэну Найсьвяцейшай Тройцы. Першым ігуменам быў Язафат Кунцэвіч. Базыльяне ўзьвялі комплекс з мураваных храмаў барочнай архітэктуры. У 1730-м у прысутнасьці тысяч вернікаў візантыйскага і лацінскага абраду цудатворная ікона была каранаваная дзьвюма залатымі папскімі каронамі, а Маці Божая Жыровіцкая абвешчаная апякункай і заступніцай беларускага народу. У 1810–1828 манастыр быў рэзыдэнцыяй Берасьцейскай уніяцкай эпархіі, а да 1839-га — Літоўскай. Пасьля на загад расейскага імпэратара Мікалая I яго перавялі ў праваслаўе.

Ад 1921-га да верасьня 1939-га Жыровічы ўваходзілі ў склад Польшчы. У міжваенны час манастырскі храм быў у карыстаньні рымскіх каталікоў, у частцы комплексу працавала сельскагаспадарчая школа. І пры тым у манастыры жылі 10 манахаў.

Нягледзячы на войны і атэістычную палітыку савецкай улады, у ХХ стагодзьдзі манастыр функцыянаваў бесьперапынна. Тут знайшлі прытулак манахі і манашкі, выгнаныя бальшавікамі зь іншых манастыроў — Нараджэньня Багародзіцы з Горадні і Спаса-Эўфрасіньнеўскага з Полацку . У 1945-м запрацавалі пастырскія курсы. Праз два гады яны былі ператвораныя ў сэмінарыю, якая праіснавала да пачатку 1960-х.

За часамі перабудовы пачалося адраджэньне манастыра. У 1989-м аднавіла працу Менская духоўная сэмінарыя, якой з абвяшчэньнем незалежнасьці быў нададзены статус вышэйшай духоўнай школы з прысваеньнем імя сьвяціцеля Кірылы Тураўскага. Тут займаюцца больш за 100 сэмінарыстаў.

Ансамбаль Сьвята-Ўсьпенскага манастыра ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь як каштоўнасьць першай катэгорыі. Тут жывуць, моляцца і працуюць паўсотні манахаў.

У комплекс уваходзяць Богаяўленская, Крыжаўзьдзьвіжанская царква і Усьпенскі сабор са званіцай, царква іконы Божай Маці Жыровіцкай, зімовы храм у імя сьвяціцеля Мікалая Цудатворца, царква Сьвятога Георгія, сэмінарыя, манастырскі комплекс, трапэзная, гаспадарчыя пабудовы, падворак. Манастыр забясьпечвае сябе прадукцыяй з уласнага гароду.

Галоўная сьвятыня — цудатворны абраз Божай Маці Жыровіцкай. Гэта самая маленькая з шанаваных іконаў, 5,6 на 4,4 сантымэтра. Асабліва шанаванае сьвята — зьяўленьне абраза — 7/20 траўня. Менавіта на гэтую дату і заплянавалі юбілейныя падзеі.