Фота http://www.zviazda.by

Удзельніку легендарных «Песняроў» Уладзіславу Місевічу, які нарадзіўся 8 мая 1945 года, — 75 гадоў. Прапануем інтэрв’ю з юбілярам.

Яны распісаліся ў высакосным годзе, праз дваццаць гадоў фактычнага шлюбу, — і шчаслівыя.

Вольга і Уладзіслаў Місевічы нарадзіліся хоць і ў розныя месяцы, але ў адзін дзень — 8 чысла. У іх жыцці шмат і іншых цікавых супадзенняў, а разам яны ўжо больш за трыццаць гадоў.

У мінулым годзе была надрукавана кніга ўспамінаў Уладзіслава Місевіча «Песняры. Я роман с продолженьем пишу…». Здавалася б, прыхільнікі і журналісты, якія грунтоўна ў тэме, усё ведаюць пра гісторыю «Песняроў». Але ж растыражавана і шмат таго, што не адпавядае рэчаіснасці… Цяпер жа вядома з першых вуснаў, як гэта было. Мабыць, мая любімая частка — тая, у якой Уладзіслаў Місевіч апавядае пра сваё пасляваеннае дзяцінства, гісторыю сваёй сям’і, сабраную па крупінках, і асабістае жыццё. Паляк па пашпарце, у пэўны перыяд жыцця Уладзіслаў Людвігавіч разважаў: хто ён? Паляк, савецкі чалавек, на чвэрць беларус, бо і тут была радня? У перыяд, калі «краіна і ансамбль, якія мне ўсё далі, адначасова руйнаваліся», ён усё-ткі ніяк не мог зразумець для сябе, кім стане за межамі Беларусі, і таму «адусюль у лічаныя дні зрываўся ў Мінск». Хоць была магчымасць застацца і ў Маскве, і ў Нью-Джэрсі. Знаёмства з Вольгай паставіла кропку ў «роздумах, хто я і дзе мне жыць».

А вось як аб гэтым успамінае Вольга:

— Пазнаёміліся мы выпадкова. Забегла да сваёй сяброўкі, што называецца, у тапачках. А там яе кавалер са сваім сябрам. Я, вядома, чула «Песняроў», але Улада не пазнала. Калі сказалі, што гэта «пясняр», захаплення навіна ў мяне не выклікала. Прыгадала, колькі размоў хадзіла ў горадзе пра іншых артыстаў калектыву: той сустракаецца з адной, той расстаўся з другой… Мінск у 1987 годзе быў не такі ўжо вялікі горад, чуткі і плёткі хутка разыходзіліся. Праўда, пра Улада нічога такога не расказвалі, відаць, усе яго прыгоды здараліся на гастролях. А ў гасцях у сяброўкі мы з ім пагутарылі, і нешта мяне зачапіла. Думала, ненадоўга, а аказалася — на ўсё астатняе жыццё.

— Да сустрэчы ў вас абаіх ужо быў вопыт сямейнага жыцця…

Да таго моманту я чатыры гады была ў разводзе, майму сыну Дзіму споўнілася шэсць гадоў. Улад тады таксама пару гадоў як разышоўся з жонкай. У яго ёсць дачка Караліна ад першага шлюбу. Нашы дзеці нарадзіліся ў адзін дзень — 24 жніўня, але з розніцай у 10 гадоў.

Праз колькі часу пасля знаёмства згулялі вяселле?

У. М. — Праз дваццаць гадоў распісаліся. Трэба сказаць, вельмі многіх здзівілі, бо ўсе былі ўпэўненыя, што мы даўно ў афіцыйным шлюбе. Пра адсутнасць штампаў у пашпарце ведалі толькі вельмі блізкія людзі. Вяселля ў нас не было. Калі першы раз ажаніўся, спраўляў вяселле, і чым гэта скончылася? Адно добра: пазычыў у бабулі 200 рублёў на застолле, яна сказала, што давядзецца дажыць да таго часу, калі змагу аддаць. І дачакалася!

В. М. — Толькі Місевіч мог выбраць такі дзень — 29 лютага. Улад ехаў з калектывам з Масквы ў Брэст, выйшаў з цягніка ў Мінску, каб зайсці ў загс. Затым мы на машыне даганялі гурт, бо ў Брэсце быў канцэрт. З Брэста паехалі ў Віцебск — такое вось своеасаблівае вясельнае падарожжа. А «Беларускія песняры» выступалі і не ведалі, што пэўным чынам спяваюць на вяселлі.

— Вольга, не бянтэжыў вас усе гэтыя гады статус нявесты?

— Абсалютна не бянтэжыла адсутнасць штампа ў пашпарце. Для мяне значна важней, што адчувала я сябе замужам за каханым і надзейным чалавекам.

— А як у вас складваюцца адносіны з Каралінай?

— Дзеці заўсёды цяжка перажываюць развод бацькоў і раўнуюць да новых другіх палавінак. Караліна ставілася да мяне халаднавата. Я разумела яе пачуцці. Так атрымалася, што 15 гадоў пасля разводу Улад не размаўляў са сваёй былой жонкай Таццянай. Караліну гэта зусім не радавала. Ды і я лічыла, што з боку Улада гэта ўжо перабор, але ён упарты. З часам у мяне з Каралінай склаліся добрыя адносіны. Рада, што і нашы дзеці даўно сябруюць, Дзіма тэлефануе ёй і кажа: «Прывітанне, сястрычка».

Уладзіслаў Місевіч: Ніколі не позна стаць шчаслівым
Такімі яны пазнаёміліся.

— Уладзіслаў, ці хутка вы знайшлі агульную мову з Дзімам?

— Не скажу, што ўсё было бясхмарна, пару разоў сур’ёзна канфліктавалі. Калі Дзіма скончыў школу, мы з Оляй, напэўна, як большасць бацькоў, выбралі інстытут, вырашылі, што юрыст — добрая прафесія для хлопца. Дзіма хутка зразумеў, што гэта не яго прызванне, і пайшоў служыць у войска. За абодва гэтыя ўчынкі паважаю сына. У арміі ён трапіў у ракетныя войскі, атрымаў правы прафесійнага кіроўцы. Пасля службы мы, зноў жа, думалі, што сыну неабходны дыплом, а Дзіма пайшоў працаваць на СТО, і вось гэта сапраўды яго справа, ён проста фанат аўтамабіляў. У майго цесця — залатыя рукі, ён мог змайстраваць усё што заўгодна. А Дзіма ў дзяцінстве часта круціўся каля дзеда, вось і адбілася спадчыннасць. Мне асабліва даспадобы, калі мае сябры адзначаюць, што Дзіма — выдатны майстар і прыемны ў зносінах чалавек. Для мяне Дзіма не толькі сын, але і сябар.

— А чым займаецца Караліна?

— Дачка скончыла харэаграфічнае вучылішча і спачатку выкладала ў школе рытміку, а сярод яе вучняў быў малодшы сын Мулявіна — Валера. Затым Караліна нейкі час працавала актрысай у прыватным драматычным тэатры. У пачатку 90-х усе імкнуліся паехаць працаваць за мяжу. Неяк дачка сказала, што ёсць магчымасць з’ехаць у Польшчу. Прызнаюся, падняў усе знаёмствы, каб пераканацца, што гаворка сапраўды пра танцавальны калектыў, ніякага падману. Тады са спакойнай душой адпусціў яе. З тых часоў яна жыве за мяжой. Танцавала ў Польшчы, Германіі, потым выйшла замуж за англічаніна. У дачкі выявіўся талент да замежных моў. Цяпер яна валодае польскай, нямецкай і англійскай. Ужо шмат гадоў жыве ў Англіі, даволі паспяхова займаецца рыэлтарскай дзейнасцю. Унуку Майклу Чарльзу 20 гадоў, ён студэнт… На жаль, з дачкой я меў зносіны не так шмат, як хацелася б. Калі яна ўжо жыла за мяжой, у мяне былі складаныя перыяды з фінансавага пункту гледжання, нават патэлефанаваць лішні раз не мог, не кажучы пра тое, каб з’ездзіць да яе. Цяпер, на шчасце, можам кантактаваць хоць штодня. Яна з сям’ёй прыязджала ў Беларусь, і мы не раз гасцявалі ў яе.

Уладзіслаў Місевіч: Ніколі не позна стаць шчаслівым

— Вольга, наколькі шыкоўнае было жыццё жонкі «песняра»?

— Першыя пяць гадоў нашага сумеснага жыцця былі не такія ўжо лёгкія. «Песняры» тады перажывалі не самы лепшы перыяд. Ва Улада ў калектыве была дадатковая нагрузка: адказваў за дысцыпліну, займаўся адміністрацыйнымі пытаннямі. Прыязджаў з гастроляў: бяссоніца, лекары. Тады «Песняроў» маглі закінуць на тры месяцы на гастролі ў Афрыку. Уражанняў, вядома, мора, а вось грошы артысты зараблялі ў асноўным для дзяржавы, а самі атрымлівалі сутачныя. Так што асаблівай раскошы не было.

— У 1992 годзе Уладзіслаў сышоў з «Песняроў» і заняўся бізнесам. Як тады змянілася ваша жыццё?

— Не вельмі яму падабалася гэта роля. Асабліва перажываў, калі яго называлі «былым «песняром». Што датычыцца грошай, то не так ужо і шмат іх было, раз-пораз нават даводзілася спрашчаць меню. Часам, мой заробак інжынера перавышаў даходы Улада. У бізнес жа трэба ўкладваць вялікую частку заробленага. Ведаеце, Улад сыходзіў на работу ў восем раніцы, прыходзіў у пяць вечара. Здавалася б, мне трэба радавацца. Але я бачыла: бізнес — гэта не для яго. Ён гэта робіць, таму што трэба ўтрымліваць сям’ю. Вочы ў яго не гарэлі… Яго — гэта музыка. Таму не дзіўна, што як толькі з’явіўся пэўны прыбытак, Уладзіслаў разам з партнёрамі заснаваў дабрачынны фонд. Пяць навучэнцаў і пяць выкладчыкаў музычнага каледжа пры Акадэміі музыкі атрымлівалі стыпендыі.

У. М. — У той час рэктарам Акадэміі музыкі быў Міхаіл Казінец, і з ім таксама наладзілі супрацоўніцтва: заахвочвалі студэнтаў, якія перамаглі ў конкурсах, імкнуліся дапамагчы і настаўнікам-пенсіянерам. Для мяне гэта была аддушына, я адчуваў сябе патрэбным для музыкантаў.

— А як вы, Вольга, успрынялі той факт, што Уладзіслаў вяртаецца ў «Песняры»?

— Я радавалася. А Улад!.. Вы б яго тады бачылі: вочы гараць, чалавек ажыў, колькі энергіі! Для мужчыны вельмі важна займацца любімай справай. Праз год ужо ўтварыліся «Беларускія песняры», і гэта быў вельмі добры перыяд у жыцці.

У. М. — У 1998 годзе мы думалі, што «Беларускія песняры» пражывуць гадоў пяць. Але ўжо адзначылі дваццацігоддзе. Усе гэтыя гады працуем у стабільным складзе. Галоўнае, што мы не забранзавелі, а ўвесь час шукаем нешта новае, імкнёмся зрабіць лепш і цікавей. Ды і з пункту гледжання заробку гэта быў удалы час. Толькі адзін штрых: у «Беларускіх песнярах» мы ўпершыню адправіліся за мяжу ў адпачынак, а не на гастролі.

— Уладзіслаў, у сваёй кнізе вы адзначалі, што да разбурэння першага шлюбу «прыклалі руку» і бацькі жонкі. А як бацькі Вольгі вас прынялі?

— Кажуць, калі хочаш даведацца, якая будзе твая жонка праз 20—30 гадоў, пазнаёмся з цешчай. Дык вось, калі ўбачыў Алену Дзмітрыеўну, канчаткова зразумеў, што Вольгу нельга адпускаць.

В. М. — Памятаеце, быў тэлеканцэрт «Беларускіх песняроў», прысвечаны 8 сакавіка? У ім удзельнічала і мая мама. Уладзік, трымаючы яе пад руку, віншаваў усіх цешчаў са святам. Наогул, ён любіць часам пахваліцца: «А цешча ў мяне, між іншым, Герой сацыялістычнай працы».

Уладзіслаў Місевіч: Ніколі не позна стаць шчаслівым
Злева направа, унізе: сястра Вольгі Таццяна, нявестка Вольга, Алена Дзмітрыеўна, уверсе: Вольга, Дзіма і Уладзіслаў.

— Колькі ў вас на дваіх унукаў?

В. М. — Чацвёра! Дзіма доўга не жаніўся, і мы нават на яго трохі насядалі, што хочацца ўнукаў. Так склалася, што сын ажаніўся са сваім першым каханнем, маёй цёзкай. Па маладосці яны рассталіся, а праз 15 гадоў, як аказалася, пачуцці нікуды не сышлі. Оля да таго часу разышлася з мужам, у яе двое сыноў. Тры гады таму ў іх нарадзілася дачушка Каця. Вядома, у сыноў Олі ёсць родныя дзядулі і бабулі, але цяпер яны і нашы ўнукі таксама.

Уладзіслаў Місевіч: Ніколі не позна стаць шчаслівым

Уладзіслаў Місевіч: Ніколі не позна стаць шчаслівым

— Уладзіслаў, якую параду вы сённяшні, маглі б даць сабе 24-гадоваму?

— Нічога ніколі не позна. Канчаткова я сышоў з «Песняроў» у 1998 годзе, ва ўзросце 53 гадоў. Валерый Дайнека і Ігар Пеня маладзейшыя за мяне, але таксама былі ў тым узросце, калі калегі ў асноўным сыходзілі з эстрады. Мы працуем ужо 21 год у стабільным складзе, і даволі паспяхова. У асабістым жыцці тым больш ніколі не позна стаць шчаслівым чалавекам.

 Фота з асабістага архіва Уладзіслава Місевіча.