Фота: Іван Ярывановіч

Гарадскія ўлады Гомеля пачалі ладзіць міні-парады каля дамоў ветэранаў вайны. Аддзяленні вайскоўцаў пад бравурныя маршы аркестра страявым крокам праходзяць каля дамоў, дзе жывуць ветэраны. Некаторыя з іх выходзяць са сваіх кватэр на вуліцу і таксама «бяруць пад казырок». Такое дзейства назіралі на днях жыхары вуліцы Жамчужнай, што ў Навабеліцкім раёне Гомеля.

У Чыгуначным раёне ветэранаў вітаюць такім чынам курсанты вайсковага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту разам з гарадскім аркестрам.

Адначасна раённыя афіцыйныя структуры горада ўзяліся купляць фейерверкі для святочных салютаў. Адміністрацыя таго ж Навабеліцкага раёна запланавала выдаткаваць з гарадскога бюджэта 9 тысяч рублёў на фейерверкі да святочных дат. Маецца на ўвазе не толькі Дзень Перамогі, але і Дзень Незалежнасці і, відавочна, Дзень горада.

У сваю чаргу адміністрацыя Цэнтральнага раёна да 9 мая выдаткоўвае 4 тысячы рублёў для святочнага салюта. Крыніца фінансавання – таксама гарадскі бюджэт. Адпаведная інфармацыя размешчана на сайце дзяржаўных закупак пад нумарам 0000102213. Працягласць святочнай забавы – не меней 5 хвілін з агульнай колькасцю 800 выстралаў. Так пазначана ў апісанні спажывецкіх характарыстык прадмета дзяржаўнай закупкі.

Больш сціплай выглядае замова адміністрацыі Савецкага раёна. За паслугу святочнага фейерверка яна гатова заплаціць не больш, як 3 тысячы рублёў.