
Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі распавёў “Народнай Волі” пра гучныя допінгавыя справы і пра тое, як зараз атлеты рыхтуюцца да будучых стартаў.
Нагадаем, што ў жніўні мінулага года стала вядома: беларуская лёгкаатлетка Марына
Арзамасава часова адхілена ад спаборніцтваў праз падазрэнне ў прыняцці допінгу. У допінг-пробе спартсменкі было выяўлена забароненае рэчыва LGD-4033, якое садзейнічае ў тым ліку і нарошчванню мышачнай масы.
Арзамасава запатрабавала ўскрыць пробу “В”, расследаванне праводзіць Незалежны саюз па барацьбе з негатыўнымі з’явамі пры Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
– Кропка ў справе пакуль не пастаўлена, – кажа Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ. – У спартсменкі ёсць сваё тлумачэнне таго, што адбылося, і мы яго ведаем. Зараз яно разглядаецца ў Саюзе па барацьбе з негатыўнымі з’явамі.
– Ці надоўга можа зацягнуцца разгляд?
– Марына адказала на ўсе неабходныя пытанні, і зараз мяч на баку міжнароднай федэрацыі. Напэўна, усе выкладзеныя факты яшчэ раз правяраюцца, але мы не можам на нешта паўплываць альбо нешта паскорыць.
Увогуле, усе былі проста ў шокавым стане ад навіны пра станоўчую допінг-пробу Арзамасавай. Гэтак жа, як і ад інфармацыі пра забаронены прэпарат, знойдзены у арганізме нашага атлета Дзмітрыя Набокава.
– Пры горшым раскладзе якое пакаранне чакае Марыну Арзамасаву?
– Цяжка сказаць, але пра горшы расклад, шчыра кажучы, нават не хочацца думаць.
– Беларуская штурхальніца ядра Надзея Астапчук пасля таго, як закончылася яе дыскваліфікацыя, марыць вярнуцца ў вялікі спорт, але, наколькі вядома, павінна аддаць даволі вялікую суму грошай. Як, на ваш погляд, можа вырашыцца гэта сітуацыя?
– Так, паводле рэгламенту, каб ізноў выступаць, спартсменка павінна вярнуць заробленыя грошы Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі. І сума, скажам так, даволі ўнушальная – некалькі сот тысяч долараў. Пры гэтым сюды ўваходзяць не толькі тыя грошы, якія Надзея атрымала ў якасці прызавых на рукі, але і падаткі, якія вылічылі пасля спаборніцтваў у іншых краінах.
І тут трэба разумець, што Міжнародную федэрацыю наўрад ці можна расчуліць нейкімі
апраўданнямі і чакаць, што яна пойдзе на пэўныя саступкі і зменшыць суму. У яе свая жорсткая прынцыповая пазіцыя, якая тычыцца не толькі Надзеі Астапчук, але і іншых спартсменаў.
– Алімпіяды ў гэтым годзе не будзе, таму планы падрыхтоўкі ў многіх спартсменаў і іх трэнераў змяніліся. Чым атлеты зараз займаюцца?
– У кожнага ёсць пэўная індывідуальная праграма. Мы яшчэ спадзяваліся на чэмпіянат Еўропы, які павінен быў прайсці ў жніўні гэтага года ў Парыжы, але ўжо дакладна вядома, што і ён адменены.
Таму ў сёлетнім сезоне, на жаль, міжнародных стартаў не будзе, а мы будзем акцэнтаваць увагу на чэмпіянаце Беларусі. Усё роўна трэба будзе даць ацэнку таму, як спартсмены падышлі да Гульняў, якія ў гэтым годзе не адбудуцца.
– Днямі ў Беларусі прайшлі першыя афіцыйныя дыстанцыйныя спаборніцтвы па штурханні ядра…
– І трэба сказаць, што да іх быў значны інтарэс з боку балельшчыкаў. У прамым эфіры за стартамі сачылі каля 400 чалавек, а зараз мы маем ужо 1500 праглядаў. А выступалі ж не алімпійцы, а наш рэзерв.
Нам вельмі важны інтарэс балельшчыкаў, але яшчэ важней эмоцыі спартсменаў і трэнераў, якія проста ў захапленні ад такой ініцыятывы. У адсутнасць міжнародных стартаў гэта як глыток свежага паветра. Мяркую, такую форму спаборніцтваў можна будзе практыкаваць і далей.
***
Газета “Народная Воля” № 36 (4494)
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!