“Паэт, які не напісаў ніводнага кепскага радка”

989
Партрэт Анатоля Сыса ў бацькоўскім садзе

4 мая споўнілася пятнаццаць год, як не стала выбітнага беларускага паэта Анатоля Сыса.

Ён памёр у Мінску ў даволі драматычных абставінах. Паэтка і перакладчыца Ала Канапелька тры дні бачыла, як гарэла святло ў яго кватэры. Яна і пачала біць трывогу – выклікала міліцыю. 8 мая 2005 года ў Мінск прыехала сястра Анатоля. Дзверы ўзламалі. Паэт быў ужо мёртвым – памёр ад сардэчнага прыступу.

Сябра паэта, пісьменнік, мастак і выдавец Адам Глобус так адазваўся на страту:

“Для нашай Бацькаўшчыны Анатоль Сыс быў і застанецца вялікім паэтам. Лёс падараваў мне знаёмства з многімі паэтамі, але толькі Анатоль Сыс мог насіць гэта званне без усялякіх азначэнняў. Сыс быў выключным паэтам, і больш нікім. Паэтам, які не напісаў ніводнага кепскага радка. Сыс – проста паэт. У гэтай простасці ягоная веліч”.

"Паэт, які не напісаў ніводнага кепскага радка"
Помнік паэту на могілках у Гарошкаве

Пахавалі Анатоля Сыса на могілках па-над Дняпром у яго роднай вёсцы Гарошкаў, што ў Рэчыцкім раёне. Літаральна праз год сябры і калегі з Саюза беларускіх пісьменнікаў сталі арганізоўваць у вёсцы Гарошкаў да дня народзінаў Анатоля (26.10.1959) свята паэзіі пад назваю: “Дух – гэта, людзі, Я”.

Свята заўсёды пачыналася з ушанавання памяці творцы на могілках каля помніка, які адмыслова вырабіў скульптар Генік Лойка на замову СБП і грамадскасці, і працягвалася ўжо  на падворку роднай хаты паэта. Сюды прыязджалі пісьменнікі, сваякі, грамадскія актывісты, мастакі, барды, журналісты з многіх гарадоў Беларусі, а таксама з Польшчы і Украіны.

Восеньская золь часам моцна шкодзіла святу паэзіі, і гадоў пяць таму яго вырашылі рабіць не ў кастрычніку, а ў маі. Так і павялося. У маі Анатоля Сыса не стала, а паэзія яго, як і прырода, ажывае, цешыць душы землякоў і прыезджага люду.

19 мая 2018 года старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) прапанаваў новую назву святу паэзіі ў Гарошкаве – “Агмень”. Так называлася першая кніжка вершаў паэта, выдадзеная ў 1988 годзе.

“Мы хацелі б, – дадаў Барыс Пятровіч, –  каб літаратурнае свята пашыралася, праводзілася не толькі на падворку хаты, у якой жыў Анатоль, пісаў вершы. Хацелася б, каб свята стала літаратурным фэстам на ўсёй Гомельшчыне, каб як мага больш людзей далучалася да паэзіі выбітнага земляка”.

“Агмень” ў Анатоля – гэта метафара Радзімы, адзін з двух улюбёных вобразаў. Першы – сэрца, другі – агонь, або агмень, сямейны ачаг.

"Паэт, які не напісаў ніводнага кепскага радка"
Родная хата

Анатоль і сам нарадзіўся ў агні, як распавядаюць яго сёстры Валянціна і Тамара. Іхняя маці Марыя была цяжарная Анатолем. Неяк увосень яна затрымалася ў суседскай  хаце, там акурат запальвалі лямпу. Марыя дапамагала, трымала каністру з газай. Гаспадыня ўпусціла лямпу. Каністра з газай разарвалася, усё загарэлася. А ў хаце – васьмёра дзяцей. Марыя ўхваціла адно немаўлятка і выскачыла з агню. І ўжо калі вярталася дахаты, па дарозе пачала нараджаць Анатоля, сваё чацвёртае дзіця ў сям’і.

Анатоль рос цікаўным хлапчуком. Вучыцца пачынаў на роднай мове ў сваёй вёсцы ў пачатковай школе, а калі тую закрылі, пайшоў у бліжэйшую Броненскую сярэднюю школу з рускай мовай навучання. Пасля паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны. Служыў у войску ў Польшчы. Калі дэмабілізаваўся, паспрабаваў сябе на ніве журналістыкі ў веткаўскай раённай газеце “Перамога Кастрычніка”. У 1985 годзе пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся старэйшым спецыялістам на Беларускім тэлебачанні.

Прыканцы 80-х выйшаў другі паэтычны зборнік Анатоля Сыса – “Пан Лес”. З прычыны хваробы страўніка Анатоль пакінуў працу на тэлебачанні і жыў на пенсію. У 2002 годзе выйшла трэцяя прыжыццёвая кніжка паэта, якую ён назваў коратка: “Сыс”.

Пасля смерці Анатоля сябры і паплечнікі выдалі больш поўны зборнік пад назваю “Лён”, куды ўвайшлі не толькі вершы, але і інтэрв’ю з паэтам і яго публіцыстыка.

На свяце мастацкага слова ў Гарошкаве ў 2018 годзе прэзентавалі цудам ацалелы паэтычны зборнік Сыса “Берагі майго юнацтва”, у які ўвайшлі звыш ста шасцідзесяці вершаў, напісаных перадусім у студэнцкія гады, а таксама невядомыя творы пазнейшых часоў. Большасць з іх раней нідзе не друкаваліся.

Тады на свяце выступіў і выкладчык Гомельскага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, паэт Віктар Ярац:

“Анатоль Сыс быў ва ўніверсітэце маім вучнем, мы нават разам выступалі ў рабочых інтэрнатах, куды нас запрашалі на літаратурныя вечарыны. Ужо першыя вершы яго ўражвалі нейкай нешматслоўнасцю, стрыманасцю і нейкім вельмі сваім адчуваннем гэтага свету, у які прыйшоў”.

Паводле Ярца, ужо ў той час адчувалася, калі будзе праца, лёс складзецца літасціва, вырасце Сыс у сур’ёзную з’яву. “І Анатоль паспеў пра сябе заявіць, як пра з’яву надзвычай сур’ёзную, адметную, непаўторную. Ён не спраўдзіў сябе да канца, не рэалізаваў, бо лёс адмераў яму малавата часу”.

У сваю чаргу Яўген Вапа, пісьменнік, рэдактар тыднёвіка “Ніва” з Падляшша, які прыехаў на свята паэзіі ў Гарошкаў, так сказаў пра тутэйшага творцу: “Дзякуючы паэзіі Анатоля Сыса, крыху старэйшага за яго Алеся Разанава, мы, жывучы ў Польшчы, адчувалі, што беларуская літаратура ёсць роўная сярод іншых еўрапейскіх літаратур. Зборнік вершаў “Агмень”, падпісаны Анатолем, стаіць у мяне на паліцы як з ліку святых кніг”.

На падворку бацькоўскай хаты і ў садочку, дзе збіралася грамада, заўсёды гучалі вершы Анатоля. Іх цытаваў амаль кожны выступоўца, ніжэй згаданыя радкі ў тым ліку.

У гэтай краіне ня маю я дому,

вось воблака – сяду і ў свет палячу

над гэтай гаморай, над гэтым садомам,

ні грошай, ні славы – я волі хачу.

Адзначалася таксама, што багата вершаў Анатоля сталі песнямі, музыку да іх напісалі Алесь Камоцкі, Вольга Цярэшчанка, Андрусь Мельнікаў ды іншыя барды.

"Паэт, які не напісаў ніводнага кепскага радка"

"Паэт, які не напісаў ніводнага кепскага радка"
Паэзія ў бацькоўскім садзе

На жаль, сёлета ў маі свята паэзіі на памяць Анатоля Сыса ў Гарошкаве не будзе.

Кіраўнік рэгіянальнага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоль Бароўскі зазначае: “Не збіраемся сёлета з прычыны пандэміі каранавіруса. У СБП нават пасяджэнне Рады з-за гэтага адменена. Прыслухаліся да рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя: трымацца дыстанцыі, самаізаляцыі, не памнажаць эпідэмію праз масавыя сходы ды ігрышчы”.

…У Гарошкаве тым часам зноў зацвіў сад каля роднай хаты Анатоля Сыса. Усыпана ўся белай квеценню і высокая груша, да магутнага ствала якой у дзень паэзіі заўсёды прымацоўваюць партрэт Анатоля. Груша нібы паказвае землякам і ўсяму свету:  высокая паэзія – яна заўжды жывая.


Няма запісаў для адлюстравання