Фото из открытых источников

Польскі Інстытут у Мінску пры падтрымцы выдавецтва «Логвінаў» арганізаваў «Санаторый пад клепсідрай» – цыкл літаратурных чытанняў і размоў пра культавых польскіх аўтараў ХХ і ХХІ стагоддзяў, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты.

Інстытут у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй цалкам пераносіць сваю дзейнасць у віртуальную прастору. Таму сустрэча са знакамітым польскім празаікам Паўлам Гюле, якога лічаць адным з найцікавейшых і найярчэйшых творцаў на мяжы стагоддзяў, адбудзецца 5 мая ў 17.00 у прамым эфіры на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку.

Разам з Марынай Шодай, беларускай перакладчыцай двух яго раманаў і шэрагу апавяданняў, гаворка будзе ісці пра тое, як кнігі Паўла Гюле могуць служыць даведнікам па гісторыі Гданьска і мапай яго вуліц. Пра тое, як у творчасці аўтара рэальнасць робіцца містычнымі перажываннем, а «кніга падзеяў» ператвараецца ў «кнігу цудаў».

Сам пра сябе літаратар кажа: «Люблю пісаць апавяданні і не выношу пісаць раманаў». Але яго дэбютам і сапраўдным выбухам у польскай літературы стаў менавіта раман «Вайзэр Давідзік» – «чароўны міф дзяцінства», як кажуць крытыкі.