Фота https://www.sb.by

У інтэрнэце праходзіць збор подпісаў пад петыцыяй у Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем аб адстаўцы міністра адукацыі Ігара Карпенкі.

Аўтары гэтай ініцыятывы лічаць, што ён не справіўся з выклікамі, якія ўзніклі пад час пандэміі каранавіруса. Міністр адукацыі, па іх меркаванню, павінен сысці ў адстаўку, а ў краіне павінна быць арганізавана дыстанцыйнае навучанне з улікам пералічаных у звароце пунктаў, па якіх недапрацавала міністэрства.

Сярод прэтэнзій да Міністэрства адукацыі: яно не здолела арганізаваць дыстанцыйнае навучанне школьнікаў і студэнтаў, гарантаваць ім і настаўнікам бяспеку. Неразумная палітыка кіраўніцтва прывяла да таго, што нагрузка на настаўнікаў узрасла ў два разы, бо прыходзіцца раніцай вучыць тых школьнікаў, што прыйшлі на заняткі, а вечарам правяраць класныя і хатнія працы тых, якія робяць заданні дома. Пры гэтым заробкі настаўнікаў засталіся на былым ўзроўні.

Вялікія нараканні выклікае інструкцыя праводзіць атэстацыю школьнікаў са складаннем сярэдніх балаў за тры чвэрці і дзяленнем гэтых балаў на чатыры для тых, хто не ходзіць у школу ў чацвёртай чвэрці праз самаізаляцыю.