Гомельскі аблвыканкам. Фота Анатоля Ліпскага

Учора на нашым сайце з’явілася інфармацыя Анатоля Ліпскага «Каранавірус забіраецца ва ўладныя кабінеты». Аўтар, са спасылкай на партал «Моцныя навіны», зазначыў, што ў Гомелі дыягнаставалі SARS-CoV-2 у намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Прывалава. На жаль, аўтару не ўдалося пераправерыць сцвярджэнне мясцовага сайта: прэс-сакратар аблвыканкама Вольга Рабікава адмовілася даваць хоць які-небудзь каментарый пра захворванне намесніка старшыні спадара Прывалава.

Сёння сайт «Народнай Волі» атрымаў з Гомельскага аблвыканкама наступную заяву:

«Прэс-служба Гомельскага аблвыканкама абвяргае апублікаваную інфармацыю аб тым, што ў намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама У.Прывалава дыягнаставаны каранавірус. Данныя звесткі не адпавядаюць сапраўднасці».

Што ж, парадуемся за спадара Прывалава, якога каранавірус не закрануў. Наш сайт прыносіць яму прабачэнне. У той жа час зробім выснову, што А.Ліпскі паспяшаўся выкарыстоўваць неправераную інфармацыю гомельскага сайта «Моцныя навіны».