Міхась Скобла

Няма ліха без дабра: COVID-19, як спрактыкаваны пастух, пазаганяў нас у цесныя кватэры і прымусіў чытаць кнігі, на якія раней бракавала часу. Мая фэйсбучная стужка перапоўнена чытацкімі ўражаннямі сяброў. Адзін з іх парэкамендаваў звярнуць увагу на кніжную серыю «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», якую выпусціла ў свет выдавецтва «Харвест». Роўна 100 кніжачак невялікага фармату з пазнавальнымі партрэтамі на вокладках за адносна кароткі час і з’явіліся ў кнігарнях. Дарэчы, каштуюць яны нядорага – каля 5 рублёў. Пакупнік па такой цане набывае кнігі, не прыцэньваючыся. Набыў і я – жыццяпісы Ларысы Геніюш, Міхася Стральцова і Міколы Ермаловіча, напісаныя Анатолем Астапенкам. Пачаў чытаць і зразумеў, што аўтар, фізік паводле адукацыі, узяўся яўна не за сваю справу.

Кніжка пра Геніюш аказалася бессаромным пераказам яе знакамітай «Споведзі». Хоць у акадэмічнай бібліятэцы ляжыць багаты архіў паэткі, дзе матэрыялаў – на дзесяць манаграфій.

Кніжку пра Стральцова, прызнаюся, я так і не змог дачытаць. Бо амаль на кожнай старонцы знаходзіў памылкі, недарэчныя сцвярджэнні і дзіўныя высновы. Напрыклад, аўтар піша: «У 1986 годзе М.Стральцову была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (пасмяротна)». Але ж Стральцоў памёр у 1987-м.

«Спецслужбы не пакінулі яго нават падчас смяротнай хваробы», – інтрыгуе чытачоў Астапенка. Але не існуе ніводнага дакументальнага пацвярджэння гэтым словам. Магчыма, пішучы адразу тры кніжкі, аўтар пераблытаў сваіх герояў і прыпісаў Стральцову свае думкі пра Геніюш? І ўжо зусім неадэкватна гучыць Астапенкава прапанова зладзіць судовы працэс «Нюрнберг-2» над камунізмам, каб разгледзець «справу аб здзеку з таленту і здароўя беларускага пісьменніка Міхася Стральцова». Стральцоў, у адрозненне ад Геніюш і Ермаловіча, не быў дысідэнтам, на які суд яго гвалтам цягне пракурор Астапенка?

Не лепшым чынам фізік-пракурор выглядае і тады, калі спрабуе перакваліфікавацца ў літаратуразнаўцу. Класічнае апавяданне Стральцова «Смаленне вепрука» ён ні з пушчы, ні з поля чамусьці параўноўвае з… «Чорным квадратам» Казіміра Малевіча. Больш недарэчнае параўнанне і прыдумаць цяжка!

А чаго вартае ўпіхванне Стральцова ў нейкі інтэрнэтны рэйтынг па вызначэнні секс-сімвала ў беларускай літаратуры! «Стральцоў на першым месцы!» – захоплена ўсклікае Астапенка, відавочна, задаволіўшыся тым, што яго герой «абышоў» у тым рэйтынгу Максіма Багдановіча (яму дасталася другое месца), Максіма Танка (скаціўся ажно на восьмае) і Кастуся Каліноўскага (сціпла апынуўся паміж двума Максімамі)… На сметніку можна знайсці што заўгодна, але навошта ўсё знойдзенае цягнуць у кніжку?

Трэба сказаць, што Анатоль Астапенка – запатрабаваны аўтар у серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». Яе заснавальнік, каардынатар і рэдактар Анатоль Тарас даверыў свайму цёзку напісанне шасці кніжак, праўда, і сам не сядзеў склаўшы рукі – пад яго прозвішчам (ці псеўданімам Анатоль Менскі) пабачылі свет ажно 24 выданні. Але ці не той гэта выпадак, калі вялікая луста, а пасярэдзіне пуста?

Над кніжкай пра Міколу Ермаловіча два Анатолі папрацавалі творчым тандэмам. Пачынаецца яна з прадмовы Тараса, дзе ні слова пра вартасці Астапенкавай працы, там і сам Ермаловіч прысутнічае як дапаможная фігура, як «сведка на працэсе». А сам «працэс», увесь ягоны пафас і гнеў скіраваны супраць гісторыка Алеся Краўцэвіча. Тарас чамусьці вырашыў скарыстаць сваю ж серыю для звядзення асабістых рахункаў. І зрабіў гэта ў беспардонна-агрэсіўнай форме.

Ужо з першых старонак кніжкі чытач са здзіўленнем даведаецца, што «такія, як Краўцэвіч, старанна служаць тым, хто дае ім грошы, – летувісам, палякам, расійцам», што «для людзей, падобных Краўцэвічу, галоўнае ва ўсе часы – добра ўладкавацца», што «да 1992 года ўсе яны хаваліся пад шафай, як мышы».

Бі хоць таўкачом, абы было па чом – просіцца на язык прыказка. Па чым жа б’е аўтар прадмовы, штó яго так прагнявіла? Аказваецца, даўні артыкул А.Краўцэвіча «Анатоль Тарас і Парнас», дзе крытычна (але, на маю думку, аргументавана) ацэньвалася дзейнасць А.Тараса як гісторыка і публікатара. І вось адказ, які нагадвае размахванне аглобляй на навуковай дыскусіі.

У сваім апантаным памкненні затаптаць у гразь імя апанента Тарас, відаць, забыўся, што ён яшчэ і рэдактар. А таму ў кніжцы Астапенкі безліч памылак і выразаў накшталт «эйфарыя прыйшла ў свой антыпод», «паходзіў хоць з сялянскай, але пародзістай сям’і», «ішоў, як сабака па следу» (гэта пра М.Ермаловіча!).

Я мог бы і далей прыводзіць прыклады моўнай глухаты, даследчыцкага нядбальства і звычайнага шахрайства, якіх хоць адбаўляй у трох названых кніжках. Гэта не жыццяпісы выдатных людзей, а глум і здзек з іх. Шкада, што «трохтомнік» непісьменнага графамана пляміць усю серыю. Бо нездарма ж кажуць у народзе: праз аднаго барана ўсё стада пагана.

***

Газета “Народная Воля” № 35 (4493)