Гомельскі аблвыканкам. Фота аўтара

Рэзкі скачок захворванняў на каранавірус – звыш 900 за суткі – не мінае і ўладныя кабінеты. У Гомелі дыягнаставалі SARS-CoV-2 у намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Прывалава. Ён сам прайшоў тэст на каранавірус пасля кантакта з чалавекам, які мог быць носьбітам небяспечнага віруса. Пра гэта паведамляе мясцовы інфармацыйны партал “Моцныя навіны”.

Прэс-сакратар аблвыканкама Вольга Рабікава адмовілася даваць хоць які каментар пра захворванне намесніка старшыні. Прывалава няма на працы. Адсутнічае і яго памочнік. Адна з супрацоўніц ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама паведаміла журналісту “Народнай Волі”, што “абодва яны на бальнічным”.

Захварэлі на СОVID-19 і два кіраўнікі ВА “Беларуснафта”, у тым ліку і генеральны дырэктар. Інфармацыю пацвердзілі крыніцы, блізкія да вытворчага аб’яднання. Вірус у асяродку дырэкцыі тут выяўлены пасля камандзіроўкі намесніка генеральнага дырэктара ў Віцебск.

Пра колькасць інфікаваных SARS-CoV-2 на Гомельшчыне рэгіянальнае упраўленне аховы здароўя і абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі не паведамляюць.

Адсутнічаюць хоць якія цэнтры інфармацыі. На сайтах гэтых дзяржаўных арганізацый няма нават звычайных аператыўных прэс-рэлізаў. Чытва пра малярыю, пра інфекцыю ў паводку, якой сёлета не назіраецца – колькі заўгодна. Пра рэальную сітуацыю з эпідэміяй каранавіруса – ні слова. Ахалодалі ўраз і ўсе “гарачыя” лініі сістэмы аховы здароўя, асабліва на зваротнай сувязі. Функцыю інфармавання звалілі на прэс- сакратарку аблвыканкама Рабікаву, але і ёй начальнікі-эпідэміёлагі інфармацыю таксама не даюць альбо шлюць цыдулькі для адчэпу. Апошнія звесткі пра пандэмію ў рэгіёне (на 24 красавіка) падавала Міністэрства аховы здароўя – 460 захворванняў на CОVID-19.

Тым часам моцныя ўспышкі каранавіруса выяўлены не толькі ў абласным цэнтры, але і ў Акцябрскім, Буда-Кашалёве, Жыткавічах, Лельчыцах, Светлагорску. Зарэгістраваныя выпадкі небяспечнага віруса ў Мазыры, Жлобіне, Рагачове. У Буда-Кашалёве – сапраўдны выбух CОVID-19. Зарэгістравана звыш 70 захворванняў на каранавірус. Хварэюць і медыкі. Тут нават памерла медсястра Галіна Навічкова, якую хавалі 22 красавіка ў закрытай труне.

Каранавірус забіраецца ва ўладныя кабінеты
Буда-Кашалёўская цэнтральная раённая бальніца. Фота аўтара