Юрый Дудзь / кадр з фільма

Расійскі журналіст Юрый Дудзь зняў для свайго праекта «вДудь» трохгадзінную стужку пад назвай «Як уладкаваная IT-сталіца свету».

Яе героямі сталі айцішнікі — рускамоўныя рэзідэнты Крамянёвай даліны. Сярод іх два беларусы: Яўген Няўгень — сузаснавальнік праграмы сэлфі-фільтраў MSQRD і Мікіта Мікада — стваральнік інструмента для дакументазвароту Pandadoc, паведамляе Еўрарадыё.

Няўгень распавёў, як яго праграму ў 2016 годзе купіў Фэйсбук. Праўда, хлопец так і не расказаў, за якую суму Фэйсбук купіў праграму MSQRD. Але са смехам патлумачыў, што пасля гэтага стаў ездзіць на таксі, хаця раней карыстаўся грамадскім транспартам.

Адказваючы на пытанне Дудзя, Няўгень прызнаўся, што ў першай версіі MSQRD была маска Аляксандра Лукашэнкі, але яе не пусцілі ў публічны доступ. Айцішнікі пабаяліся, што іх могуць пакараць, палічыўшы такую маску абразай кіраўніка Беларусі.

Мікіта Мікада — другі з беларускіх праграмістаў у фільме Дудзя. У яго аўтар стужкі пытаецца, чаму ў нашай краіне так шмат айцішнікаў. На гэта гучыць адказ: «Шмат разумных людзей, і нафты няма».