Уладзімір Неўмяржыцкі. Фота аўтара

У Мазыры 23 красавіка паўторна судзілі мясцовага актывіста Уладзіміра Неўмяржыцкага – за ўдзел у мітынгах у абарону незалежнасці Беларусі, якія  праходзілі 20 і 21 снежня ў Мінску.

Сёлета 30 студзеня суддзя Дзмітрый Мазай ужо штрафаваў Неўмяржыцкага за гэта. Але актывіст абскардзіў пакаранне ў Гомельскім абласным судзе. Тамтэйшы суддзя Васіль Бягун пакінуў рашэнне калегі з Мазыра без зменаў. Праўда, у тэксце азначэння пра віноўнасць Неўмяржыцкага дапусціў памылку – указаў прозвішча гомельскага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых.

На падставе недакладнасці старшыня Гомельскага абласнога суда і адмяніў азначэнне суддзі Бегуна. Справу Неўмяржыцкага вярнулі назад у Мазыр на новы разгляд.

Гэтым ужо займалася суддзя Элеанора Ярмоленка. Яна, паведамляе Рalesse.press, адразу адхіліла хадайніцтва абвінавачанага актывіста на відэафіксацыю судовага пасяджэння, выдаліла  з зала мясцовага відэаблогера YouTube-канала “Мазыр для жыцця”, які працягваў здымкі на тэлефон.

Неўмяржыцкі прыйшоў у суд у масцы – усё-такі каранавірус гуляе. У сваім выступе ён не хаваў, што быў у Мінску на мітынгах супраць “паглыблення інтэргацыі” Расіі і Беларусі. Права на мірны пратэст, выказванне сваёй пазіцыі гарантуе Канстытуцыя, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Беларусь. Абмежаванні, накладзеныя законам “Аб  масавых мерапрыемствах”, не падмацаваныя неабходнасцю абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.

Неўмяржыцкі патрабаваў спыніць справу як не абгрунтаваную. Да таго ж сышоў тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Аднак Элеанора Ярмоленка прызнала  актывіста вінаватым у парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах і пакарала штрафам у памеры 810 рублёў. Гэта ж тыя самыя 30 базавыхі велічынь, што раней прызначаў Уладзіміру суддзя Мазай.

Судоваму канвееру над актывістамі пандэмія не перашкаджае
Ігар Мазейка. Фота аўтара

Тым часам у Гомелі 23 красавіка суддзя Чыгуначнага раёна Яўген Шарснёў другі раз цягам месяца пакараў адміністрацыйным штрафам 27-гадовага рабочага “Гомсельмаша” Ігара Мазейку. Гэтым разам на 15 базавых велічынь (405 рублёў)– за распаўсюд прадукцыі, унесенай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. На сваёй старонцы “Вконтакте” Ігар размясціў відэафільм “Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы”.

“У мяне гэтых фільмаў больш як 3 тысячы. Я не ведаў, што фільм гэты ў спісе забароненых. Меўся спакойна перагледзець яго сам”,– патлумачыў суду маладзён.

Беларускае заканадаўства не патрабуе высвятляць, якую мэту пераследаваў карыстальнік, размяшчаючы той ці іншы матэрыял на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Спампаваў – значыць, вінаваты.

Падобным чынам глядзяць на такія парушэнні і ў міліцыі. У прыватнасці, участковы міліцыянт Чыгуначнага РАУС Антон Дарафеенка, які склаў на маладога рабочага два пратаколы.

Поводле першага ўжо знаёмы нам суддзя Шарснёў у апошні дзень сакавіка аштрафаваў Мазейку на 135 рублёў, альбо на 5 базавых. Сяльмашавец прызнаны вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі. Міліцыя выявіла на яго старонцы “Вконтакте” два відэазапісы “Камікадзе Гі” і “Аляксандр Лукашэнка пра Гітлера”. А ў запісах тых ёсць нацысцкая свастыка. Адсюль і пакаранне.

Абодва штрафы Ігар Мазейка пры дапамозе праваабаронцы Леаніда Судаленкі аспрэчвае ў абласным судзе.