На здымку: Райцэнтр Хойнікі. Фота аўтара

У  Хойніках, невялічкім райцэнтры на Палессі, судзілі дзвюх жанчын з мясцовай кінавідэасеткі. За што б вы думалі? За карупцыйнае злачынства!

Не, яны не здалі ў арэнду свой кінатэатр “Юбілейны” галівудскай супольнасці і атракцыён 5D не пусцілі з малатка падстаўным асобам па заніжаных коштах.  Былая дырэктарка  «Хойнікікінавідэасетка» і экс-рэдактарка рэпертуарнага планавання па змове цягам некалькіх гадоў штучна завышалі паказчыкі працы кінавідэасеткі. Выглядала, што жыхары раёна валам валілі на кінасеансы. Раслі нібыта і даходы ад кінавідэапаказаў.

Рабілася гэта не бескаштоўна. За “паспяховыя” паказчыкі кінавідэасетка атрымлівала субсідыі з раённага бюджэту – кіраўнікі накіроўвалі іх на неабгрунтаваныя выплаты супрацоўнікам і прэміі для саміх сябе.

Следства кваліфікавала гэта як скарыстанне сваіх паўнамоцтваў насуперак інтарэсам службы.

Прэс-служба Гомельскага абласнога суда паведаміла, што па выніках разгляду крымінальнай справы Хойніцкі раённы суд пакараў экс-рэдактарку рэпертуарнага планавання 3 гадамі зняволення ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму са штрафам 300 базавых велічынь, што складае 8100 рублёў. Дырэктарка  раённай кінавідэасеткі атрымала 4 гады калоніі і 9450 рублёў штрафу. Абедзьве жанчыны пасля адбыцця пакарання не маюць права займаць кіруючыя пасады цягам пяці гадоў.

Апроч таго, жанчыны ў салідарным парадку мусяць вярнуць «Хойнікікінавідэасетцы” 41 тысячу рублёў прычыненай шкоды, яшчэ 83,4 тысячы – пералічыць у даход дзяржавы, якую прадстаўляе фінансавы аддзел Хойніцкага райвыканкама.

Пасля агалошвання выраку жанчын у зале суда ўзялі пад варту, змяніўшы ім меру стрымання з падпіскі пра нявыезд.

Цікава, што год таму камітэт дзяржкантроля па Гомельскай вобласці на калегіі разглядаў вынікі праверкі выкарыстання бюджэтных сродкаў кінавідовішчнымі прадпрыемствамі рэгіёна. Прысутнічалі на калегіі і прадстаўнікі ідэалагічных служб аблвыканкама і райвыканкамаў, адказныя за кіно. Ужо тады адзначалася, што прадпрыемствы кінавідэапаказу атрымліваюць бюджэтныя грошы, не дбаючы пра іх эфектыўнае выкарыстанне.