Фота https://www.belarus.by/

У Вялікім тэатры па абодва бакі куліс – нязвыклая цішыня. Але з суботы, 18 красавіка, ужо запушчаны штотыднёвы анлайн-праект, дзякуючы якому мы будзем слухаць і глядзець легендарныя музычныя спектаклі, у розныя гады запісаныя Беларускім тэлебачаннем. Першай трансляцыяй у сацсетках «ВКонтакте» і «Фэйсбук» стаў фільм-опера Віталя Губарэнкі «Альпійская балада».

Опера паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава напісана ў 1985 годзе на лібрэта Марыны Чаркашынай-Губарэнка. Яе востры сюжэт – каханне беларуса Івана і італьянкі Джуліі, уцекачоў з фашысцкага канцлагера, – заўсёды прыцягваў майстроў сумежных жанраў мастацтва. Яшчэ ў 1965 годзе на «Беларусьфільме» была створана мастацкая кінастужка (рэжысёр Барыс Сцяпанаў). А праз дваццаць гадоў – опера. Яе прэм’ера адбылася на сцэне мінскага Дома мастацтваў (цяпер гэты будынак на праспекце Незалежнасці, 25 зноў аддадзены праваслаўнай царкве, бо з’яўляецца часткай гістарычнага Архірэйскага падворка). Рэжысёрам-пастаноўшчыкам быў знакаміты Сямён Штэйн, чыя творчасць доўгія гады заставалася візітоўкай айчыннай опернай рэжысуры. Яшчэ ў 1970-я гады Штэйн спрабаваў стварыць у Мінску камерны маладзёжны оперны тэатр. І часткова рэалізаваў сваю задуму ў «Клубе сяброў оперы», які збіраўся менавіта ў сталічным Доме мастацтваў. Там і прагучала ўпершыню «Альпійская балада» на музыку аднаго з вядучых украінскіх кампазітараў стагоддзя Віталя Губарэнкі (вось прыклад сапраўднага, жывога інтэрнацыяналізму, абвешчанага ў савецкай дзяржаве). Музычным кіраўніком стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір Машэнскі (дарэчы, будучы ігумен Генадзь, рэферэнт Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, а потым дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча).

Праз два гады пасля прэм’еры оперы, у 1987 годзе, на Беларускім тэлебачанні рэжысёрам Генадзем Мікалаевым быў створаны аднайменны фільм-опера. У ім бралі ўдзел таленавітыя салісты Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Наталля Руднева (Джулія) і Уладзімір Экнадзіёсаў (Іван), чые спевы прынеслі столькі асалоды гледачам у мінулую суботу. У наступныя тыдні Вялікі тэатр плануе паказ балетаў «Страсці. Рагнеда», «Анастасія», «Хто я?», опер «Мядзведзь», «Дзікае паляванне караля Стаха».

Сачыце за афішай, як прынята казаць. Пакуль усё культурнае жыццё краіны пераносіцца на экран.

Поделиться ссылкой: