Акцябрская ЦРБ, фота з раённай газеты

Гомель

Адным з першых распаўсюднікаў каранавіруса ў горадзе стаў спартовец- акрабат, які прыляцеў у Мінск з Іспаніі і адразу ж прыехаў цягніком у Гомель. Ніхто яго ў сталіцы на каранцін не ўзяў. Узялі толькі мазок – і адпусцілі.

Неўзабаве з Францыі ў Мінск прыляцела 26-гадовая дзяўчына і тым жа парадкам дабралася да абласнога цэнтра. Без затрымкі, без ізаляцыі ў сталіцы. Дабралася, як і спартовец, разам з небяспечным вірусам, імя якому SARS-CoV-2.

Далей – болей. У сакавіку ў абласным цэнтры на базе СДЮШАР-4 правялі маштабныя спаборніцтвы па акрабатыцы – захварэлі на пнеўманію чатыры трэнеры, тэсты на РНК каранавіруса COVID-19 у іх былі станоўчымі. Шпіталізавалі таксама шэраг асобаў, якія прызнаны медыкамі кантактамі першага ўзроўню.

Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама і яго начальнік Мікалай Кудзянчук у гэты час пазбягалі хоць якіх каментароў пра сітуацыю з успышкай каранавіруса. Адмоўчваўся і абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Журналістаў, якія цікавіліся гэтай тэмай, сталі перанакіроўваць у прэс-службу аблвыканкама, куды галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка і яго намеснік дасылаюць фрагментныя звесткі пра эпідэмію каранавіруса ў рэгіёне. З іх не зразумець, як і адкуль з’явіўся небяспечны вірус, у якіх населеных пунктах “атабарылася” гэтая інфекцыя.

Непасрэдна ў Гомелі на 15 красавіка, паводле інфармацыі Мінздрава, выяўлена 38 хворых на COVID-19.

Буда-Кашалёва

1 красавіка з аграгарадка Камунар Буда-Кашлёўскага раёна забралі ў абласную інфекцыйную бальніцу трэцякласніка, які ездзіў у Гомель у СДЮШАР-4 займацца спартыўнай акрабатыкай і кантактаваў з захварэлымі трэнерамі. Ён, па сцвярджэнні бацькоў і настаўнікаў, пачуваў сябе няблага, але тэст на SARS-CoV-2 паказаў станоўчы вынік. Ужо 2 красавіка з Камунара ў інфекцыйнае аддзяленне раённай бальніцы забралі на каранцін 39 чалавек з ліку школьнікаў, настаўнікаў і дарослых, з кім меў стасункі трэцякласнік.

4 красавіка 29 камунараўцаў адпусцілі дахаты – у іх тэсты на каранавірус былі адмоўныя. Прынамсі, так заяўлялі кіраўнікі раённай бальніцы. А яшчэ праз два дні выпісалі дадому астатніх 10 камунараўцаў, у тым ліку і сямейнікаў трэцякласніка. Школьнікам самаізаляцыю не рэкамендавалі, а толькі некаторым дарослым.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Валянцін Камешка наадрэз адмаўляўся даваць хоць нейкі каментар з нагоды сітуацыі з каранавірусам.

І вось незадача. У райбальніцы Буда-Кашалёва сталі выяўляць хворых на COVID-19 сярод медперсанала. Якім чынам каранавірус забраўся ў медычны асяродак, застаецца толькі здагадвацца.

12 красавіка мясцовая газета “Авангард” са спасылкай на галоўнага ўрача райбальніцы Жану Еўтухову паведаміла, што ў раёне на каранавірус захварэлі 5 жыхароў – усіх іх адвезлі ў Гомельскую абласную інфекцыйную бальніцу. На каранціне засталіся 7 чалавек, на самаізаляцыі – яшчэ 5.

Акцябрскі (былая Рудабелка)

У раёне па стану на 16 красавіка каранавірус зарэгістраваны ў 17 мясцовых жыхароў. Іх адправілі лячыцца ў Гомель. Такія лічбы падае дзяржаўны санітарны ўрач раёна Алег Лук’яненка, які не жахаецца размаўляць з журналістамі, у прыватнасці, і “Народнай Волі”.

Успышка COVID-19 у Рудабелцы пачалася сярод персаналу раённай бальніцы. Як высветлілася, мясцовы ўрач ездзіў на вучобу ў Мінск. Праўдападобна, ён і прывёз каранавірус у Рудабелку, бо захварэў першым. На каранцін тут адразу паклалі 15 медыцынскіх супрацоўнікаў.

Каб не спыняць кваліфікаваную дапамогу насельніцтву, у Рудабелку камандзіравалі лекараў з Рэчыцы і Гомеля.

Лельчыцы

Гэты ціхі палескі райцэнтр стаў адным з першых, які ахапіла ўспышка каранавіруса. У сакавіку з дзвюхбаковай пнеўманіяй ў раённую бальніцу патрапіў дырэктар прыгараднай гаспадаракі. Яго ізалявалі ў боксе аддзялення рэанімацыі. На наступны дзень тэст паказаў наяўнасць каранавіруса, і кіраўніка адправілі ў Гомельскую абласную інфекцыйную бальніцу. Медыкі і міліцыя сталі высвятляць яго першасныя і другасныя кантакты – у вёсцы, упраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама.

Сітуацыю не агалошвалі. Казалі толькі, што дырэктар за мяжу не ездзіў і небяспечнай інфекцыяй нідзе заразіцца не мог.

Нарэшце 9 красавіка на пісьмовы запыт журналіста “Народнай Волі” ў прэс-службу Гомельскага аблвыканкама прыйшоў адказ з абласнога цэнтра гігіены і эпідэміі. У ім паведамлялася, што ў Лельчыцах шпіталізаваны 167 чалавек як кантакты першага ўзроўню захварэлых на COVID-19. Яшчэ 276 чалавек, кантакты другога узроўню, узяты пад медычны нагляд. Аднак колькасць хворых на каранавірус цэнтр не назваў. Тым часам раённая газета “Светлае жыццё” паведаміла пра 22 мясцовых жыхароў, якіх накіравалі з Лельчыц лячыцца ў інфекцыйную бальніцу Гомеля.

Мазыр

На 8 красавіка ў Мазыры зарэгістраваны выпадак захворвання на COVID-19, пісьмова паведаміў “Народнай Волі” абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Дадавалася, што тут праведзены комплекс санітарных проціваэпідэмічных мерапрыемстваў. Вызначана кола кантактных асобаў – двое з першага ўзроўню шпіталізаваны, другасныя – ўзяты пад медычны нагляд.

Жыткавічы

У ноч на 12 красавіка памёр 63-гадовы жыхар Жыткавічаў Мікалай Цярэня. Гэта здарылася ў інфекцыйнай бальніцы ў Гомелі, дзе ён знаходзіўся на лячэнні. Сын Цярэні Віталь паведаміў журналістам: лекары сказалі яму, што ў бацькі “перасталі працаваць ныркі і сэрца”.

Мікалай Цярэня працаваў да шпіталізацыі на Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе шліфоўшчыкам-наладчыкам. У сакавіку на гэтым жа прадпрыемстве захварэла на пнеўманію начальніца аддзела кадраў. У паліклініцы пасля прыёму ў доктара жанчына ўпала, страціўшы прытомнасць.Тэст на каранавірус быў станоўчым. Жанчыну ў цяжкім стане праз санавіяцыю даставілі ў Гомельскую туберкулёзную клінічную бальніцу. Спатрэбілася дапамога спецыялістаў-пульманолагаў. Каранавірусную інфекцыю праз Мінздраў абверглі, сказалі, што першы тэст быў памылковым. Жанчына дагэтуль лечыцца ў бальніцы.

На заводзе і ў паліклініцы ў Жыткавічах санітарная служба зрабіла дэзінфекцыю.

У інфекцыйнай бальніцы ў Гомелі лечыцца таксама жонка Мікалая Цярэні і пляменніца. Тэсты на каранавірус у іх афіцыйна не пацверджваюць.

Светлагорск

Мясцовая газета “Светлагорскія навіны” са спасылкай на занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведаміла, што па стану на 12 красавіка ў 4 жыхароў Светлагорска тэсты на каранавірус далі станоўчы вынік. Яны зараз знаходзяцца на лячэнні ў Гомельскай інфекцыйнай бальніцы. Шпіталізаваны 63 кантактныя асобы першага ўзроўню, на самаізаляцыі – 37 чалавек.

Першае захворванне на каранавірус у Светлагорску выяўлена ў ААТ “Хімвалакно” на ўчастку, дзе вырабляюць матэрыял для медыцынскіх масак.

***

Па звестках Міністэрства аховы здароўя, на 15 красавіка на Гомельшчыне выяўлена 132 хворых на COVID-19. Усяго ж у Беларусі на сёння дзень зарэгістравана 4204 выпадкі каранавіруснай інфэкцыі.

Поделиться: