Браты Іван і Ілья за браніраваным шклом суда Савецкага раёна Гомеля. Непаўнагадовы Іван М. знаходзіцца пад вартаю ў зале суда. Фота аўтара

Суд Савецкага раёна Гомеля 15 красавіка абвясціў вырак траім цыганскім хлопцам, якія мінулай восенню напалі на мясцовую прадпрымальніцу, завалодалі яе машынай і вывезлі ў лес.

Братоў Ілью і Івана А. (апошні на момант злачынства быў непаўналетнім), а таксама іх прыяцеля Івана М. суд прызнаў вінаватымі ў крадзяжах, разбоі, выкраданні чалавека і ўгоне аўтамашыны. Іван А. (ён яшчэ ўцякаў з-пад варты) атрымаў 11 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, Ілья – 14 гадоў і 3 месяцы ў калоніі строгага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых велічыняў (2700 рублёў).

Найбольшы тэрмін пакарання  ў  Івана М. – 15 гадоў і 3 месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яму прысуджаны таксама штраф  – 100 базавых, альбо 2700 рублёў.

Дагуляліся – у Гомелі вынесены жорсткі прысуд цыганскім хлопцам
Суд Савецкага раёна Гомеля. Фота аўтара

10 сакавіна на сайце “Народнай Волі” быў змешчаны  матэрыял “Цыганскія хлопцы гулялі…”.  У ім распавядалася пра пачатак судовага працэсу над абвінавачанымі  хлопцамі, якія шмат накуралесілі ў горадзе. Жылі хлопцы па-суседству, скончылі толькі 9 класаў. Пасля гэтага нідзе не вучыліся і не працавалі. Біяграфію сваю па-за школай пачыналі з крадзяжоў. Ускрывалі аўтамашыны, кралі акумулятары, злівалі бензін.Не грэбавалі металічнымі трубамі з падворкаў, каб здаць на металалом і такім чынам “зарабіць” сабе на пражыццё і “мець грошы на кавярню”.

Мінулай вясною тройка гуляла ў працілеглым баку Гомеля – каля Лядовага палаца. Там хлопцы запрыкмецілі штрафную стаянку для аўтатранспарта. Вырашылі абзавесціся мотатэхнікай. Ілля і Іван М. аблюбавалі сабе скутэры, Івану-вялікаму, які  і ростам большы, і дужэйшы, прыйшоўся даспадобы матацыкл. Міліцыя іх затрымала. Былі суды, кампенсацыі пацярпелым, умоўны тэрмін.

Аднак  хлопцы не спынілі супрацьпраўныя заняткі. Недалёка ад дома яны запрыкмецілі белую раскошную машыну BMW-Х6. Зайдрасць і блазнота разабралі хлопцаў ды яшчэ, мабыць, разлік на пэўную лёгкасць здабычы. Гаспадыня BMW – прадпрымальніца Вольга Д . адна гадавала дзіця і на выгляд мініяцюрная. На яе і напалі цыганскія хлопцы, калі тая прыехала дадому і выйшла з машыны. Збілі. Зацягнулі назад у машыну і вывезлі ў лес. Патрабавалі 15 тысяч долараў, пагражалі згвалтаваннем і расправай.

Вольга абаранялася, як магла: “У мяне ВІЧ”, “Хочаце грошай, вязіце назад у горад”.

Нападнікі забралі ў прадпрымальніцы 5 тысяч долараў, якія тая не паспела аддаць крэдыторам, і вярнуліся ў Гомель.

На пад’ездзе да горада машыну запрыкмецілі супрацоўнікі ДАІ. Аказалася, што суседзі патэлефанавалі ў міліцыю – бачылі, як Вольгу выкралі цыганы.

Уцякаючы ад ДАІ, белая BMW насілася па Навабеліцкаму раёну з шалёнай хуткасцю. Цыганскае трыо заскочыла ў тупік у адным з двароў на вуліцы Дастаеўскага. Выкрадальнікі спыніліся, кінулі машыну з прадпрымальніцай і пусціліся на ўцёкі. Супрацоўнікі міліцыі “па гарачых слядах” злавілі аднаго, назаўтра – другога зламысніка. Івана М. затрымалі ўжо ў Мінску на здымнай кватэры.

У судзе абодва Іваны і Ілья віну прызналі часткова. Паводзілі сябе часам нават весела. Вырак, агучаны 15 красавіка суддзей Андрэем Лагуновічам, стаўся нечаканасцю як для саміх фігурантаў, так і для іх сваякоў.