Фота аўтара

У сувязі з пандэміяй каранавіруса прадпрыемствы Гомельскай вобласці асвоілі выпуск ахоўных сродкаў і антысептыкаў, якія запатрабаваны зараз насельніцтвам і медыцынскімі ўстановамі.

Вядомая трыкатажная фабрыка “8 Сакавіка” стала выпускаць маскі. За мінулы месяц працаўніцы прадпрыемства пашылі іх 300 тысяч. Маскі сталі выпускаць таксама фабрыка мастацкіх вырабаў “Любна”, Жлобінская швейная фабрыка, “Рэчыцкі тэкстыль”, а таксама некаторыя прыватныя атэлье. Для вырабу іх выкарыстоўваецца марля і нятканыя матэрыялы. Паводле звестак Гомельскага аблвыканкама, зараз цягам тыдня ў рэгіёне вырабляецца 141 тысяча масак. Пастаўлена задача давесці тыднёвы выпуск масак да 170 тысяч штук.

Адкрытае акцыянернае таварыства “Камінтэрн”, якое спецыялізуецца пераважна на выпуску мужчынскіх гарнітураў, стала шыць ахоўныя камбінезоны для медыкаў, каб звесці да мінімуму рызыку заражэння лекараў падчас дапамогі пацыентам з COVID-19. Выраблена ўжо 2,4 тысячы такіх камбінезонаў.

Маскі, ахоўныя камбінезоны, антысептыкі – прадпрыемствы Гомельшчыны рэагуюць на COVID-19
Фабрыка “8 Сакавіка”. Фота аўтара

Калінкавіцкі завод бытавой хіміі асвоіў выпуск дэзінфікуючых сродкаў. Дзве першыя тоны ва ўпакоўках 0,5–10 літраў пастаўлены ў аптэчную сетку РУП “Фармацыя”. Прадпрыемству пастаўлена задача выпускаць 10 тон антысептыкаў у суткі.

12 красавіка ААТ “Радамір”, якое вырабляе лікера-гарэлачную прадукцыю, запусціла новую вытворчаць у Рэчыцкім раёне дзеля выпуску дэзінфікуючых раствораў. Прадугледжана аб’ём выпуску такіх сродкаў давесці да 5 тон у суткі.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей публічна заявіў, што на проціваэпідэміялагічныя меры з бюджэта выдаткоўваецца 3,1 мільёна рублёў. Гэта не толькі выраб масак, камбінезонаў, антысептыкаў, а і набыццё 19 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, 13 гемадынамічных манітораў, 30 кіслародных інгалятараў.  Прыярытэтны напрамак – экіпіроўка і сродкі абароны для супрацоўнікаў сферы аховы здароўя. Па словах кіраўніка аблвыканкама, усе прафілактычныя меры скіраваны на тое, каб не дапусціць масавага распаўсюду вірусных захворванняў сярод насельніцтва.