Ларыса Шчыракова каля суда Цэнтральнага раёна гутарыць з тымі, хто прыйшоў яе падтрымаць. Фота аўтара

945 рублёў штрафу вызначыў суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі журналістцы-фрылансеру Ларысе Шчыраковай за сюжэт на беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”, які транслюе перадачы з Польшчы. Суд адбыўся 13 красавіка, акурат у дзень народзінаў Шчыраковай.

Гаворка  ідзе пра відэасюжэт “Кармленне галубоў, ці Прагулкі па набярэжнай”, які выйшаў 1 сакавіка  на “Белсаце”. Тэкставы варыянт сюжэта на сайце тэлеканала змешчаны пад загалоўкам “Падняць канапавыя войскі! У Гомлі пачынаюць карміць галубоў як у Берасці”. У ім распавядалася пра гамельчукоў – тых, што па нядзелях збіраліся на набярэжнай Сожа, кармілі галубоў, а заадно абмяркоўвалі эканамічную і грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне.

Распараджэнне скласці адміністрацыйны пратакол на Шчыракову паступіла ў Цэнтральны райаддзел міліцыі з УУС Гомельскага аблвыканкама. Старшы інспектар упраўлення аховы грамадскага парадку, падпалкоўнік міліцыі Зуеў рапартаваў намесніку начальніка УУС Анатолю Васільеву: маніторачы сетку Інтэрнэт, выявіў, што 1 сакавіка Ларыса Шчыракова знаходзілася на набярэжнай Сожа ў “якасці карэспандэнта “Белсата” для падрыхтоўкі відэасюжэта пра кармленне галубоў і абмеркаванне праблем , “звязаных з функцыянаваннем органаў улады і кіравання”. З гэтага рапарта і закруцілася рэпрэсіўная машына.

Падчас  судовага разбіральніцтва журналістка Шчыракова зазначыла, што яна не з’яўляеццц карэспандэнтам “Белсата”. Права на збор і распаўсюд інфармацыі ёй гарантуе беларуская Канстытуцыя, а таксама Міжнародны пакт ад грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь. Наступ на гэтыя правы, якія ў Беларусі ажыццяўляюць міліцыя, КДБ, суды, уладныя ідэолагі, надзвычай небяспечны – краіна коціцца ў цемрашальства, перастае быць дэмакратычнай.

Гомельскі палітык Васіль Палякоў, які прысутнічаў на разглядзе адміністрацыйнага пратакола супраць Шчыраковай, зазначыў, што беларускія суды даўно сталі “эпідэміялагічнай з’явай у грамадстве” – яны не самастойныя, спрэс выконваюць загады  выканаўчай улады, асабліва, калі гаворка ідзе пра палітычныя справы. Вынікі разгляду адміністрацыйнага пратакола супраць журналісткі Шчыраковай – яшчэ адно таму пацвярджэнне.

Салідарнасць гомельскіх, шведскіх і нарвежскіх калег

Яшчэ да пачатку судовага пасяджэння калегі і знаёмыя, прадбачачы суровую пастанову суда, павіншавалі журналістку Шчыракову з днём нараджэння, падарылі ёй кветкі і цукеркі.

Салідарнасць з журналісткай выказалі іфрылансеры поўдня Швецыі з арганізацыі “Фрыланс Сюд”, а таксама з Нарвегіі.

“Тое, што суд праходзіць у дзень нараджэння Ларысы Шчыраковай – не супадзенне. Гэта ўжо звыклая справа для ўлады прызначаць суд у дзень народзінаў, каб было больш адчувальна”, напісала спадарыня Осы Олсанз горада Мальмё.

Стала вядома, што 45 шведскіх і нарвежскіх калег зрабілі грашовыя ахвяраванні гомельскай журналістцы і напісалі шэраг пажаданняў, у прыватнасці: “З днём народзінаў, заставайцеся моцнай”, “Падтрымліваю Вашае змаганне”, “З днём народзінаў, Ларыса. Хай яны гараць у пекле”.