«З паўжывых спрабуюць скуру садраць…»

6041
Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY

Гомельская прадпрымальніца расказала “Народнай Волі”, у якой сітуацыі сёння аказаліся беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі.

РГА “Перспектыва” звярнулася да ўрада і Нацбанка з просьбай падтрымаць індывідуальных прадпрымальнікаў. Самі ІПэшнікі кажуць, што зараз з-за сітуацыі з каранавірусам яны засталіся “практычна на нулі”…

– Калі ў мяне пытаюцца “Як працуецца?”, адказваю адным словам: “Ніяк!”, – кажа гомельская прадпрымальніца Святлана Калачова. – Людзі не прыходзяць і нічога не купляюць, таму прыбытку – амаль нуль. На рынках і ў гандлёвых цэнтрах – пуста.

А зараз давайце палічым, колькі ты павінен заплаціць. Калі ў гандлёвым цэнтры ў цябе 25–30 квадратных метраў, а кошт арэнды за метр – 30–40 еўра, то ў месяц у сярэднім за ралет трэба аддаць тысячу еўра. За тэрмінал абслугоўвання – 40 рублёў, рэкламнае абслугоўванне – 30 еўра, патрэбна таксама заплаціць у Фонд сацыяльнай абароны, бо ў цябе працуюць два прадаўцы. І гэтым прадаўцам трэба нешта даць. Але адкуль браць такія грошы, калі зараз людзі наогул не выходзяць на вуліцу?

– Няўжо зусім няма пакупнікоў?

– У будныя дні – хоць шаром пакаці! У суботу-нядзелю, калі ўдасца прадаць дзве-тры адзінкі тавару, то яшчэ добра. Я, напрыклад, займаюся продажам купальнікаў. Раней ездзіла за таварам у Польшчу, але зараз і межы закрыты, і ніякага сезону адпачынку не прадбачыцца. Каму патрэбны гэтыя купальнікі?

– Можа, варта пайсці на самаізаляцыю…

– Па-першае, у мяне толькі адна гандлёвая кропка, і калі яе закрыю, то як карміць сям’ю? Арэндадаўца на красавік зменшыў кошт арэнды на 25 працэнтаў, але ж плаціць трэба не ў беларускіх рублях, а ў еўра. А паглядзіце, як апошнім часам курс еўрапейскай валюты скокнуў угару! Таму заплаціла ў беларускіх рублях практычна тую ж самую суму, што і раней, хаця атрымліваецца, што плацім за паветра. І гэта не толькі ў мяне, ва ўсіх прадпрымальнікаў, таму сітуацыя проста тупіковая.

У 2011 годзе, калі быў абвал беларускага рубля, нам арэнду хаця б да нацыянальнай валюты прывязалі, дык было крыху лягчэй. Перажылі. А зараз няма ніякай дапамогі, затое мы ўсім павінны. А дзе ўзяць?!

– На ваш погляд, якое выйсце?

– Мне падаецца, што зараз у сітуацыю павінна ўмяшацца дзяржава і падтрымаць малы бізнес. Прынамсі, так робіцца ў многіх краінах, якія таксама сутыкнуліся з эпідэміяй каранавіруса.

Расійскія калегі расказваюць, што яны закрылі свае магазіны і пайшлі на самаізаляцыю. На гэты час арэнда прадпрымальнікам, якія працуюць у гандлёвых цэнтрах, не налічваецца, а затым, калі выйдуць на працу, ім арэндную плату зменшаць адразу на 40 працэнтаў. Акрамя таго, будзе паслабленне па падатках. Людзі закрыліся, але і за паветра не плацяць. А ў нас з паўжывых яшчэ спрабуюць скуру садраць…

***

Газета “Народная Воля” № 29 (4487)


Няма запісаў для адлюстравання