Акцябрская ЦРБ, фота з раённай газеты

Няштатная сітуацыя склалася ў райцэнтры Акцябрскі, што на Гомельшчыне. У чатырох медыкаў, урачоў і медсясцёр, мясцовай раённай бальніцы выявілі СОVID-19.

Іх адправілі лячыцца ў Гомельскую абласную інфекцыйную бальніцу. Кантактамі першага ўзроўню сталі калегі захварэлых – мясцовы медычны персанал. Іх паклалі на каранцін у сваёй жа бальцыцы. На хатняй ізаляцыі знаходзіцца і кіраўнік цэнтральнай
раённай бальніцы.

Як пацвердзіў журналісту “Народнай Волі” дзяржаўны санітарны ўрач Акцябрскага раёна Алег Лук’яненка, агулам ізалявана паўтара дзесятка мясцовых медыкаў.

Усё гэта ўскладніла аказанне медычнай дапамогі мясцоваму насельніцтву. У Акцябрскую ЦРБ тэрмінова камандзіравалі анастазіёлага-рэаніматолага з Рэчыцы і двух урачоў-інтэрнаў агульнай практыкі з Гомеля.

Але адкуль узяўся каранавірус у Акцябрскім (раней Рудабелка), слаўным партызанскім краі, які знаходзіцца далёка ад бойкіх магістраляў і паветраных шляхоў?

Прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкама Вольга Рабікава паведаміла, што ўрач з Акцябрскага быў на вучобе ў Мінску. Верагодней за ўсё, ён і прывёз каранавірус у Рудабелку.

Па звестках Гомельскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, афіцыйна атрыманых журналістам “Народнай Волі”, па стану на 8 красавіка на Гомельшчыне зарэгістравана 35 выпадкаў захворванняў каранавіруснай інфекцыяй COVID-19, з іх двое выпісаны з выздараўленнем. У шпіталі на каранціне знаходзіцца 399 чалавек, пад назіраннем медыкаў – 2190 пацыентаў. Два новыя выпадкі з чатырох станоўчых тэстаў на каранавірус, выяўленых у Рудабелцы, у гэтую статыстыку не ўвайшлі.

Каранавірус у Рудабелку доктар прывёз са сталіцы
Райвыканкам Акцябрскага раёна. Фота аўтара