Віртуальныя заўзятары / dynamo-brest.by

У Брэсце на кубкавым матчы мясцовага «Дынама» і салігорскага «Шахцёра» адна з трыбун была занятая дзясяткамі… манекенаў. Яны былі ў форме замежных суперклубаў і зорных зборных, але з тварамі заўзятараў, якія купілі віртуальныя квіткі. Такое здарылася ўпершыню — больш за трыццаць футбольных заўзятараў з Вялікабрытаніі, Расіі, Ірана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Узбекістана віртуальна прысутнічалі на «Брэсцкім». Гэтую акцыю дынамаўцы збіраюцца працягнуць і на наступных хатніх паядынках, паведамляе Еўрарадыё.

А «Дынама» атрымала ўпэўненую перамогу над гарнякамі з лікам 2:0. На матчы рэальна (не віртуальна) прысутнічала 813 чалавек. Яшчэ больш заўзятараў — 1350 — прыйшло на мазырскі стадыён «Юнацтва», на якім «Славія» ў іншым паўфінале Кубка Беларусі абыграла БАТЭ — 1:0 (гэта ўжо другая перамога мазыран у гэтым сезоне над барысаўчанамі, папярэдняя была ў чэмпіянаце).