Лявон Анацка

Абавязковая ўмова арганізатараў ультрамарафону – трэба мець 12 пар абутку.

Да нядаўняга часу Лявон Анацка працаваў на Лідскай абутковай фабрыцы. Каля 20 гадоў ён узначальвае лідскі філіял ГА «Таварыства беларускай мовы».

Пяць гадоў таму лідчанін захапіўся марафонскім бегам, а ў 2015-м упершыню адважыўся на 12-гадзінны ультрамарафон, які праходзіў у Маладзечне. За чатыры наступныя гады прабег больш за 40 звышмарафонаў – амаль 30 тысяч кіламетраў. Гэта больш за палову даўжыні зямнога экватара.

У мінулым годзе Анацка паспяхова фінішаваў у 10-сутачным забегу ў Нью-Ёрку. За гэты час Лявон прабег 1078,875 кіламетра і стаў другім у абсалютным заліку спаборніцтваў, хаця перад забегам ставіў мэту прабегчы не менш за 1000 кіламетраў.

На пачатку гэтага года Лявон Анацка падчас ультрамарафонскага забегу ў амерыканскай Арызоне за 10 сутак прабег 1011 кіламетраў. Пераадолець такую адлегласць змаглі толькі 37 чалавек ва ўсім свеце, і беларусаў сярод іх яшчэ не было.

Зрэшты, нездарма кажуць: чалавечыя здольнасці не маюць межаў…

– Яшчэ калі пра каранавірус наогул нічога не было чуваць, я пачаў рыхтавацца да ультрамарафону, які павінен прайсці ў Нью-Ёрку летам гэтага года, – кажа Лявон АНАЦКА. – Нават амерыканскую візу ўжо паставілі ў пашпарт.

Спаборніцтвы, калі не будуць адменены, стартуюць 14 чэрвеня, фініш – 4 жніўня. Гэта самы вялікі марафон, які будзе працягвацца 52 дні. За гэты час трэба прабегчы 3100 міль (каля 5 тысяч кіламетраў).

– Вы пераадольвалі калі-небудзь такую неверагодную дыстанцыю?

– Не, такую дыстанцыю беларусы яшчэ ніколі не бегалі, і я буду наогул першы, каго запрасілі на такі старт. Так што паспрабую ўзяць і гэтую вышыню.

– Прабегчы 5 тысяч кіламетраў – гэта здароўе трэба мець…

– Ведаеце, усё адносна. Асабіста для мяне чым большая дыстанцыя, тым лягчэй бяжыцца. Напрыклад, бегчы 10 дзён куды лягчэй, чым суткі. У свеце за тыя 23 гады, што праводзіцца гэты ультрамарафон, 5000 кіламетраў здолелі прабегчы 44 чалавекі.

Напэўна, маральна больш складана настроіць сябе на тое, што бегчы давядзецца амаль два месяцы. Але, як жартаваў адзін фінскі паштальён, які два разы перамог ва ультрамарафоне, добрая дыстанцыя – гэта тая, пасярод якой ужо можна пастрыгчыся.

Таму, калі паштальён з Фінляндыі можа прабегчы 3100 міль, то чаму гэта не магу зрабіць я? Мне галоўнае на старт выйсці, а там разбяромся. Я наогул разлічваю яшчэ і які-небудзь прыз узяць.

– Нейкія патрабаванні ад арганізатараў ёсць, каб удзельнічаць у такім грандыёзным спартыўным старце?

– Трэба, безумоўна, заплаціць пэўны грашовы ўнёсак, але што самае цікавае – удзельнікі марафону ў абавязковым парадку павінны мець 12 пар красовак для бегу. Таксама неабходна мець медыцынскую даведку, якую я ўжо даслаў арганізатарам. Прайшоў абследаванне, урачы сказалі: «У норме!»

– А 12 пар абутку ўжо набылі?

– Новы купляць не буду, бо гэта і не трэба. Увогуле, я планую паехаць у Амерыку раней і там набыць абутак. Там ёсць крамы, дзе за 10–20 долараў можна купіць вельмі прыстойныя красоўкі менавіта для бегу на доўгія дыстанцыі.

Я ведаю, што некаторыя падчас ультрамарафону могуць змяніць і 18 пар абутку, але ў мяне свая тактыка. Красоўкі мяняю праз кожныя тры гадзіны, каб амартызацыя была нармальная.

Дарэчы, абутак павінен быць адмысловы, абы ў чым не пабяжыш. Але ўсё залежыць і ад многіх іншых фактараў: ад настрою, надвор’я, тэмпу. Калі 12 пар маеш, то бегчы значна прасцей, не так ногі стамляюцца.

– Вы ж працавалі раней на Лідскай абутковай фабрыцы. Можа, варта было б заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве?

– Я раней бегаў у красоўках нашай фабрыкі, але для ультрамарафону яны ўсё-такі не падыходзяць. Цяжкаватыя, доўга ў іх не пабегаеш.

– З-за каранавіруса старты могуць адмяніць…

– Безумоўна, ніхто ж не ведае, якая сітуацыя будзе ў чэрвені. Я пакуль настроены на ўдзел у спаборніцтвах і рыхтуюся да лепшага. І горшага не баюся – усе мы не бессмяротныя.

– Вы сустракаліся са старшынёй Федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзімам Дзевятоўскім. Задаволены вынікамі?

– Найперш хачу адзначыць, што кіраўнік федэрацыі размаўляў са мной на беларускай мове, і гэта вельмі ўсцешыла. Я распавёў пра нашы планы правесці чэмпіянат Беларусі па сутачным бегу, гэта для марафонцаў вялікая падзея. Інфармацыя была ўспрынята даволі пазітыўна.

***

Газета “Народная Воля” № 26 (4484)

Поделиться: