Фото http://vminsk.by

«Радыё Свабода» паведамляе, што заслужаная артыстка Беларусі, былая вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы», 67-гадовая спявачка і кампазітарка Надзея Мікуліч захварэла на каранавірус.

Цяпер Надзея Мікуліч знаходзіцца ў 6-м шпіталі Мінску, хварэе яна з 23 сакавіка.

«Лячылі антыбіётыкамі на ўсялякі выпадак, але тэмпература не зніжалася. Я папрасіла, каб мне зрабілі здымак. Рэнтген паказаў, што ў мяне падазрэнне на левабаковую пнеўманію. На наступны дзень зрабілі камп’ютарную тамаграфію, якая паказала двухбаковую пнеўманію. У суботу мяне паклалі ў 2-гі шпіталь Мінску. А перад гэтым зрабілі аналіз на каранавірус. У панядзелак мне пазванілі з санэпідэмстанцыі і сказалі, што ў мяне меркаваны каранавірус, і тады мяне перавялі ў 6-ты шпіталь. Цяпер у мяне пнеўманія двухбаковая і каранавірус. Лячуся», – распавяла артыстка.

Надзея Мікуліч кажа, што адчувае сябе больш-менш нармальна.

Жанчына таксама распавяла, што ў аўторак аналіз на каранавірус узялі ў яе мужа Барыса Белага, у мінулым адміністратара гурту «Верасы». Вынікаў пакуль няма.