Фото http://yandex.by

«Я — маці-адзіночка. І мне не дае спакою пытанне: калі я заражуся каранавірусам або стану кантактам першага ўзроўню і траплю ў бальніцу, з кім у гэты час застанецца маё дзіця? Бо мае бацькі, пенсіянеры, у групе рызыкі», — такое паведамленне прыйшло Еўрарадыё ад чытачкі.

Дазваніцца да гарачай лініі Мінздароўя цяпер няпроста. Але, дазваніўшыся, чуем несуцяшальны адказ:

— У дарослыя стацыянары дзіця не шпіталізуюць. Застаецца адзін варыянт — аддаць сваякам, — адказвае спецыяліст гарачай лініі.

— А калі пажылыя бацькі? Не хочацца рызыкаваць іх здароўем.

— Хочацца — не хочацца, варыянтаў няма. Калі б Вы былі зусім адзінокія, то гэта адно пытанне.

— І як вырашыцца сітуацыя, калі маці зусім адзінокая?

— Тады трэба індывідуальна вырашаць пытанне праз упраўленне сацыяльнай абароны. Праўда, я не ведаю, дзе ў нас ёсць такія памяшканні, куды дзіця могуць змясціць.

Спецыяліст гарачай лініі Мінпрацы і сацабароны таксама нічога канкрэтнага ў гэтай сітуацыі парэкамендаваць не можа:

— Дзіця ж таксама ізаляваць у такім выпадку трэба! У інтэрнат яго не адправіш, калі яно будзе кантактам 1-га ўзроўню… Я думаю, яго могуць шпіталізаваць у дзіцячую інфекцыйную бальніцу. Усё ж гэта больш у кампетэнцыі Мінздароўя, — адказваюць у міністэрстве.