Анатоль Альхімёнак. Фота аўтара

Пенсіянер з вёскі Гледавічы Мастоўскага раёна Анатолій Альхімёнак ужо некалькі гадоў запар звяртаецца ў розныя прыродаахоўныя структуры, каб яны абаранілі ад браканьераў на іх вадаёме рыбу, якая прыплывае з Нёмана нерасціцца. Але да гэтага відаць нікому няма справы.

Сюды ступіла нага “чалавека”…

Сёлета Анатолій Альхімёнак звярнуўся з гэтай праблемай у рэдакцыю “Народнай Волі”. І вось мы на ўскрайку Гледавічаў, якраз у тым месцы, дзе Нёман злучаецца трубой дыяметрам прыкладна ў адзін метр з штучным вадасховішчам, якое агібае ўсю вёску. Вадасховішча насамрэч уражвае сваёй велічынёй, асабліва калі глядзіш на яго з гары – мора. Яно з’явілася некалькі гадоў таму, калі на Нёмане збудавалі ГЭС.

А вось спусціўшыся ўніз бліжэй да вады, у вочы кідаецца іншае: антысанітарыя на беразе. Пустыя бутэлькі, смецце, харчовыя і іншыя адходы, пластык, дагарэўшыя кастрышча… Цяжка нават уявіць, што людзі, якія так часта прыязджаюць сюды вудзіць рыбу, могуць такое пасля сябе пакідаць, а потым ізноў вяртацца да гэтага смецця і праводзяць тут па некалькі гадзін.

Хто абароніць рыбу, якая ідзе на нераст?
Так дзякуючы рыбакам выглядае тэрыторыя вакол месца,
дзе Нёман па трубе злучаецца са штучным вадасховішчам. Фота аўтара

Вось дзе сапраўдная нагода для беларускіх тэлеканалаў паказаць як насамрэч выглядае наша прыгожая і чыстая Беларусь. Ёсць жа напэўна і гаспадары на гэтай зямлі. Хай бы сталі героямі рэпартажаў.

Сталы жыхар Гледавічаў, які праходзіць побач, заўважыўшы, што я фатаграфую гарбы са смеццем, вітаецца і кажа, што яшчэ праз тыдзень, як рыба пойдзе масава на нераст, тут вырастуць новыя горы смецця і цяжка пры гэтым уздыхае.

Тэхналогія браканьераў

Анатолій Іосіфавіч паказвае рыбакоў, якія паводле яго, сядзяць на той самай трубе, якая злучае Нёман і вадасховішча. Самой трубы не відаць, яна засыпана зямлёй і парасла травой. Сёння іх пакуль не шмат, паводле мужчыны, але калі рыба ўжо нерасціцца, то бывае, што па 10 чалавек сядзіць з аднаго і другога боку трубы.

Хто абароніць рыбу, якая ідзе на нераст?
На месцы, дзе сядзяць рыбакі праходзіць труба з Нёмана ў вадасховішча. Фота аўтара

“На дне ў вадзе перад трубой ляжыць грузік, вышэй сантыметраў 10 на лесцы прывязаны кручок-трайнік і маленькі паплавок. І чалавек з вудай на беразе сядзіць нібыта, як рыбак, – тлумачыць тэхналогію браканьераў Альхімёнак. – Рыбіна ідзе на нераст з Нёмана ў вадасховішча, паколькі тут вада цяплейшая, не глыбока. У гэтага так званага рыбака, калі леска заварушыцца, ён пачынае падсякаць рыбіну. Багруе яе за жывот, за хвост, за што зачэпіць і цягне, як папала”.

Рыбіну паводле Анатолія Іосіфавіча выцягваюць часам да 10, а нават і болей кілаграмаў, закручваюць яе ў цырату і адразу хаваюць воддаль ад гэтага месца. У некаторых выпадках адразу чысцяць і рэжуць на кавалкі, каб потым інспекцыя не магла нічога прад’явіць.

Спадар Альхімёнак кажа, што многія мясцовыя людзі і нават прыезджыя рыбакі неаднойчы абураліся такой лоўляй, прасілі спыніць баграванне, але ўсе гэтыя размовы безвыніковыя – іх ніхто ні хоча слухаць.

“Я неаднойчы тэлефанаваў на нумары гарачай лініі прыродаахоўных інспекцый ў Мастах, у Гродне, у Мінску, – тлумачыць Анатолій Іосіфавіч. – Хадзіў некалькі разоў на прыёмы да начальства, выклікалі мы тут журналістаў з Гродна, але ўсё безвынікова”.

Дастаткова паставіць знак: лоўля рыбы забаронена

Анатолій Іосіфавіч кажа, што браканьерствам тут займаюцца адныя і тыя людзі, якія прыязджаюць у гэта месца, як на працу, і сядзяць у перыяд нерасту цэлымі днямі.

Самае крыўднае, са слоў майго суразмоўцы, што дзеля таго, каб спыніць такую варварскую рыбалку, шмат ня трэба нават з боку прыродаахоўных інспекцый.

“Дастаткова па перыметру ў гэтым месцы выставіць забаронныя знакі на лоўлю рыбы, скажам на перыяд трох месяцаў, – прапаноўвае Альхімёнак. – На гэта не трэба вялікіх затрат, але колькі рыбы зможам уратаваць…”.

Паперу напісалі, але справа не зрушылася…

У абласной Дзяржінспекцыі абароны жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі ведаюць пра гэтую праблему. Намеснік начальніка інспекцыі Аляксандр Анішчанка патлумачыў “Народнай Волі”, што летась некаторыя рыбакі менавіта ў гэтым месцы былі аштрафаваныя за парушэнні правілаў лоўлі рыбы падчас нерасту.

Інспекцыя, з яго слоў, яшчэ летась у маі накіравала прапановы ў абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з тым, каб яны ў сваю чаргу ініцыявалі перад Міністэрствам прыродных рэсурсаў забарону на лоўлю рыбу ў гэтым месцы. Паводле заканадаўства, такімі паўнамоцтвамі валодае толькі само міністэрства.

“Мы, дарэчы, абгрунтавалі патрэбу ў забароне там рыбалкі на перыяд нерасту, але пакуль такое рашэнне не прынята”, – падкрэсліў намеснік начальніка абласной дзяржінспекцыі.

І вось на гэтым ланцужок абрываецца. У абласным камітэце прыродных рэсурсаў загадчык аддзела Дзмітрый Лебедзеў адказаў “Народнай Волі”, што такога пісьма ён не памятае.

У Мінпрыроды таксама пацвердзілі, што падобнага пісьма з Гродзенскай вобласці не маюць. Кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды праз прэс- сакратара зазначыў для “Народнай Волі”, што ў выпадку, калі ў міністэрства паступяць прапановы ад Дзяржаўнай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі аб устанаўленні забароны на аматарскае рыбалоўства на дадзеным участку ракі, то Мінпрыроды разгледзіць яго ва ўстаноўленым парадку.

І рашэнне аб забароне будзе прынята пасля ўзгаднення з НАН Беларусі, Гродзенскім аблвыканкамам і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі, а таксама па выніках публічнага абмеркавання дадзенай забароны ў інтэрнэце на сайце “Прававы форум Беларусі”.

Вось так – ні больш і не менш. А гэта значыць, пакуль пададуць прапановы, пакуль разгледзяць і абмяркуюць, то і чарговы нераст закончыцца. І колькі рыбы ў выніку гэтага згіне і не з’явіцца новай ніхто, канечне, падлічваць не будзе.

Ды і ці падасць хто-небудзь сёлета гэтыя прапановы?

Поделиться: